Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія пацеркі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 27 кастрычніка) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае гісторык, археоляг Алег Трусаў.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Калі мы ўважліва разгледзім беларускі народны жаночы касьцюм, дык адразу зьвернем увагу на нізкі караляў, якія жанчыны насілі на шыі. Насілі каралі — але залатыя, срэбраныя ці зробленыя з каштоўных камянёў, багатыя дамы з магнацкіх і шляхоцкіх родаў. Складаюцца каралі з асобных невялічкіх прадметаў зь дзірачкай пасярэдзіне, якія ў беларусаў называюцца пацеркамі. Аднак адкуль мы маем такое слова? Падобнае слова — “пацера” — раней абазначала малітву”.

(Алег Трусаў: ) “Гэтыя словы вельмі блізкія паводле паходжаньня, у іх агульны корань з лацінскай мовы. У аснове гэтага слова ляжыць назва галоўнай каталіцкай малітвы “Pater Noster” (“Ойча наш”). Насовіч у сваім слоўніку паведамляе, што слова “пацерка” сяляне запазычылі ў шляхты або ўніяцкіх сьветароў, і спачатку яно абазначала круглыя шарыкі манастырскіх чотак, па ліку якіх манахі чытаюць малітвы, а ксяндзы “Pater Noster”. Сынонімам слова “пацерка” Насовіч называе шкляныя каралькі рознага колеру”.

(Ракіцкі: ) “Цікава, а калі нашы продкі ўпершыню сталі насіць каралі?”

(Трусаў: ) “Вельмі даўно, яшчэ ў эпоху нэаліту — позьняга каменнага веку. Пацеркі тады рабілі з гліны, пладоў расьлін, ракавінак, гліны і іншых падручных матэрыялаў. Здаўна пацеркам надавалі магічную сілу. Асабліва пашырыўся асартымэнт пацерак у бронзавым веку, калі зьявіліся каляровыя мэталы і шкло”.

(Ракіцкі: ) “Калі і дзе зьявіліся менавіта шкляныя першыя пацеркі, і як яны трапілі ў Беларусь?”

(Трусаў: ) “Радзіма шкла — старажытны Эгіпет. Эгіпцяне і сталі масава вырабляць шкляныя пацеркі, якія разышліся па ўсім сьвеце. Першая вядомая нам эгіпецкая шкляная пацерка блакітнага колеру знойдзена ў Веткаўскім раёне каля мястэчка Юркавічы. Датуецца яна 15 стагодзьдзем да н.э. Падобныя пацеркі знойдзены і на тэрыторыі Польшчы. У гэты час нашы продкі ў асноўным мелі сьпіралепадобныя медныя і бронзавыя, сякерападобныя бурштынавыя і цыліндрычныя касьцяныя пацеркі”.

(Ракіцкі: ) “А калі ў Беларусі сталі шырока ўжываць менавіта шкляныя пацеркі?”

(Трусаў: ) “У раньнім жалезным веку на поўдні і паўдзённым усходзе сярод мілаградзкіх плямёнаў, суседзяў скіфаў. Гэта 3 стагодзьдзе да н.э. Археолягі знайшлі шмат шкляных непразрыстых (пaставых) і шмат дробных празрыстых пацерак на тэрыторыі Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў Гомельскай вобласьці”.

(Ракіцкі: ) “Як выглядалі гэтыя пацеркі?”

(Трусаў: ) “Паставымі археолягі называюць пацеркі зь непразрыстага “глушонага” шкла. Колеры такіх пацерак зялёныя, сінія, фіялетавыя, блакітныя і жоўтыя. Паводле формы — авальныя, бублікападобныя (археолягі называюць іх зоннымі), простакутныя, біканічныя і кветкападобныя”.

(Ракіцкі: ) “А ці былі на гэтых пацерках нейкія арнамэнты?”

(Трусаў: ) “Былі. Такія пацеркі называліся “вачкавaтымі”, бо мелі некалькі кругавых абводак кантрастнага колеру ніцьцю шкла па фоне буйной пацеркі, што стварае ўражаньне стылізаванай выявы вока. Формай яны нагадваюць бублік. Колеры — блакітны, фіялетавы, зялёны, жоўты і бірузовы”.

(Ракіцкі: ) “Дзе выраблялася гэтая прыгажосьць?”

(Трусаў: ) “У паўдзённых ці заходніх правінцыях антычнага сьвету. Адну майстэрню археолягі знайшлі на беразе Чорнага мора. Гэта Ягарлыцкая затока (цяперашняя Хэрсонская вобласьць Украіны). Пазьней антычнымі (рымскімі) пацеркамі карысталіся зарубінецкія плямёны, што зьмянілі мілаградцаў. Іх пацеркі былі з празрыстага і глухога шкла, малочна-белыя з пракладкай залатой фольгі і нават чорныя. Таксама былі пашыраныя сэрдалікавыя і гліняныя пацеркі”.

(Ракіцкі: ) “Калі шкляныя пацеркі зьявіліся ў непасрэдных продкаў беларусаў?”

(Трусаў: ) “Найбольш нашы продкі ўжывалі шкляныя, бронзавыя і сярэбраныя пацеркі ў 10—13 стагодзьдзях. Прычым, кожнае ўсходнеславянскае племя мела свае адметныя формы, па якіх археолягі і вызначаюць іх этнічныя прыкметы”.

(Ракіцкі: ) “Тры племені лічацца продкамі беларусаў — крывічы, радзімічы, дрыгавічы…”

(Трусаў: ) “Этнічнай прыкметай дрыгавічоў былі мэталёвыя шарападобныя буйназярнёныя пацеркі. Яны мелі суцэльны пусты корпус, на які былі напаяныя дробныя шарыкі (зернь). Першымі на гэтую прыкмету зьвярнулі ўвагу браты Тышкевічы ў 19 стагодзьдзі, бо такія пацеркі знайшлі ў курганах пад Лагойскам. Там жа, у адным з курганоў былі знойдзены дзесяць сэрдалікавых пацерак. Зрэдку ў курганах дрыгавічоў знаходзяць прыгожыя пацеркі з горнага крышталю. Крывічы любілі шкляныя пацеркі. Вырабляліся яны ў Сырыі, Бізантыі і Кіеве. Напрыклад, пры раскопках Ізьбішчанскага могільніку сабралі каля 7 тысяч пацерак 10 — пачатку 11 стагодзьдзя. Меліся прыгожыя каралі і ў жанчын з племені радзімічаў. Акрамя шкляных пацерак невялікіх памераў (зялёны бісер) у склад караляў уваходзілі пасрэбраныя і пазалачоныя прывескі, а таксама бронзавыя пацеркі. У адным з курганоў археолягі знайшлі каралі, што некалі складаліся з 198 дробных бронзавых пацерак. Іншыя каралі, знойдзеныя ў кургане каля вёскі Гадзілавічы, каралі некалі складаліся з 18 бронзавых званочкаў і 80 дробных пацерак”.

(Ракіцкі: ) “Дзе выраблялі гэтыя пацеркі, або ўсе яны прывазныя?”

(Трусаў: ) “Была і мясцовая вытворчасьць, бо пацеркамі аздаблялі адзеньне, скроневыя колцы, грыўні і бранзалеты. Некаторыя нізкі караляў налічвалі 100—400 асобных пацерак. Георгі Штыхаў знайшоў сьляды вытворчасьці сердалікавых пацерак у Віцебску, а бурштынавых — у Полацку. Выкарыстоўвалі мясцовыя ювэліры і празрысты кварц. Традыцыя вырабу бурштынавых пацерак існавала вельмі доўга. На тэрыторыі Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей гэтыя рэчы вырабляліся нават напачатку 20 стагодзьдзя”.

(Ракіцкі: ) “А дзе існавала шкляная вытворчасьць?”

(Трусаў: ) “У першую чаргу гэта Полацак, Віцебск і Наваградак, а крыху пазьней і Горадня. Так, у Полацку, у слаі, які датуецца 1244 годам, знайшлі адкіды вытворчасьці жоўтых бублікападобных і лімонападобных пацерак. Фрагмэнт даламітавай формы для адліўкі бублікападобных пацерак знайшлі ў Горадні. Дарэчы, для гарадзенскіх пацерак уласьціва цёплае, жаўтаватае адценьне, а для полацкіх — халодны зялёны колер. Гэта залежала ад мясцовай сыравіны, і асабліва — пяску”.

(Ракіцкі: ) “Які лёс пацерак у позьнім сярэднявеччы і ў новым часе?”

(Трусаў: ) “Іх па-ранейшаму носяць, асабліва сяляне і мяшчане. Не цураецца іх і шляхта, а таксама духавенства. Напрыклад, у 1770 годзе Антоні Тызэнгаўз у Горадні стварае Гарадзенскую каралеўскую мануфактуру пацерак. Традыцыю аздабляць адзеньне пацеркамі і мэталёвымі падвескамі беларусы захавалі да канца 19 — пачатку 20 стагодзьдзя. Пра гэта сьведчаць апісаньне этнографа Раманава:

“Дзяўчынкі, як правіла, носяць упрыгожаньні — пацеркі або “кралі”. На “маткі” пацерак або краль падвешваюцца медныя крыжыкі і абразочкі рознай велічыні. Калі няма пацерак, дзеці рэжуць на дробныя кавалкі сьцержні “блекота”, гарбуза, вадзянога белага гарлачыка, кветкі сасны — і гэта служыць ім маністай замест пацерак. Жанчыны насілі маністы з дробных і буйных пацерак. Яны вельмі цэняць бурштынавыя і каралавыя каралі, перадаюць іх у спадчыну”.

(Ракіцкі: ) “Сёньня дзе, у якіх музэях, можна пабачыць старадаўнія беларускія пацеркі? Ці ёсьць гэтыя зборы?”

(Трусаў: ) “Ёсьць, і найбольш цікавыя яны ў Гарадзенскім археалягічным музэі. Там ёсьць славутыя вачкаватыя пацеркі. Шмат пацерак ёсьць у Гомельскім абласным краязнаўчым музэі, у менскіх музэях. Гэта значыць, археолягі знаходзяць вельмі шмат, і яны трапляюць у калекцыі”.

(Ракіцкі: ) “Наколькі беларускія пацеркі адпавядалі тэндэнцыям эўрапейскай моды цягам стагодзьдзяў? Ці ўяўляюць беларускія пацеркі каштоўнасьць для эўрапейскай культуры? І ўвогуле, ці ёсьць яны ў калекцыях дзесьці на Захадзе?”

(Трусаў: ) “Натуральна, ёсьць. Звычай насіць пацеркі распаўсюджаны па ўсім сьвеце. Больш за тое, традыцыя прадаваць тубыльцам пацеркі была вядомая яшчэ ў час адкрыцьця Новага сьвету. За жменю пацерак у індзейцаў купілі выспу Мангэтан, на якой збудавалі Нью-Ёрк. Так што каляровыя пацеркі для плямёнаў, якія ня ведалі шкла, былі велізарным багацьцем. Нешта падобнае было і ў нас. Дарэчы, балты пацерак не насілі — у адрозьненьне ад славян. І гэта адразу відаць: дзе масава зьяўляюцца славяне, там масава знаходзіш пацеркі”.
XS
SM
MD
LG