Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць пра магчымы пераводзе ТЮГу на расейскую мову прадстаўнікі тэатральнай грамадзкасьці?


Іна Студзінская, Менск Мастацкая рада Тэатра юнага гледача прыняла рашэньне пра перавод тэатру на расейскую мову. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў і дырэктар тэатру – Юры Бутта, аднак ён зазначыў, што рашэньне мастацкай рады мае толькі дарадчы характар. А канчатковае рашэньне будзе за мастацкім і адімністрацыйным кіраўніцтвам.

Старшыня Саюзу тэатральных дзеячаў драматург Аляксей Дудараў дасьведчанасьцю Радыё Свабода быў зьдзіўлены. Ён таксама ціснуў на тое, што рашэньне мастацкай рады пакуль ня мае юрыдычнае сілы.

(Дудараў: ) “Гэта дарадчы орган. Яны могуць даваць парады якія заўгодна. Вырашаюць улады. Пра рашэньне такое ўлад я пакуль што ня чуў. Тое, на якой мове працаваць, вырашае той, хто гэты тэатар ствараў. А ў нас дзьвюхмоўе – зазірніце ў Канстытуцыю. Кожны можа і на беларускай мове стварыць тэатар, і на расейскай”.

Спадар Дудараў перакананы, што канчатковае рашэньне будзе прымаць кіраўніцтва, а ня нейкія групоўкі.

(Дудараў: ) “Я надта добра ведаю ўнутрытэатральнае асяродзьдзе. Яны вырашаюць самі што хочуць, як ім здаецца, здымаюць і ставяць сваіх мастацкіх кіраўнікоў, асабліва па грымёрках. Ёсьць тыя, хто кіруе тэатрам – я маю на ўвазе дырэкцыю, ёсьць тыя, хто дае грошы, і гэта вырашаць павінны яны, а не ўнутры нейкія групы ці пражэкцёры. Таму меркаваньняў у мяне на гэты конт няма”.

Вядомы беларускі паэт і драматург Анатоль Вярцінскі ўзгадаў, што Тэатар юнага гледача – адзін зь вядомых і аўтарытэтных у краіне па той прычыне, што тут працавалі беларускія пісьменьнікі: дырэктарам быў Артур Вольскі, загадчыкам літаратурнай часткі доўгі час працаваў Пятрусь Макаль. Меркаваньне Анатоля Вярцінскага.

(Вярцінскі: ) “Тэатар прывабліваў нас. У гэтым тэатры ставіліся п’есы беларускіх аўтараў: п’еса-казка старэйшага Вольскага, Віталя Вольскага “Жораў”. Прызнаюся, ставілася мая п’еса “Дзякуй, вялікі дзякуй”. Я думаю, вы здагадваецеся, якая мая рэакцыя на гэтую інфармацыю. Гэта, мякка кажучы, русыфікацыя так званай культурнай палітыкі. Дарэчы, яскравая ілюстрацыя да распаўсюджанага па ўсім горадзе біл-борду “Квітней Беларусь!” Беларусь будзе безь Беларусі, безь беларускай мовы, безь беларускага тэатру, безь беларускага рэпэртуару ў тэатры”.

Драматург, ляўрэат некалькіх міжнародных тэатральных фэстываляў Мікалай Халезін выказаўся такім чынам:

(Халезін: ) “На жаль, тое, што пачала ўлада, працягваецца, і ў самых жорсткіх формах. Тое, што робіцца і з тэлебачаньнем, і з тэатрам – гэта нейкае злачынства. Калі тэатар заўсёды працаваў на беларускай мове, навошта патрэбна пераводзіць яго на расейскую мову? Таму што трэба зрабіць адзіную мову, мову не беларускую, не расейскую, а нейкую “трасянку”, на якой размаўляе ўлада. На жаль, гэта губіць і тэатар, і тэлебачаньне, і радыё, і саму нават мову. Гэта быў адзіны дзіцячы тэатар на беларускай мове. Гэтак ня робіцца, ніхто ня нішчыць мову той нацыі, таго народу, які жыве ў гэтай краіне”.
XS
SM
MD
LG