Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Алексеева: Расея становіцца нацыяналістычнай аўтарытарнай дзяржавай


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Сёньня ў прэс-цэнтры Радыё Свабода ў Вашынгтоне перад журналістамі выступілі Людміла Аляксеева, сузаснавальніца і старшыня Маскоўскай Хэльсынскай групы і Таня Лакшына, старшыня Цэнтру па дасьледаваньнях праблем грамадзянскай супольнасьці Расеі ДЭМОС.

Паводле Людмілы Аляксеевай, за гады прэзыдэнцтва Пуціна, у Расеі застаўся толькі адзін сэктар – грамадзкія арганізацыі – які пакуль не падпарадкаваны выканаўчай уладзе. Паводле яе, цяпер разьвіцьцё Расеі ідзе ў лепшым выпадку ў бок утварэньня нацыяналістычнай аўтарытарнай дзяржавы, у горшым выпадку – у бок фашысцкай аўтарытарнай дзяржавы.

Абедзьве выступоўцы падкрэсьлівалі шкоду двухсэнсоўнай палітыкі Захаду да Расеі: з аднога боку дзяржаўны Дэпартамэнт ЗША пасьлядоўна крытыкуе адыход Расеі ад дэмакратычных прынцыпаў кіраваньня, зь іншага боку прэзыдэнт Джордж Буш прымае Ўладзімера Пуціна на роўні зь іншымі лідэрамі дэмакратычнага сьвету і гаворыць аб партнэрстве ЗША і Расеі.

Я спыталася спадарыню Лакшыну пра магчымы ўплыў беларускіх падзеяў на расейскія палітычныя і грамадзкія працэсы. На яе думку, беларуская праблематыка зараз нікога ў Маскве не хвалюе і нідзе сур''ёзна не дыскутуецца. Гэта стала найбольш відавочным пасьля апошніх беспасьпяховых перамоваў пра стварэньне беларуска-расейскага саюзу. Калі Пуцін зразумеў, што Лукашэнка не пагодзіцца на пасаду другой асобы ў аб''яднанай дзяржаве, цікавасьць да Беларусі зьнікла з павесткі дня. Цяпер Пуцінская адміністрацыя шукае новых кандыдатаў на аб’яднане і зьмену Канстытуцыі, лічыць спадарыня Лакшына.

Аднак, стратэгічнае стаўленьне да Беларусі з боку адміністрацыі Пуціна, на думку Лакшыной, не мянялася і ня зьменіцца ў бліжэйшай пэрспэктыве. Пуцін ізноў умяшаецца ў выбары ў Беларусі і падтрымае Лукашэнку нягледзячы нават на паразы падобных умяшаньняў у Грузіі, Кыргызстане і Ўкраіне. Выпадковыя антылукашэнкаўскія заявы і захады толькі пацьвярджаюць правіла.

Людміла Аляксеева прывяла прыклад стварэньня пры прэзыдэнцкай радзе міжнароднага цэнтру па правох чалавека, працаваць ў якім яе папрасілі беларускія праваабаронцы. Цэнтар павінен займацца справамі палітычных зьнікненьняў і станам утрыманьня ў турмах. Узначальвае камісію па дасьледаваньні сытуацыі ў Беларусі палітоляг, які вядомы тым, што выконвае далікатныя даручэньні прэзыдэнта Пуціна. Падобныя структуры, на думку Аляксеевай, гэта толькі пацёмкінскія вёскі, каб паказаць Захаду, што Расея рэагуе на грубыя парушэньні правоў чалавека на ўзроўні прэзыдэнцкіх структур. У рэаліі, аўтарытарызм у Беларусі мала хвалюе і адміністрацыю Крамля і грамадзянскую супольнасьць Расеі, якая найперш занятая Чачэнскай праблемай і Каўказам.
XS
SM
MD
LG