Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Качыньскага -- супраць пашырэньня правоў нацменшасьцяў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 27 кастрычніка ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.

На першай паласе “Ніва’ зьмяшчае вялікі артыкул з загалоўкам “Беларускае грамадзка-культурнае таварыства (БГКТ) завалодвае музэем”. Гаворка ідзе пра беларускі музэй у горадзе Гайнаўка – адзін з найвялікшых беларускіх музэяў у сьвеце. Газэта піша, што БГКТ “уціхую правяло адпаведныя рашэньні праз суд і цяпер будзе мець будынак “у вечнае карыстаньне”.

“Ніва” падае ў гэтай справе словы прафэсара Аляксандра Баршчэўскага, былога старшыні БГКТ, які дамагаўся пабудовы музэю і зьбіраў на гэта грошы сярод беларусаў па ўсім сьвеце.

“Як старшыня БГКТ я быў той асобай, якая ад імя гэтай арганізацыі афармляла зямлю для Таварыства на пабудову музэю. Пасьля, я аднак прыйшоў да высновы, што музэй павінен належаць усім беларускім арганізацыям, а не адной. Разумею, аднак, што там дзе “нянек сем, там дзіця без носа”. Таму павінна паўстаць новая структура, якая б займалася гэтым асяродкам, напрыклад беларускае фальклёрнае ці этнаграфічнае таварыства”, - заявіў спадар Баршчэўскі.

“Ніва” не выключае, што справа аб тым, хто павінен быць уладальнікам Беларускага музэя ў Гайнаўцы, можа скончыцца ў судзе.

У матэрыяле “Прыйшло новае” публіцыст Мацей Халадоўскі піша пра вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, у якіх перамог Лех Качынські. На ягоную думку нацыянальныя меншасьці “могуць мець падставы для непакою”, бо партыя “Закон і справядлівасьць”, якую прадстаўляе Качыньскі і да якой належыць новы польскі прэм’ер, прыкладам, выступала супраць прыняцьця “Закону аб нацыянальных меншасьцях”, які даў меншасьцям даволі вялікія магчымасьці.

“Асабліва моцна прадстаўнікі гэтай партыі выказваліся супраць двухмоўных назваў населеных пунктаў і выкарыстаньня моваў меншасьцяў у дзяржаўных установах”, - адзначае спадар Халадоўскі.

Сёньняшняя “Ніва” піша таксама пра сьвяткаваньне саракавых угодкаў з дня адкрыцьця Комплексу школаў з дадатковым навучаньнем беларускай мовы што ў Бельску Падляскім. З нагоды юбілею Комплекс школаў атрымаў імя Яраслава Кастыцэвіча, які стаяў ля вытокаў беларускамоўнай адукацыі на Бельшчыне і, сярод іншага, як мяркуюць гісторыкі, ваяваў у войску Беларускай Народнай Рэспублікі пад кіраўніцтвам Станіслава Булак-Булаховіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG