Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні адключаны Першы канал польскага тэлебачаньня


Сяргей Астраўцоў, Горадня У тэлевізарах гарадзенцаў замест першай праграмы Польскага тэлебачаньня — “TVP-1” нечакана зьявіўся іншы варшаўскі канал “Polsat”. Аднак гэтая зьмена закранула пакуль ня ўсіх жыхароў гораду. Першую праграму Польскага тэлебачаньня ў Горадні глядзяць здаўна. Нават за савецкім часам не было спробаў яе адключыць.

Як паведаміў дырэктар абласнога тэхніка-гандлёвага цэнтру “Гарант” Яўген Федарук, замена аднаго польскага каналу другім зроблена, каб вывучыць рэакцыю тэлегледачоў. У частцы дамоў, дзе прыём адбываецца непасрэдна на антэну, а не праз кабэль, па-ранейшаму ідзе першая праграма Польскага тэлебачаньня.

Упершыню пазбавіць гарадзенцаў польскага тэлебачаньня Міністэрства інфармацыі вырашыла напачатку 2004 году, тады ў “сацыяльным пакеце” засталіся толькі праграмы беларускія і расейскія. Праўда, да поўнага ажыцьцяўленьня гэтага пляну не дайшло.

Саюз палякаў тады накіраваў у Менск ліст з просьбай пакінуць канал “TVP-1”. Гэтым разам Міністэрства інфармацыі зрабіла інакш — яно прапанавала замяніць Першы канал грамадзкага тэлебачаньня на камэрцыйны “Polsat”, дзе менш інфармацыйных праграмаў.

Зь ліпеня ў Горадні працуе карэспандэнтка першага каналу Польскага тэлебачаньня ў Беларусі Агнешка Рамашэўска. Яна прыехала, каб асьвятляць канфлікт вакол Саюзу палякаў, але рыхтуе рэпартажы і на іншыя тэмы —напрыклад, паведамляла пра Кангрэс дэмакратычных сілаў у Менску, на якім быў абраны адзіны кандыдат ад апазыцыі для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Для Агнешкі Рамашэўскай замена “TVP-1” у Горадні “Polsat”-м таксама стала непрыемным сюрпрызам.

(Рамашэўска: ) “Я прыйшла дадому, хацела паглядзець, што адбывацца ў Польшчы, уключыла тэлевізар, і аказалася, што майго каналу няма. Спадзяюся, што гэта ня я спрычынілася да гэтага і не мае рэпартажы, бо я старалася ўвесь час паведамляць толькі праўду”.

Паводле Агнешкі Рамашэўскай, знаёмыя гарадзенцы ёй гаварылі, што польскае тэлебачаньне заўсёды было цікавае тым, што далучала да польскай культуры, яго глядзелі і шмат якія беларусы.

Тым часам “Polsat” паказвае мноства амэрыканскіх сэрыялаў, якія, як гавораць ёй гарадзенцы, існуе магчымасьць паглядзець на расейскай мове.

Агнешка Рамашэўска гаворыць, што раней ёй даводзілася перадаваць інфармацыю ў жывым эфіры і дзеля гэтага пераяжджаць мяжу на польскі бок — у Кузьніцу.

(Рамашэўска: ) “Але потым я стала пабойвацца перасякаць мяжу занадта часта, паколькі калегі мелі адмоўны досьвед: не зважаючы, што я тут дзейнічаю легальна, выконваю журналісцкую працу, мяне могуць аднойчы не ўпусьціць і нават не патлумачаць — чаму. У аднаго з калегаў было здарэньне: не зважаючы, што ён меў візу і акрэдытацыю, яго не ўпусьцілі ў Беларусь”.

Дарэчы, гэта быў карэспандэнт каналу “Polsat”, які таксама асьвятляў падзеі вакол Саюзу палякаў. Агнешка Рамашэўска падкрэсьлівае, што цяпер яна працуе спакойна, ніхто ёй не перашкаджае. Праўда, цяпер гарадзенцы ня змогуць бачыць яе рэпартажы.

Я пацікавіўся ў Саюзе палякаў, які прызнаюць беларускія ўлады, наконт стаўленьня да замены “TVP-1” “Polsat”-ам? Мне сказалі, што ім тэлефануюць тэлегледачы і наракаюць на такую замену, таму Саюз палякаў будзе нейк рэагаваць на гэта.
XS
SM
MD
LG