Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не дазволілі правесьці зьезд ТБМ у Доме літаратара


Валянціна Аксак, Менск На нядзелю 30 кастрычніка заплянаваны чарговы дзявяты зьезд Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны, аднак дзе ён адбудзецца, да гэтага часу невядома. Заяўку на арэнду вялікае залі Дому літаратара гаспадарчае ўпраўленьне кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, якому належыць цяпер гэты будынак, не задаволіла.

На зьезд абрана каля ста пяцідзесяці дэлегатаў з розных рэгіёнаў краіны, а таксама з замежных суполак Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны.

На сёньня ТБМ – гэта самая масавая грамадзкая арганізацыя абаронцаў нацыянальных каштоўнасьцяў. Дэлегаты зьезду будуць прадстаўляць сямітысячныя шэрагі афіцыйна зарэгістраваных сяброў таварыства ў Беларусі і трыста замежных грамадзянаў.

Зьезд справаздачна-выбарчы, аднак на ім плянуецца прыняцьцё некалькіх дакумэнтаў па надзённых праблемах. Гаворыць старшыня ТБМ Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Плянуем прыняць заяву аб стане беларускага тэлебачаньня, другая – пра неабходнасьць адкрыцьця нацыянальнага унівэрсытэту з выкладаньнем па-беларуску, зварот да ўдзельнікаў будучых прэзыдэнцкіх выбараў наступнага году, да Эўракамісіі, каб “Дойчэ вэле” па-расейску ня ішло, і аб стане беларускай мовы на сёньняшні дзень”.

Чарговы зьезд ТБМ арганізатары меркавалі правесьці ў вялікай залі Дому літаратара, аднак, як паведаміў нам Алег Трусаў, атрымалі адмову.

(Трусаў: ) “Далі заяўку загадзя за паўтары месяцы і атрымалі адказ, што на 30-га заля занятая іншым мерапрыемствам”.

Дзе будзе праводзіцца чарговы зьезд ТБМ, на сёньня шырокай грамадзкасьці арганізатары не паведамляюць, перасьцерагаючыся, кажа старшыня ТБМ, мажлівых правакацыяў.

(Трусаў: ) “Правакацыі могуць быць. Вось сёньня нам ужо дзьверы пабілі – нехта камень кінуў, перад гэтым шыльду. Таму мы спэцыяльна не даем нідзе ніякай інфармацыі, каб усялякія "нацыянал-бальшавікі" не хадзілі і шкоды не рабілі”.
XS
SM
MD
LG