Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Слуцку шукаюць багатага спадчыньніка амэрыканскага дзядзечкі


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускай незалежнай прэсы за 27 кастрычніка

“Камсамолка” прэзэнтуе ўсіх беларускіх палітыкаў, якія маглі б стаць прэзыдэнтамі ў 2006 годзе. Так, паводле газэты, за прэзыдэнткі фатэль зьбіраюцца пазмагацца танкіст і акадэмік, дыплямат і кінарэжысэр. У лік кандыдатаў такім чынам трапілі Аляксандар Казулін, Пётр Краўчанка, Уладзімер Колас і Сяргей Гайдукевіч, Васіль Лявонаў і Валер Фралоў, а таксама Аляксандар Вайтовіч.

“Брестская газета” піша пра праблемы дробных прадпрымальнікаў, зь якімі тыя зноў сутыкнуліся. Апавядае намесьнік галоўнага рэдактара выданьня Дзьмітры Паталятаў.

(Паталятаў:) Ёсьць адмысловы прэзыдэнцкі ўказ нумар 285, які быў абнародаваны колькі месяцаў таму, па якім індывідуальныя прадпрымальнікі да 1 лістапада павінны мець касавыя апараты ці перайсьці на сыстэму адрыўных талёнаў. Атрымліваецца так сёньня, што дзяржава ня можа забясьпечыць прадпрымальнікаў гэтымі талёнамі й квіткамі.

“Наша ніва” напярэдадні Дзядоў піша пра тое, як беларусы памінаюць сваіх продкаў. Так, перад Дзядамі абавязкова ішлі на могілкі, прыбіралі магілы, а ў хаце перад самым сьвятам мылі вокны. Вымытая й прыбраная хата чакае сваіх продкаў. На стале мусіць быць багата страваў, што сымбалізавалі спрадвечныя беларускія ўяўленьні пра сытасьць – кілбасы, кумпякі, сыры, сала. Памінальнай стравай лічылася куцьця, яе запраўлялі салам, або маслам, варылі халадзец, пяклі бліны. Сям-там памінальнай справай былі клёцкі, якія запраўлялі шкваркамі з цыбуляй ці сьмятанай.

А ў Слуцку шукаюць багатага спадчыньніка амэрыканскага дзядзечкі. Распавядае журналіст газэты “Инфо-курьер” Сяргей Багдашыч.

(Багдашыч:) Ня так даўно калегія адвакатаў разаслала ўсім случчанам з прозьвішчам Ёрш паведамленьне: нейкі Сэм Ёрш, памёрлы нядаўна грамадзянін ЗША, пакінуў спадчыну сваякам, якія жылі ў канцы дзевятнаццатага стагодзьдзя ў вёсцы Новы Двор. Гэта наш, Слуцкі раён. Ну й па горадзе пайшла чутка. Яршоў шмат, радавод свой ніхто ня ведае.

Рэдакцыя “Инфо-курьера” абзваніла вялікую колькасьць жыхароў гораду з прозьвішчам Ёрш. Пакуль сапраўды ніхто ня здолеў прыгадаць, ці былі ў іх сваякі, якія гадоў сто таму зьехалі ў Амэрыку.
XS
SM
MD
LG