Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьбіраюцца ліквідаваць крамы duty free?


Ганна Соусь, Менск У Беларусі плянуецца амаль цалкам зьліквідаваць сыстэму крамаў бязмытнага гандлю д’юты-фры. З 52 дзейных крамаў, праўдападобна, могуць застацца толькі дзьве — у Нацыянальным аэрапорце “Менск-2” і крама д’юты-фры, якая абслугоўвае акрэдытаваных у Беларусі дыпляматаў.

Рыхтуецца ўказ прэзыдэнта аб ліквідацыі сыстэмы крамаў бязмытнага гандлю д’юты-фры. Пра гэта паведамляе “БелГазета”, спасылаючыся на свае крыніцы інфармацыі. Паводле прагнозу газэты, новы ўказ падтрымаюць імпартэры, паводле ацэнак якіх амаль палова алькагольнай прадукцыі, якая рэалізуецца праз крамы д’юты-фры, потым вяртаецца на ўнутраны рынак, у выніку чаго бюджэт Беларусі губляе штогод дзясяткі мільёнаў даляраў.

У Міністэрстве гандлю Беларусі ведаюць пра падрыхтоўку ўказу аб ліквідацыі сыстэмы крамаў д’юты-фры, аднак, як запэўнілі Радыё Свабода, Міністэрства гандлю не займалася падрыхтоўкай гэтага дакумэнту.

А як успрымаюць пэрспэктыву ліквідацыі ў саміх крамах д’юты-фры, якія зьяўляюцца, збольшага, прыватнымі структурамі? Вось як мне адказалі ў краме “Хелен і Валеры”:

(Супрацоўніца: ) “Гэтая страшная інфармацыя да нас дайшла. Так, чуткі былі, але афіцыйна нам нічога не даводзілі”.

А ў краме “Вайтнаўэр”, якая працуе ў Нацыянальным аэрапорце, сказалі, што ня будуць камэнтаваць ўказаў прэзыдэнта. А на пытаньне, якім чынам тавары з крамаў бязмытнага гандлю могуць трапіць на ўнутраны рынак, супраць чаго ў тым ліку і скіраваны адпаведны ўказ, супрацоўніца фірмы “Вайтнаўэр” спадарыня Аксана адказала:

(Аксана: ) “У прынцыпе, гэта нерэальна. Паколькі апроч усіх дзьвярэй, якія тут ёсьць, яшчэ за намі назіраюць усе мытныя службы. Мы выконваем усе законы Беларусі. Нас правяраюць і мытная служба, і Міністэрства гандлю”.

Між тым, назіральнікі адзначаюць, што на многіх памежных пераходах весьмі распаўсюджаная практыка, калі набытыя пры выезьдзе ў краме д’юты-фры сьпіртовыя напоі празь нейкі час увозяцца ў Беларусь. Трапляюць яны на ўнутраны рынак і іншымі шляхамі. Пры гэтым варта адзначыць, што цэны на імпартныя сьпіртовыя напоі ў крамах д’юты-фры ў некалькі разоў ніжэйшыя, чым у беларускіх крамах, тады як у тых жа суседніх Літве ці Польшчы розьніца ў цэнах паміж напоямі з д’юты-фры і зь мясцовых крамаў не такая істотная. Гэта зьвязана з памерамі акцызаў на гэтую прадукцыю. Гаворыць эканаміст Міхаіл Залескі:

(Залескі: ) “Цяпер усё скіравана на тое, каб выпівалі больш “Крыжачку” і беларускай гарэлкі. А каб купляць “Джэк Дэніэлз”, то гэта не для простых людзей. Рэжым крамы д’юты-фры дазваляе людзям, якія выяжджаюць з краіны, нешта купіць на больш спрыяльных умовах. Цяпер гэта хочуць адмяніць. Натуральна, што тым самым мы большы націск робім на нашу прамысловасьць, на ўнутраныя рэсурсы. Мы далей працягваем блытаць праграмы прыцягненьня інвэстыцыяў і імпартазамяшчэньня, мы блытаем праграмы разьвіцьця экспарту і імпарту”.

Як піша “БелГазета”, цяпер адміністрацыя прэзыдэнта падтрымлівае ідэю бязмытнага продажу беларускай гарэлкі праз сыстэму крамаў д’юты-фры. Раней яна рэалізоўвалася з выплатай акцызаў і ПДВ і таму карысталася невялікім попытам. Цяпер жа, паводле зьвестак “БелГазеты”, прапануецца экспэрымэнт — прадаваць у крамах д’юты-фры напой толькі аднаго беларускага вытворцы, гарадзенскага лікёра-гарэлачнага заводу — гарэлку “Люты”, на налепцы якой выява ашчэранага ваўка.
XS
SM
MD
LG