Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Frankfurter Allgemeine”: “Літоўскі прэзыдэнт крытыкуе Эўразьвяз за пазыцыю адносна Беларусі”


Алена Струвэ, Менск Нямецкая прэса працягвае асьвятляць візыт літоўскага прэзыдэнта ў гэтую краіну. Вялікае месца ў публікацыях займаюць выказваньні Валдаса Адамкуса адносна палітычнага разьвіцьця ў Беларусі.

Як піша “Frankfurter Allgemeine”, прэзыдэнт Адамкус гаворыць з пэўнай трывогай пра суседнюю Беларусь, якую зьвязваюць зь Літвой 600 кілямэтраў агульнай мяжы. “Калі прачынаесься, ніколі ня можаш сказаць, што адбываецца па той бок мяжы”, — кажа ён. Паводле ягоных словаў, справа нават можа дайсьці да ваеннай агрэсіі. “Я ня быў бы гэтым зьдзіўлены, улічваючы тое, што Лукашэнка робіць у сваёй краіне. Гэта непрадказальна”, — кажа Адамкус.

Літоўскі лідэр спадзяецца, што Лукашэнка ўсьвядоміць, што агрэсіўныя дзеяньні супраць суседзяў мелі б драматычныя наступствы. “Гэта — наша псыхалягічная бясьпека”, — заявіў Адамкус.

“Frankfurter Allgemeine” прыводзіць словы Адамкуса наконт таго, што “напярэдадні маючых адбыцца беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў унутры гэтае краіны працягвае ўзмацняцца палітычны ціск”. Літоўскі кіраўнік заклапочаны тым, што пакуль Эўразьвяз так і ня даў ацэнкі гэтай сытуацыі. “Магчыма, існуе меркаваньне, што дыктатура ў асобнай краіне не пагражае дэмакратыі ў Эўропе” Паводле прэзыдэнта Адамкуса, Літва “будзе працягваць падтрымліваць дэмакратыю ў Беларусі, як гэта мела месца з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам, які пасьля ягонага закрыцьця Лукашэнкам у Менску быў зноў адчынены ў Вільні. Тут цяпер ужо атрымліваюць адукацыю 700 студэнтаў зь Беларусі”.

У размове з “Frankfurter Allgemeine” Валдас Адамкус таксама адзначыў, што мае пэўныя чаканьні ў зьвязку з абраньнем новага ўраду ў Нямеччыне. Ён спадзяецца, што не расчаруецца ў канцлеры Ангеле Мэркель. “Яна ведае камуністычную сыстэму і ў гэтым зьвязку мае іншы погляд на Расею, чым Шродэр”.
XS
SM
MD
LG