Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ заяўляе пра магчымую ваенную інтэрвэнцыю ў Беларусь (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск “Асноўным аб’ектам памкненьня спэцслужбаў замежных краінаў, прынамсі, амэрыканскіх, зьяўляецца дэстабілізацыя сытуацыі ў Беларусі. Выпрацавана пэўная тактыка, ажно да інтэрвэнцыі”. Пра гэта паведаміў першы намесьнік старшыні КДБ Беларусі генэрал-маёр Васіль Дземянцей, які прадстаўляў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў законапраект “Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму”.

Паводле генэрал-маёра Дземянцея, спэцслужбы замежных дзяржаваў маюць намер дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі:

(Дземянцей: ) “Ёсьць шмат фактаў, якія сьведчаць пра тое, што асноўным аб’ектам памкненьня спэцслужбаў замежных краінаў, прынамсі, амэрыканскіх, зьяўляецца дэстабілізацыя сытуацыі ў Беларусі. Выпрацавана пэўная тактыка, ажно да інтэрвэнцыі”.

Першы намесьнік старшыні КДБ таксама паведаміў, што пэўныя сілы канцэнтруюцца ў некаторых суседніх краінах:

(Дземянцей: ) “Сёньня створаныя апорныя базы ўзьдзеяньня на Беларусь — гэта і СМІ, і кантроль, і сачэньне з боку Літвы і Польшчы. Сёньня яны спрабуюць уцягнуць у гэтую арбіту і Ўкраіну. Мабілізуюць усё. Аж да стварэньня пэўных групаў, якія ў пэўны момант будуць ажыцьцяўляць дзейнасьць па зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу ўсімі магчымымі спосабамі экстрэмісцкай дзейнасьці…”

У якасьці прыкладу генэрал-маёр КДБ назваў арганізацыі “Пора” і “Отпор”. Таксама ў гэтай сувязі першы намесьнік старшыні беларускага КДБ падкрэсьліў “жыцьцёвую важнасьць” прыняцьця закону “Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму”, які дапаможа “перашкаджаць дзейнасьці спэцслужбаў замежных дзяржаваў”.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі законапраект у першым чытаньні без абмеркаваньня.

Выказаную генэралам Дземянцеем магчымасьць інтэрвэнцыі ў Беларусь старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч назваў “глупствам”:

(Шушкевіч:) “Нічога такога ніхто нідзе ня чуў і ня бачыў. І я ня думаю, што гэта можа быць употай зроблена. Гэта тое ж самае, як Савецкаму Саюзу ўвесь час пагражаў інтэрвэнцыяй Захад. Мы ж бараніць мір так хацелі, каб ад яго каменя на камяні не засталося. Дык вось гэта тое ж самае, старыя савецкія догмы ды штампы — што нам пагражаюць інтэрвэнцыяй”.

Яшчэ адзін старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб падкрэсьлівае, што Беларусь — ня тая краіна, у якую магло б уварвацца замежнае войска:

(Грыб: ) “Думаю, што цяпер няма для гэтага ніякіх падставаў. Ня так краіны НАТО ды іншыя зацікаўленыя ў Беларусі, каб яны пайшлі на інтэрвэнцыю. Нафты ў нас кот наплакаў, газу таксама мала… Якую цікавасьць мы выклікаем? Няма ніякіх падставаў. Але ўлады ўсё гэта будуць раскручваць, каб перад выбарамі абвастраць сытуацыю”.

***

Міністэрства замежных справаў Польшчы пакуль не камэнтуе заяваў намесьніка старшыні беларускага КДБ аб тым, што на польскай тэрыторыі створаная “апорная база узьдзеяньня на Беларусь”. Прэсавы сакратар польскага МЗС Аляксандар Хэцька заявіў Радыё Свабода.

(Хэцька: ) “Сёньня ўжо позна выдаваць афіцыйную заяву ў гэтай справе. Я пакуль ня ведаю ўсіх падрабязнасьцяў, каб адназначна камэнтаваць гэтыя словы – трэба правесьці кансультацыі з адпаведным дэпартамэнтам міністэрства. На гэта патрэбны час. Магчыма, нашая рэакцыя на гэтыя заявы будзе заўтра”.
XS
SM
MD
LG