Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Павал Севярынец стаў сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру


Вінцэсь Мудроў, Малое Сітна, Полацкі раён Паўла Севярынца, які адбывае “хімію” на адным зь лесапунктаў Полацкага раёну, прынялі ў Беларускі ПЭН-цэнтар. Гэтым самым адзначаны ягоны талент публіцыста і актыўная грамадзянская пазыцыя. Нядаўна выйшла з друку кніга Паўла Севярынца “Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі”.

Паколькі сам публіцыст варочае бервеньне на лесапункце, кіраўніцтва Беларускага ПЭН-цэнтру вымушанае было прыехаць у поўным складзе ў вёску Малое Сітна, дзе жыве Павал. Пры гэтым сама ўрачыстасьць прыёму ў пісьменьніцкую суполку адбывалася на беразе маляўнічага возера Ізмак. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Тут была дэлегацыя Беларускага ПЭН-цэнтру. Былі спадар Някляеў, спадар Баршчэўскі, спадар Уладзімер Арлоў, і мне было ўрачыста ўручана пасьведчаньне сябра Беларускага ПЭН-цэнтру. Адбылася такая, скажам, цырымонія прыёму ў шчыльнае кола аднадумцаў. За што я вельмі ўдзячны Беларускаму ПЭН-цэнтру”.

Згаданая арганізацыя пакліканая абараняць сваіх сябраў, і ёсьць спадзеўка, што кіраўніцтва ПЭНу распачне кампанію за вызваленьне Паўла Севярынца.

На гэтым тыдні “палітхімік” атрымаў адказ на свой запыт у справе пэрлюстрацыі ягонай асабістай карэспандэнцыі. Адказ даў начальнік Полацкага раённага вузла паштовай сувязі Генадзь Парамонаў.

(Севярынец: ) “Атрымаў адказ кіраўніка Полацкага раённага вузла паштовай сувязі Генадзя Парамонава, у якім ён паведаміў, што мая карэспандэнцыя ў Полацкім раённым вузьле не ўскрываецца, што пэрлюстрацыя ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з законам, але ў дачыненьні да мяне яна не прымяняецца. Ён абавязаў тых, хто працуе з маёй карэспандэнцыяй у Полацку і тут, у Малым Сітне, больш уважліва за ёю сачыць — каб яна даходзіла ў поўным аб’ёме, і гэтак далей… Ніякіх прабачэньняў не было, і ліст быў напісаны не на мове звароту. Гэта невялічкая заўвага да працы беларускай пошты”.

Сёньня ж “палітхіміка” перавялі на працу ў другую зьмену. Гэта, паводле ягоных словаў, сур’ёзна ўскладніць жыцьцё, бо на сон у такім выпадку застаецца ня больш за пяць гадзінаў.

(Севярынец: ) “Сёньня начальнік паведдаміў мне, што буду працаваць у другую зьмену. Усё б нічога, але гэта капітальна зьбівае жыцьцёвы графік. Таму што праца — да дванаццатай ночы, вяртаньне дахаты прыблізна а першай, а ў 6.30 усё адно трэба падымацца і адзначацца ў начальніка. Гэтую праблему мы будзем сёньня абмяркоўваць зь міліцыянтамі, якія прыедуць зь Ветрынскай папраўчай установы. Спадзяюся, што да нейкага нармальнага працоўнага графіку ўрэшце прыйдзем”.

Заўважу, што асуджаны за палітычную дзейнасьць публіцыст і грамадзкі дзеяч займеў у навакольлі ці малую папулярнасьць. Сьведчаньне таму — верш, якія я пачуў сёньня на лесапункце, і які прысьвечаны Паўлу Севярынцу:

Ды я Малога Сітна не баюся — Яно ж часьцінка Полацкай зямлі, Дзе я цяпер для роднай Беларусі Яловы лес складаю ў штабэлі.
XS
SM
MD
LG