Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Казлоўскі: “Беларускае войска ня створанае для нападаў”


Алесь Дашчынскі, Менск Прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус не выключае, што “войска Лукашэнкі можа напасьці на маленькую прыбалтыйскую дзяржаву”. Паводле літоўскага прэзыдэнта, Расея, якая з 1940 да 1990 году акупавала Літву, цяпер уяўляе пагрозу толькі з эканамічнага пункту гледжаньня. Але зусім іншая сытуацыя зь Беларусьсю, зь якой Літва мае 800 кілямэтраў агульнай мяжы, сказаў Валдас Адамкус. Як успрымаюць гэтыя заявы літоўскага прэзыдэнта ў Менску?

Палітыкі адзначаюць той факт, што заява прэзыдэнта Літвы зьявілася празь некалькі тыдняў пасьля сустрэчы літоўскага прэм’ера Альгірдаса Бразаўскаса зь беларускім кіраўніком ураду Сяргеем Сідорскім у Вільні. Былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў зважае, што падобныя заявы сьведчаць пра пагаршэньне літоўска-беларускіх палітычных адносінаў.

(Саньнікаў: ) “Так бывае, што агучваюцца даволі жорсткія заявы, а гандаль і ўвогуле эканамічныя сувязі разьвіваюцца і нават пашыраюцца на карысьць такіх рэжымаў, як Лукашэнкаў”.

Андрэй Саньнікаў мяркуе, што напад Беларусі на Літву наўрад ці сёньня магчымы.

(Саньнікаў: ) “Калі б нават хацелі беларускія ўлады ці разам з расейскімі ўладамі нешта зрабіць, то гэта можа быць зроблена ў выглядзе правакацыі. Па-першае, гэта ўжо не Літва, а НАТО. НАТО сустрэне гэта адпаведным чынам. А чаму ўзьнікаюць такія сытуацыі? Эўрапейскія дзяржавы турбуе тое, што адбываецца ў Беларусі, і яны бачаць пагрозу наагул у існаваньні такой сытуацыі, такога рэжыму ў Беларусі. Гэта пагроза разьвіцьцю нармалёвых адносінаў”.

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі сумняецца, што можа быць простае ўварваньне зь беларускага боку ў Літву.

(Казлоўскі: ) “Само войска не падрыхтавана для гэтага. Беларуская армія сама ня боегатоўная. Таму гэта я выключаю. Але правакацыйная палітыка рэжыму Лукашэнкі можа справакаваць нейкі канфлікт з суседзямі, з прыбалтыйскімі і іншымі”.

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (“Грамада”) Аляксандар Казулін зьвяртае ўвагу на непрадказальнасьць палітыкі афіцыйнага Менску, які культывуе вобраз ворага:

(Казулін: ) “Калі ты пастаянна культывуеш гэты вобраз у масавай сьвядомасьці, то міжволі пачынаюць узьнікаць апасеньні ў суседзяў. Гэта робіцца сьвядома, каб людзі ў краіне трымаліся за адзінага выратавальніка, безь якога ўвесь сьвет рухне. Гэта ўбіваецца ў галовы, каб людзі іначай ня думалі”.

Старшыня Камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Анатоль Белашэўскі ўпершыню пачуў, што літоўскі прэзыдэнт заявіў аб магчымым нападзе беларускага войска на Літву.

(Белашэўскі: ) “На беларускай мове кажучы, усё гэта хлусьня. Такія заявы можа зрабіць толькі такі чалавек, які ў гэтых пытаньнях зусім не разьбіраецца, хаця пра гэтага чалавека, якога вы назвалі, такога ня скажаш”.

Паводле начальніка прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі Паўла Лёгкага, выказваньні літоўскага прэзыдэнта “абсалютна беспадстаўныя”:

(Лёгкі: ) “Няхай агучаць нейкую сваю фактуру, аргумэнты. Краіна праводзіць палітыку, накіраваную на ўмацаваньне міру і добрасуседзтва ў рэгіёне. Няхай гэта застанецца на сумленьні кіраўніка літоўскай краіны. Я ня думаю, што ім трэба надаваць сур’ёзнае значэньне”.

Кіраўнік прэсавай службы Міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык заявіў:

(Раменьчык: ) “У нас армія створана і рэфармавана ня дзеля таго, каб на некага нападаць, а дзеля таго, каб не нападалі на нас. Ніякай гаворкі пра агрэсіўныя намеры не вялося, не вядзецца і ніколі ня будзе весьціся”.

Гл. таксама • Прэзыдэнт Літвы не выключае, што войска Лукашэнкі можа атакаваць Літву • Журналіст "Die Welt": Літоўскі прэзыдэнт зрабіў гэтую заяву цалкам сур''ёзна • "Цяжка паверыць, што ў Беларусі хтосьці хацеў бы напасьці на Літву" • В.Адамкус рэзка скрытыкаваў Нямеччыну за палітыку адносна афіцыйнага Менску
XS
SM
MD
LG