Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва Эўразьвязу падтрымала Беларускі Хэльсынскі камітэт


Алег Грузьдзіловіч, Менск У лісьце старшынства Эўразьвязу рашэньне аб паўторным пераглядзе справы БХК у Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі названа “палітычна матываваным наступам”.

Эўразьвяз падтрымаў Беларускі Хэльсынскі камітэт, якому неўзабаве прыйдзецца зноў паўстаць перад Вышэйшым гаспадарчым судом Беларусі. Нагадаю, у пачатку кастрычніка было адмененае судовае рашэньне, паводле якога з БХК зьнялі прэтэнзіі ў нявыплаце амаль 90 тысяч даляраў падаткаў з міжнароднай дапамогі, якую праваабаронцы атрымалі ў 2002-2003 гадох.

27 кастрычніка Вялікабрытанія, якая старшынюе ў Эўразьвязе, ад імя краін-удзельніц распаўсюдзіла ліст адносна справы Беларускага Хэльсынскага камітэту. Тое, што справу мусяць перагледзіць, кваліфікавана як “палітычна матываваны наступ “.

Таксама ў лісьце Эўразвязу зьмешчаны заклік да беларускіх ўладаў “спыніць кампанію перасьледу і выконваць свае міжнародныя абавязацельствы”.

Выканаўчы дырэктар БХК Алег Гулак у камэнтары для Радыё Свабода выказаў задаволенасьць падтрымкай Эўразьвязу.

(Гулак: ) “У дакумэнце высока ацэненая наша праца, з аднаго боку. А з другога, бачна, што ў Эўропе пільна сочаць за нашымі падзеямі. Мы лічым, што гэта цалкам адэкватны сытуацыі дакумэнт. Спадзяюся, што гэты голас Эўрапейскай супольнасьці будзе пачуты і нашымі ўладамі”.

Палітыка беларускіх уладаў адносна грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі атрымала ў лісьце вельмі жорсткую адзнаку. “Мы застаёмся занепакоенымі перасьледам грамадзянскай супольнасьці. Падзеі 2005 году прадэманстравалі, што Беларусь значна адышла ад дэмакратычных прынцыпаў, якія падзяляюць краіны Эўропы”, – сказана ў лісьце Эўразьвязу.

Чаму Вышэйшы гаспадарчы суд вырашыў перагледзіць сваю ранейшую пазыцыю, якая была на карысьць БХК?

Паводле зьвестак, ўжо пасьля першага рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суда справа БХК нібыта абмяркоўвалася на адной з нарадаў у прэзыдэнта Беларусі. Мяркуецца, што там і было прынятае рашэньне прымусіць праваабаронцаў заплаціць падаткі зь міжнароднай дапамогі ў межах праграмы Эўразьвязу ТАСІС ды іншых праграмаў.

Між тым раней Беларусь абавязалася не абкладаць гэтую дапамогу падаткамі. Я паспрабаваў даведацца, ці сапраўды на нарадзе ў прэзыдэнта абмяркоўвалася справа БХК? Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі заявіў, што яму нічога невядома пра такую нараду. Камэнтаваць прэтэнзіі на адрас беларускага кіраўніцтва, выказаныя ў лісьце Эўразьвязу, Павал Лёгкі адмовіўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG