Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

27 кастрычніка 1430 году памёр вялікі князь Вітаўт


RFL/RL 27 кастрычника ў гісторыі Беларусі і сьвету

27 кастрычніка Дзень незалежнасьці адзначаецца ў Туркмэністане. Цікава, што калі ў нас галоўнае дзяржаўнае сьвята прызначанае на дзень вызваленьня Менску ад фашыстаў, дык у іх – на дзень абвяшчэньня Туркмэнскай ССР. Дарэчы, дыпляматычныя дачыненьні Туркмэністану зь Беларусяй былі ўсталяваныя толькі ў 1993 годзе.

27 кастрычніка 1430 году памёр вялікі князь Вітаўт, сярэднявечны кіраўнік нашага краю. Вітаўт кіраваў Вялікім Княствам Літоўскім амаль сорак гадоў і за гэты час ягоная дзяржава стала самай вялікай у Эўропе -- ад Балтыкі да Чорнага мора. Вялікі князь меўся стаць каралём і ў ягоную рэзыдэнцыю ўжо былі зьехаліся госьці з усяго сьвету. Але ў дзень каранацыі 80-гадовы Вітаўт памёр.

27 кастрычніка 1782 году нарадзіўся італьянскі скрыпач-віртуоз і кампазытар Мікола Паганіні. Усё ягонае жыцьцё было ахутанае таямніцамі й легендамі. Казалі, нібы ён граў на адной скрыпічнай струне, як на ўсіх. Казалі, што ён, самотны, памёр у жабрацтве ў Ніцы ад псыхічнай хваробы. Казалі таксама, што перад сьмерцю ён граў на скрыпцы, гледзячы на партрэт Байрана, што вісеў у яго над ложкам. Але большасьць дасьледчыкаў цяпер сьцьвярджаюць, што ён проста папярхнуўся пад час абеду й моцны кашаль задушыў яго.

27 кастрычніка 1837 году памёр гарачы прыхільнік Міколы Паганіні, беларускі музыка Міхал Гузікаў, родам са Шклова. Ён распрацаваў уласную мадэль ксыляфону на аснове беларускага народнага інструмэнту -- брусочкаў і гастраляваў зь ім у Аўстрыі, Нямеччыне, Бэльгіі й Францыі, выконваючы творы Паганіні, Вэбэра й Гумэля, а таксама беларускія народныя мэлёдыі.

27 кастрычніка 1911 году ў вёсцы Чаплічы, што на Случчыне, нарадзіўся Мікола Лобан, беларускі пісьменьнік і мовазнавец. Найбольш вядомыя ягоныя кнігі: трылёгія “На парозе будучыні”, “Гарадок Устронь” ды “Шэметы”. Мікола Лобан быў адным са складальнікаў “Правілаў беларускай артаграфіі і пунктуацыі“ і некалькіх слоўнікаў беларускай мовы.
XS
SM
MD
LG