Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўных служачых абавязалі штогод дэкляраваць свае прыбыткі і маёмасьць


Уладзімер Глод, Менск Палата прадстаўнікоў прыняла некаторыя зьмены і дадаткі ў закон аб дэкляраваньні прыбыткаў. Адгэтуль дзяржаўныя служачыя і кіраўнікі дзяржаўных арганізацыяў павінны штогод дэкляраваць свае, а таксама сваіх сваякоў, прыбыткі і маёмасьць. Раней трэба было падаваць дэклярацыі толькі ў двух выпадках: пры залічэньні на дзяржаўную службу і пры прызначэньні на іншую дзяржаўную пасаду.

Цяпер усталявана, што калі нехта з чыноўнікаў адмовіцца падаць адпаведныя дакумэнты, то ён будзе пакараны згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных парушэньнях. Дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканапраектнай дзейнасьці Валеры Міцкевіч асабліва адзначыў, што гэты дакумэнт уносіцца зь ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі.

(Міцеквіч: ) "Патрэбна падкрэсьліць, што законапраект падрыхтаваны па даручэньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь аб неабходнасьці ўдасканаленьня дзяржаўнай кадравай палітыкі і накіраваны на забесьпячэньне эфэктыўнай дзейнасьці дзяржаўных органаў, іншых арганізацыяў праз папярэджаньне і прадухіленьне з боку іх службовых асобаў карупцыйных правапарушэньняў".

Да гэтага трэба дадаць, што кіраўнік Беларусі заўсёды падкрэсьлівае: у краіне, як нідзе ў сьвеце, штодзённа змагаюцца з карупцыяй. Аднак лічбы сьведчаць пра іншае. І вось якія дадзеныя прывёў дэпутат Васіль Хрол:

(Хрол: ) "Беларусь сёньня, паводле дадзеных міжнароднай арганізацыі, якая ажыцьцяўляе маніторынг індэксу ўспрыняцьця карупцыі, апусьцілася, як вы ведаеце, з 74 на 107 месца са 164 дзяржаваў. Гэта гаворыць пра тое, што ў нас у краіне індэкс успрыняцьця карупцыі ў міжнародным маштабе вельмі высокі. І калі мы хочам прыцягнуць інвэстыцыі, а інвэстыцыйны клімат шмат у чым залежыць ад гэтага паказчыка, дык мы павінныя з карупцыяй змагацца".

Блізкія сваякі – гэта бацькі, дзеці, усыноўленыя, родныя браты і сёстры, дзед, бабуля, унукі. А вось цёшчы, цесьця, сьвякрухі, сьвёкра, зяця ды нявесткі тут пакуль няма. І як казаў той жа Васіль Хрол, такі закон падбівае на тое, каб цёшчу сапраўды насіць на руках. Што тычыцца непрыязных адносінаў, дык як патлумачыў дырэктар Нацыянальнага цэнтру законапраектнай дзейнасьці Валеры Міцкевіч, запаўняльнік дэклярацыі мусіць напісаць пра гэта свайму непасрэднаму кіраўніку. А той будзе вырашаць, што рабіць далей. І ўжо зусім мала надзеяў, што можна будзе прымусіць запоўніць дэклярацыю сваякоў, якія жывуць за мяжой. І вось як сказаў пра гэта дэпутат Віктар Кучынскі:

(Кучынскі:) "І як будзе выглядаць нашая краіна, калі, напрыклад, у ЗША жыве нейкі блізкі сваяк, і наш падатковы орган накіруе туды запыт аб прыбытках чалавека, які магчыма ўжо нават і стаў грамадзянінам Злучаных Штатаў? Мабыць, патрэбна неяк гэта разгледзіць. Каб не атрымалася, што мы ўсім кагалам будзем вымушаць грамадзянаў прадстаўляць дэклярацыі аб прыбытках, як быццам яны мусяць перад некім трымаць справаздачу".

Мечыслаў Грыб лічыць, што новыя захады амаль нічога ня зьменяць у справе барацьбы з карупцыяй. І вось як ён тлумачыць сваю перакананасьць:

(Грыб:) "Калі дзяржаўны чыноўнік браў хабар, ён яго будзе браць і надалей. У дэклярацыю ён яго як не заносіў, так і ня будзе заносіць. Усё левае, так левым і застанецца. Пры чым тут карупцыя да афіцыйных прыбыткаў?! Барацьба з карупцыяй заключаецца ня ў тым, каб узяць пад кантроль афіцыйны прыбытак, а ў тым, каб неяк пазьбягаць неафіцыйнага прыбытку, каб пусьціць у дзейнасьць усіх уладных структураў сьвежае паветра, каб скразьняк зьдзімаў тых чыноўнікаў, якія гатовыя ўзяць хабар. Але ж улада як была закрытай, такой і застаецца. Калі існуюць дазволы, дык ты вымушаны прасіць, каб дазволілі. А калі ты просіш, дык вымушаны "адчапіць". І гэта ж ні ў якай дэклярацыі ня будзе адзначацца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG