Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьменіцца польская замежная палітыка пасьля прэзыдэнцкіх выбараў?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 24 кастрычніка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: экспэрт Цэнтру міжнародных дачыненьняў Войцех Бародзіч-Смалінскі з Варшавы і журналістка газэты “Белорусский рынок” Марыя Садоўская зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Дзьве асноўныя высновы з вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў ляжаць на паверхні. Па-першае, і на нядаўніх выбарах у Сэйм, і на ўчорашніх выбарах прэзыдэнта назіралася поўнае дамінаваньне правых партыяў “Закон і справядлівасьць” і “Грамадзянская плятформа”, якія дасюль былі ў апазыцыі. Другая выснова: нечаканасьць перамогі Леха Качыньскага насуперак вынікам сацыялягічных дасьледаваньняў. Гэта сьведчыць пра непрадказальнасьць грамадзкай думкі.

Але нас найбольш цікавяць прагнозы адносна будучай замежнай палітыкі новага прэзыдэнта. Ці можна чакаць нейкіх заўважных зьменаў у адносінах з Эўразьвязам, Расеяй? Лех Качыньскі абяцаў больш жорстка адстойваць нацыянальныя інтарэсы Польшчы ў дачыненьнях зь імі. Гэта была толькі перадвыбарчая рыторыка, ці сапраўды можна чакаць новага варыянту польскага нацыяналізму?”

(Войцех Бародзіч-Смалінскі: ) “Тут не ідзе гаворка пра паварот да польскага нацыяналізму. Тыя рэчы, якія спадар Качыньскі казаў падчас выбарчай кампаніі, былі падрыхтаваныя толькі для выбарчай кампаніі. Таму яны былі такія жорсткія і цьвёрдыя. Усе новыя кіраўнікі Польшчы, прэзыдэнт, прэм’ер, разумеюць, што краіна знаходзіцца ў тым жа геаграфічным становішчы, у якім яна і была. Качыньскі вялікую ўвагу надаваў нашым дачыненьням з ЗША. Але справа ў тым, што Польшча будзе добрым партнэрам ЗША тады, калі яна будзе мець добрыя дачыненьні як зь Нямеччынай, так і зь Беларусьсю і Расеяй. Вось стасункі з нашымі суседзямі — гэта першая справа. Я ня думаю, што будуць вялікія зьмены ў замежнай палітыцы”.

(Марыя Садоўская: ) “Я думаю, пэўныя зьмены ў замежнай палітыцы будуць, але яны ня будуць радыкальнымі. Таму што, па-першае, напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў была вялікая нарада ў прэм’ера Бэлькі з удзелам кіраўнікоў розных партыяў. І была ўзгодненая больш-менш кансэнсусная пазыцыя па важных замежнапалітычных пытаньнях. Па-другое, камэнтатары лічаць, што Качыньскі будзе больш жорсткім ня толькі ў дачыненьні да Нямеччыны і Расеі, але і да Эўразьвязу. Уся ягоная рыторыка была адносна нацыяналістычная. Але гэта было патрэбна, каб адрозьнівацца ад Туска, які абяцаў больш шчыльна супрацоўнічаць з Эўразьвязам.

Зь іншага боку, тое, што Качыньскі — палітык права кірунку, магчыма, дапаможа яму быць ня толькі жорсткім, але і дыялягічным у дачыненьнях з Расеяй. Бо на яго ня будзе чапляцца шаблён, які чапляўся на Квасьнеўскага: калі ён левы, то ён сымпатызуе Крамлю. Таму ў нейкай ступені Качыньскаму нават лягчэй будзе рабіць некаторыя замежнапалітычныя крокі, чым Квасьнеўскаму”.

(Карбалевіч: ) “А як перамога на прэзыдэнцкіх выбарах Леха Качыньскага паўплывае на польска-беларускія дачыненьні? Вядома, што ён займае больш жорсткую пазыцыю адносна афіцыйнага Менску, чым левыя, якія былі ва ўладзе дасюль. У прыватнасьці, па галоўным спрэчным пытаньні ў польска-беларускіх дачыненьнях — канфлікту вакол Саюзу палякаў Беларусі — новы прэзыдэнт абяцаў дзейнічаць больш рашуча. Чаго можна чакаць у адносінах паміж дзьвюма дзяржавамі?”

(Бародзіч-Смалінскі: ) “Зьмены ў замежнай палітыцы будуць палягаць у тым, што Качыньскі будзе працягваць жорсткую рыторыку, але рэальная палітыка падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі застанецца на тым жа ўзроўні. У Менск вярнуўся польскі амбасадар. Справа Саюзу палякаў Беларусі ў тым жа стане”.

(Садоўская: ) “Я пагаджуся ў тым, што рыторыка стане больш жорсткай, але ніхто ня можа ведаць, якімі будуць сапраўдныя дзеяньні. Можна чакаць зьменаў ад новага міністра замежных справаў. “Газэта выборча” прагназуе, што міністрам стане спадар Ракіта, чалавек ня мяккі. Таму заяваў будзе, бясспрэчна, больш. Што тычыцца дзеяньняў, то варта заўважыць, што партыя, якую ўзначальвае спадар Качыньскі, мае цесныя сувязі з Партыяй БНФ. Таму можна чакаць, што падтрымка дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасьці Беларусі будзе большай.

Акрамя таго, спадар Качыньскі зьяўляецца патронам “Беларускага дому”, які ствараецца цяпер у Варшаве. Гэтаю справаю займаецца Марэк Буцько, былы дарадца польскай амбасады ў Беларусі. Таму будзе большая падтрымка беларускай дэмакратыі за мяжой. Што тычыцца дачыненьняў з афіцыйным Менскам, то яны застануцца на ранейшым узроўні”.

(Карбалевіч: ) “Хачу нагадаць, што Качыньскі абяцаў пазбавіць магчымасьці наведваць Польшчу ўсіх удзельнікаў зьезду Саюзу палякаў Беларусі ў Ваўкавыску, які быў арганізаваны беларускімі ўладамі. У Беларусь нечакана вярнуўся польскі амбасадар пан Паўляк. Нечакана таму, што міністар замежных спраў Польшчы Ротфэльд заяўляў: амбасадар вернецца толькі тады, калі сытуацыя з Саюзам палякаў Беларусі палепшыцца. Насамрэч сытуацыя пагоршылася, але ён вярнуўся. Як бы вы пракамэнтавалі гэта?”

(Бародзіч-Смалінскі: ) “Наконт заклікаў Качыньскага пазбавіць магчымасьці наведваць Польшчу ўсіх удзельнікаў зьезду Саюзу палякаў Беларусі ў Ваўкавыску. Справа ў тым, што прэзыдэнт Польшчы ня мае легітымнага права пазбаўляць кагосьці права ўезду ў краіну. Гэта можа зрабіць міністар замежных справаў па ўзгадненьні зь міністрам унутраных справаў. Таму гэта ўсё выбарчая рыторыка. Цяпер наконт “Беларускага дому”, які мае быць створаны ў Варшаве. Пакуль што тут шмат гаворкі і мала вынікаў. Варшаўскія ўлады ўжо два месяцы ня могуць выдзеліць памяшканьня для гэтага дому. Так справа выглядае на практыцы.

Цяпер што тычыцца вяртаньня амбасадара Паўляка ў Менск. Я ня ведаю прычыны такога рашэньня. Але гэта можа быць абгрунтавана тым, што калі ў Беларусі ёсьць амбасадар, то амбасада мае больш магчымасьцяў весьці справы, падтрымліваць беларускае грамадзтва, Саюз палякаў Беларусі. Магчыма, польскія і беларускія ўлады дамовіліся наконт таго, калі спадар Паўляк мог бы вярнуцца. Але калі ён вярнуўся, пачаўся новы тур наступу на Саюз палякаў Беларусі. Тут есьць неадэкватнасьць дзеяньняў беларускіх уладаў”.

(Карбалевіч: ) “Беларускае тэлебачаньне надало польскім выбарам адносна вялікую ўвагу. Быў паказаны шэраг рэпартажаў з Польшчы. Але зьмест іх быў вельмі спэцыфічны. Паглядзеўшы іх, беларускі тэлеглядач павінен зразумець, што ў Польшчы ўсё дрэнна: эканоміка ў крызісе, дэмакратыі няма, палітыкі дбаюць не пра народ, а пра сябе, палякі ня вераць палітыкам, уступленьне ў Эўразьвяз прывяло краіну да яшчэ большых праблемаў. Прычым, у якасьці найбольш дасьведчаных экспэртаў выступалі прайгралыя палітыкі з сумнеўнай рэпутацыяй кшталту Анджэя Лепэра. Як можна пракамэнтаваць гэтую зьяву?”

(Садоўская: ) “Гэта можна разглядаць як працяг пасьлядоўнай палітыкі дзяржаўных мэдыяў па прадстаўленьні толькі адной візіі палітыкі Эўразьвязу і краінаў, якія ўваходзяць у зьвяз. Польскія выбары былі добрай магчымасьцю для дзяржаўных мэдыяў пачуць і назьбіраць шмат крытычных матэрыялаў. Бо падчас выбараў супернікі шмат казалі пра недахопы ў дзеяньнях мінулай улады. І таму беларускія дзяржаўныя мэдыі назьбіралі столькі матэрыялу, што яго хопіць да самых прэзыдэнцкіх выбараў. Але гэта было прадказальна і зьяўляецца вынікам стратэгіі, якая ўзятая на ўзбраеньне”.

(Карбалевіч ) “Такім чынам, адрозна ад Беларусі, польскія грамадзяне выбралі не стабільнасьць, а перамены. Што тычыцца беларуска-польскіх дачыненьняў, то галоўная праблема — пытаньне аб Саюзе палякаў Беларусі — ня вырашанае. І гэта будзе адным з найбольш важных чыньнікаў, што ўплывае на двухбаковыя стасункі”.

Гл. таксама • Што чакаюць беларусы Польшчы ад новага прэзыдэнта? • Як у Беларусі камэнтуюць перамогу Леха Качыньскага? • Афіцыйны Менск разьлічвае на супрацоўніцтва з новымі ўладамі Польшчы • Афіцыйныя вынікі ЦВК: прэзыдэнтам Польшчы стаў Лех Качыньскі • "Лех Качыньскі яшчэ на пасадзе мэра Варшавы пачаў ствараць Беларускі дом..." • “Качыньскі будзе больш жорстка адстойваць інтарэсы Польшчы ў Эўразьвязе”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG