Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні затрымалі студэнта – сябра "Маладога фронту"


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні міліцыянты часова затрымалі студэнта унівэрсытэту імя Янкі Купалы Яўгена Скрабутана. У яго ўзялі тлумачэньні наконт распаўсюду ва ўнівэрсытэце ўлётак. Хлопец сказаў міліцыянтам, што ня мае да гэтага дачыненьня.

У гарадзенскім Купалаўскім унівэрсытэце сёньня адбылася канфэрэнцыя, прысьвечаная студэнцкаму самакіраваньню. Студэнт 3-га курсу беларускай філялёгіі Яўген Скрабутан таксама прысутнічаў на ёй.

Ахову ў памяшканьні ажыцьцяўлялі студэнты старэйшых курсаў. Паводле Яўгена, адзін зь іх падышоў да яго падчас мерапрыемства і сфатаграфаваў папросту ў твар, а потым перадаў здымак міліцыянтам.

Канфэрэнцыя закончылася, і калі Яўген Скрабутан выходзіў з залі, яго чакалі міліцыянты і хлопцы з унівэрсытэцкай аховы, якія сьцьвярджалі, што ён распаўсюджваў улёткі.

Яўгена забралі ў Ленінскі РАУС, дзе пратрымалі прыблізна дзьве гадзіны. На стале ў сьледчага ляжаў стосік улётак.

(Скрабутан: ) “Ва ўлётках напісана нібыта пра тое, што з унівэрсытэту выганяюць студэнтаў. Там сьпіс прозьвішчаў студэнтаў, якіх выключылі за грамадзкую дзейнасьць, і нават маё прозьвішча ёсьць”.

Яўгена Скрабутана аднойчы выключалі з унівэрсытэту за графіці “Спынім русыфікацыю!”, але пазьней яму ўдалося вярнуцца назад. Ён належыць да “Маладога фронту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG