Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Легендарны Мірон даў інтэрвію Беларускай Свабодзе


Браніслава Станкевіч, Віцебск Пошукі вінаватых у арганізацыі верасьнёўскіх выбухаў у Віцебску працягваюцца. Вінаватыя ў арганізацыі выбухаў, у выніку якіх больш за 40 чалавек былі параненыя і апынуліся ў шпіталі, будуць пакараныя на падставе артыкулу “Замах на жыцьцё двух і больш чалавек”, хаця спачатку іх учынак кваліфікаваўся як злоснае хуліганства. Такое самае абвінавачаньне 10 гадоў таму было выстаўленае і легендарнаму "Мірону", які ў 95-м годзе, пасьля рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі, вывесіў на Віцебшчыне, у райцэнтры Лёзна, бел-чырвона-белы сьцяг. Пасьля дзесяці гадоў маўчаньня чалавек, які назваўся тады Міронам, пагадзіўся даць інтэрвію нашаму Радыё.

Імя “Мірон” найчасьцей асацыюецца ў нашых сучасьнікаў менавіта з вывешваньнем бел-чырвона-белых сьцягоў у самых цяжкадаступных месцах, да прыкладу, на электрычных дратах пад напругай у некалькі дзесяткаў тысяч вольт. Побач са сьцягамі гэты чалавек іншым разам пакідае і цыдулкі патрыятычнага зьместу, падпісаныя імем Мірон. Аднак у той самы першы раз, калі 27-га траўня бел-чырвон-белы сьцяг залунаў над Лёзнам, да сьцяга была прымацавана яшчэ адна рэч, якая і адыграла сваю ролю, калі супраць "Мірона" заводзілі крымінальную справу. Пра гэта мне нагадаў віцебскі апазыцыяэр Барыс Хамайда, які ўжо даўно сочыць за дзейнасьцю Мірона і асьвятляе ягоныя акцыі ў сваёй газэце “Выбар”.

(Хамайда: ) “Калі зьявіўся той сьцяг над Лёзнам, гэта быў учынак – гераічны, я лічу, учынак аднаго чалавека. Але “Мірон” ня можа назваць свайго сапраўднага імя, ня можа паказаць свой твар, бо супраць яго была ўзбуджана крымінальная справа паводле артыкулу “Хуліганства”. Вось тады, у 1995-м годзе, разам зь бел-чырвона-белым сьцягам была такая скрыначка, на якой быў надпіс "Замініравана". Усе міліцыянты выйшлі, глядзелі і не наважваліся лезьці, каб зьняць той сьцяг, бо насамрэч баяліся, што там сапраўдная бомба!”

Калі тое, што распавёў Барыс Хамайда, суаднесьці з выбухамі ў Віцебску, то ў апошнім выпадку арганізатары й ня думалі папярэджваць нікога пра наяўнасьць выбуховага прыстасаваньня. І ўсё ж я запыталася ў Барыса Хамайды, ці ня можа той, хто называе сябе Міронам, мець дачыненьне да сапраўдных выбухаў, што адбыліся ў Віцебску 14-га і 22-га верасьня. Спадар Хамайда перакананы, што гэтага ня можа быць ні ў якім выпадку.

(Хамайда: ) “Я лічу, што нейкія радыкальныя сілы ў падпольлі і ёсьць, здатныя нешта такое зрабіць. Але справа Мірона – гэта нацыянальныя бел-чырвона-белыя сьцягі, а не цьвікі, ня шрубкі, і не чалавечыя ахвяры!”

І тым ня менш міліцыянты праводзілі ператрусы ў віцебскім моладзевым апазыцыйным асяродку, і забіралі пры гэтым знойдзеную літаратуру і бел-чырвона-белыя сьцягі, а не выбухоўку. А потым яшчэ прайшло, што адказнасьць за выбухі ў Віцебску ўзяла на сябе нейкае невядомае Беларускае нацыянальна-вызвольнае войска, да якога Мірон таксама ня мае дачыненьня. Мне давялося сустрэцца з чалавекам, які ўпершыню вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг ў Лёзьне, праўда, я ня бачыла ягонага твару, бо ён сядзеў да мяне сьпінай. Ён патлумачыў, навошта зрабіў так, каб у міліцыянтаў склалося ўражаньне, што да сьцяга прымацавана выбуховае прыстасаваньне.

(“Мірон”: ) “Разумеючы, што ўлады могуць вельмі хутка зьняць сьцяг, я пайшоў на хітрыкі: прымацаваў да сьцяга пустую мэталёвую скрынку і плякацік "Асьцярожна, выбуховае прыстасаваньне". Калі сьцяг быў заўважаны, сабралася ўся раённая адміністрацыя. Выклікалі міліцыю, прывезьлі стрэльбу, і маёр страляў па гэтай скрынцы і па сьцягу разоў, можа дзесяць. А афіцэр збоку падказваў – карэктаваў агонь. Урэшце маёр ніводнага разу ня трапіў, і афіцэр, былы дэсантнік, палез на комін і ўрэшце зьняў сьцяг”.

Паводле майго суразмоўцы, гэта быў адзіны выпадак, калі да сьцяга было прымацаванае папярэджаньне пра ўяўную небясьпеку. Бо ўвогуле Мірон дзейнічае толькі мірнымі мэтадамі, пра што і сьведчыць абранае ім імя.

(“Мірон”) “Мірон – гэта несапраўднае імя. Яно зьвязана крыху з маім радаводам. А другое, яно – ад слова “мір”, а што такое мір, тлумачыць, мусіць, ня трэба. Мірон заўсёды ідзе мірным шляхам”.

Напрыканцы можна дадаць, што неўзабаве на хвалях "Свабоды" прагучыць больш падрабязнае інтэрвію зь Міронам, прысьвечаная своеасабліваму юбілею – 10 год таму ён першы адкрыта выказаў пратэст супраць зьмены гістарычнай дзяржаўнай сымболікі.
XS
SM
MD
LG