Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны паляк цяпер можа азнаёміцца з дасье спэцслужбаў на сябе


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Канстытуцыйны Суд Польшчы пастанавіў, што кожны грамадзянін краіны мае права азнаёміцца з матар’яламі камуністычных спэцслужбаў, якія ў часы Польскай Народнай Рэспублікі былі сабраныя на яго. Раней права пабачыць дакумэнты з уласнай справы мелі магчымасьць толькі асобы, якім Інстытут нацыянальнай памяці, дзе захоўваюцца архіўныя матар’ялы, надаваў гэтак званы статус “пацярпелых” ад перасьледу спэцслужбаў і навукоўцы.

Паводле рашэньня Канстытуцыйнага суду, права знаёміцца са зьместам справаў камуністычных спэцслужбаў атрымалі таксама і былыя супрацоўнікі і агенты гэтых спэцслужбаў – раней гэтыя людзі ня мелі такога права.

Суд спаслаўся на Канстытуцыю, якая гарантуе ўсім грамадзянам права доступу да дзяржаўных дакумэнтаў, якія непасрэдна іх тычацца, а таксама права рабіць заўвагі да гэтых дакумэнтаў, калі яны ўтрымліваюць непраўдзівую інфармацыю.

Адначасова Канстытуцыйны суд забараніў доступ да матар’ялаў спэцслужбаў журналістам, калі тыя не займаюцца навуковымі дасьледаваньнямі.

“Нельга ў гэтай справе ствараць катэгорыі грамадзянаў з асаблівымі прывілеямі, у тым ліку і журналістаў, бо гэта парушае канстытуцыйны прынцып роўнасьці грамадзянаў”, - заявіў старшыня Канстытуцыйнага суду Марэк Саф’ян.
XS
SM
MD
LG