Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча аднавіць гандаль з Іракам


Валер Каліноўскі, Менск Пасьля падзеньня рэжыму Садама Хусэйна гандлёвыя сувязі Беларусі з Іракам рэзка скараціліся, а сёлета, паводле афіцыйных зьвестак, у Ірак не было ніякіх таварных паставак зь Беларусі. Да пачатку ірацкай вайны Беларусь актыўна асвойвала ірацкі рынак, і цяпер афіцыйны Менск разьлічвае аднавіць гандаль з гэтай краінай пры новай уладзе.

Да пачатку вайсковых дзеяньняў у Іраку штогадовыя пастаўкі беларускіх тавараў у гэтую краіну складалі 60-70 мільёнаў даляраў на год.

Паводле зьвестак МЗС Беларусі, за 1999–2003 гады ў рамках праграмы ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне” ў Ірак было экспартавана беларускіх тавараў на 200 мільёнаў даляраў.

Беларусь пастаўляла ў Ірак свае аўтамабілі й трактары, мэталапракат, прадукцыю хімічнай прамысловасьці, ажыцьцяўляла шэраг інвэстыцыйных праектаў.

Акрамя таго, афіцыйны Менск увесь час падазравалі ў продажы ўзбраеньняў рэжыму Садама Хусэйна. Былы інспэктар ААН па раззбраеньні Іраку Чарлз Долфэр ацаніў даходы Беларусі ад нелегальных паставак зброі Іраку ў 114 мільёнаў даляраў. Афіцыйны Менск гэтага ніколі не прызнаваў.

Зь вясны 2003 году, калі войскі ЗША ўвайшлі ў Ірак, гандаль Беларусі з гэтай краінай пачаў імкліва зьніжацца. Гаворыць афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Марыя Ваньшына:

(Ваньшына: ) “Гандлёва-эканамічныя апэрацыі складаліся галоўным чынам з дадатковых раней паставак запасных частак да трактараў і аўтамабіляў, прададзеных у рамках праграмы ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне” і насілі фрагмэнтарны характар”.

Паводле МЗС Беларусі, сёлета пастаўкі беларускай прадукцыі ў Ірак практычна не ажыцьцяўляліся. Аднак Беларусь зацікаўленая ў аднаўленьні ўзаемавыгаднага гандлю з Іракам, паведаміла Марыя Ваньшына. Сёлета Менскам былі адноўленыя кантакты з Гандлёва-прамысловай палатай Багдаду.

(Ваньшына: ) “З улікам складанай унутрыпалітычнай сытуацыі ў Іраку цяпер беларускім бокам вывучаюцца варыянты гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Іракам праз трэція краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG