Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасады ў спартовых фэдэрацыях страцілі Казулін, Жалязоўскі і Латыпаў


Ігар Карней, Менск Вынікам нядаўняй нарады Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі спартовых фэдэрацыяў сталі замены старшыняў апаратаў гэтых грамадзкіх арганізацыяў. Першымі “ахвярамі” прэзыдэнцкай крытыкі на адрас спартовых функцыянэраў сталі кіраўнікі фэдэрацый фрыстайлу і канькабежнага спорту — былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін і славуты беларускі канькабежац Ігар Жалязоўскі. А крыху раней пасады старшыні фэдэрацыі коннага спорту пазбавіўся былы кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў.

6 кастрычніка, падчас нарады з кіраўнікамі спартовых фэдэрацыяў Аляксандар Лукашэнка загадаў міністру спорту і турызму Ўладзімеру Грыгараву цягам месяца замяніць людзей, якія “займаюць высокія пасады, а справай не займаюцца”. І вось на гэтым тыдні ад кіраўніцтва адхіленыя былы рэктар БДУ, лідэр руху “Воля народу” Аляксандар Казулін і славуты канькабежац, шасьціразовы чэмпіён сьвету Ігар Жалязоўскі. Замест іх прызначаныя чыноўнікі зь Міністэрства фінансаў і Менгарвыканкаму.

Экспэрты называюць падобныя ратацыі зусім нелягічнымі. Фрыстайл і канькі — нямногія віды спорту, якія прыносяць мэдалі ў агульную скарбонку нацыянальнай каманды. Прыкладам, у неафіцыйным мэдальным прагнозе на Алімпіяду-2006 ад шасьці гіпатэтычных узнагародаў у фрыстайлістаў заплянаваныя дзьве. З гэтай нагоды я затэлефанаваў экс-кіраўніку фэдэрацыі фрыстайлу Аляксандру Казуліну.

(Казулін: ) “Тут трэба ўсё разумець: набліжаецца Алімпіяда, трэба, перадусім, пра каманду думаць”.

(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, вы нават тэарэтычна не дапускалі, што можаце суправаджаць у Італію каманду фрыстайлістаў?”

(Казулін: ) “Тэарэтычна ў нашай краіне можа быць што заўгодна. А практычна? Калі сытуацыя канкрэтная, то ўся тэорыя разбураецца аб жалезабэтонную практыку. Апроч усяго, маглі б узьнікнуць праблемы з падрыхтоўкай спартоўцаў, у якіхсьці іншых пытаньнях — гэта ж вы павінны разумець”.

Спэцыялісты не выключаюць, што бліжэйшая кадравая ракіроўка можа адбыцца ў фэдэрацыі біятлёну, якую ўзначальвае былы шэф КДБ Леанід Ерын (пасьля адхіленьня ад пасады старшыні КДБ Ерын зьехаў зь Беларусі). Кандыдатам №2 называюць кіраўніка Беларускай фэдэрацыі футболу, Дзяржсакратара Савету бясьпекі Генадзя Нявыгласа (на пару з трэнэрам зборнай Анатолем Байдачным). Праўда, футбольны трэнэр Леанід Гарай лічыць, што зьмены ў футболе якраз неабходныя — мікраклімат у зборнай не найлепшы.

(Гарай: ) “Хто яго ведае — можа, Байдачнаму ўсё лепш відаць. Можа, гульцы проста фізычна не падрыхтаваныя. Тады пытаньне — чаму не падрыхтаваныя. Дый у гэта я ня веру, бо разгар сэзону, яны павінны быць да ўсяго гатовыя. Рэч тут зусім не ў фізычнай падрыхтоўцы. Я днямі прачытаў інтэрвію Байдачнага, дзе ён кажа: “Што гэта за грошы — 3 тысячы даляраў за гульню?” Маўляў, хіба гэта грошы! Гэта ўжо ставіцца на першае месца. А гульцы гэта ж усё чытаюць, бачаць…”

Сярод іншых кадравых ракіровак можна згадаць адхіленьне ад кіраўніцтва Фэдэрацыяй коннага спорту Ўрала Латыпава. Ягонае месца заняў старшыня Менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч.

Хто яшчэ кіруе спартовымі фэдэрацыямі? Беларускую фэдэрацыю боксу ўзначальвае міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў, Фэдэрацыю баскетболу — адзін з чыноўнікаў КДБ Леў Піменаў, валейболу — старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Барыс Батура, гандболу — кіраўнік камісіі ў правах чалавека і СМІ Юры Кулакоўскі, Асацыяцыю гімнастыкі — міністар фінансаў Мікалай Корбут, Беларускі парусны саюз — кіраўнік памежнага ведамства Аляксандр Паўлоўскі, акадэмічнага веславаньня — старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч, стралковы саюз — міністар абароны Леанід Мальцаў, Тэнісную асацыяцыю — старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў, Беларускі цяжкаатлетычны саюз — кіраўнік Мытнага камітэту Аляксандар Шпілеўскі, Фэдэрацыю хакею на траве — намесьнік кіраўніка камісіі ў міжнародных сувязях з СНД Анатоль Красуцкі, Фэдэрацыю хакею — міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў
XS
SM
MD
LG