Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебскія школьнікі прапануюць стварыць музэй паэмы “Тарас на Парнасе”.


Браніслава Станкевіч, Віцебск Прычым юныя краязнаўцы з клюбу “Спадкаемцы”, які дзейнічае пры аддзеле беларусазнаўства віцебскага абласнога аб’яднаньня пазашкольнае працы, ня толькі выказалі прапанову пра стварэньне музэя паэмы, але і распрацавалі адпаведны праект. Ён, дарэчы, перамог на конкурсе “Нам засталася спадчына”, абвешчаным грамадзкім аб”яднаньнем “Беларускі Зялёны Крыж”, у намінацыі “Найлепшая ідэя”.

Увогуле над праектам музэю паэмы "Тарас на Парнасе" віцебскія школьнікі – удзельнікі клюбу “Спадкаемцы” – працавалі не адзін год. Кіраўніца клюбу Людміла Беліцкая паказала мне некалькі тамоў самых розных матэрыялаў, над якімі дзеці працавалі пяць з паловай гадоў. Зрэшты, шмат каго з аўтараў праекту дзецьмі ўжо й не назавеш: за гэты час яны паступілі ва ўніверсітэты, пайшлі працаваць або перайшлі ў старэйшыя клясы. Зараз у праект музэя ўваходзяць ягоны плян, этнаграфічныя экспанаты, ілюстрацыі больш як да 50-ці ўрыўкаў з паэмы, слоўнікі крылатых выразаў з твору (памятаеце: “Ляцеў, ляцеў, як сьлізгануўся, аж стала зелена ўваччу!”). Асобна складзены зборнік народных песьняў, танцаў ды гульняў, якімі, як вы ведаеце, забаўляюцца багі на Парнасе. Ёсьць нават кніга рэцэптаў боскіх страваў, якімі давялося пачаставацца Тарасу на Парнасе. Адным словам, Людміла Беліцкая гаворыць, што музэй можна ўжо будаваць, і што кожнаму экспанату там знойдзецца месца.

(Беліцкая: ) “Мы зь дзецьмі селі і пачалі разважаць: які музэй мы б хацелі стварыць, і што ў ім можна было б убачыць. Мы не жадалі ніякага афіцыёзу! І дзеці выказалі такую ідэю: усю паэму перанесьці на сьцены ў выглядзе 51-го малюнка, выкананага ў выглядзе коміксаў з подпісамі. Вось так: звычайная сяланская хата. На левай ад уваходу сьцяне – выявы вёскі, Тараса, мядзьведзя – адным словам, увесь шлях Тараса да таго маманту, як ён трапіў у яму. Другая сьцяна – гэта ўзыходжаньне Тараса на неба. І на самай столі – Парнас і жыцьцё багоў на ім. Тая сьцяна, што застаецца за сьпіной, здаецца, ніяк не выкарыстоўваецца, і мы вырашылі пакласьці там слоўнікі ды даведнікі – для расейскіх экскурсантаў”.

Амаль 150 год навукоўцы спрачаліся пра тое, хто ёсьць аўтарам ананімнай паэмы “Тарас на Парнасе”. Цяпер найчасьцей схіляюцца да меркаваньня дасьледчыка Генадзя Кісялёва, які даводзіць, што напісаў паэму Канстанцін Вераніцын, які нарадзіўся ў вёсцы Астраўляны Віцебскага павету, цяпер гэта Гарадоцкі раён.

Таму й музэй паэмы “Тарас на Парнасе” віцебскія школьнікі прапануюць стварыць у райцэнтры Гарадок.

Краязнаўчы музэй у Гарадку мае вельмі мала экспанатаў, прысьвечаных паэме “Тарас на Парнасе”. Затое, як распавёў мясцовы краязнаўца, настаўнік Леанід Гаравы, тры гады таму ў музэйным дворыку адкрыты помнік Тарасу – адзіны на Беларусі. Да ідэі стварэньня ўласнага музэю, прысьвечанага паэме, усе жыхары Гарадка, на думку спадара Гаравога, паставіліся б з вялікай прыхільнасьцю. Толькі вось афіцыйнага адказу ад музэя на адрас Людмілы Беліцкай, якая даслала туды апісаньне дзіцячага праекту, пакуль што няма.

Таму цяпер спадарыня Беліцкая прапануе правесьці грамадзкае абмеркаваньне як праекту музэя паэмы “Тарас на Парнасе” , так і самой ідэі пабудовы такога музэя ў Гарадку. Заўвагі прымае віцебскі клюб “Спадкаемцы” і сама Людміла Беліцкая (па электроннай пошце, на адрас belitskaja@rambler.ru)
XS
SM
MD
LG