Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Няўжо Мілінкевіч верыць камуністам Калякіна?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Пасьля таго, як на нядаўнім Кангрэсе дэмакратычных сілаў апазыцыя вызначылася зь імем свайго адзінага кандыдата на наступных прэзыдэнцкіх выбарах, галоўнай тэмай многіх лістоў нашых слухачоў сталі палітычныя пэрспэктывы гэтага кандыдата, трываласьць і ўстойлівасьць дэмакратычнай кааліцыі. Наш даўні сябар Ільля Копыл прысутнічаў на кангрэсе як госьць. На падставе ўласных назіраньняў ён робіць выснову, што дарэмна дэмакраты шукаюць агульную мову з камуністамі.

“На Кангрэсе камуністы вялі агітацыю не за Калякіна, а супраць Лябедзькі і Мілінкевіча. І ў далейшым, я лічу, хоць Калякін запэўнівае ўсіх, што выконвае рашэньні Кангрэсу, насамрэч шараговыя камуністы будуць працягваць агітацыю супраць Мілінкевіча. Лукашэнка для іх значна бліжэйшы, чым Мілінкевіч. Што тычыцца пытаньня пра тое, наколькі насельніцтва ведае Мілінкевіча, я б сказаў так: яго добра ведаюць у Гарадзенскай вобласьці, менш у іншых рэгіёнах. Але прыблізна тое ж можна сказаць і пра іншых апазыцыйных палітыкаў. Так што ўсе ў падобных умовах. Кожны грамадзянін, які хоча пераменаў, павінен не заставацца ўбаку, а рабіць тое, што магчыма, што яму пад сілу. Напрыклад, асабіста я цяпер наведваюся ці ў рэдакцыю “Народнай Волі”, ці ў сядзібу БНФ, бяру асобнікаў сто газэты і раздаю людзям. Можна падумаць, што гэта дробязь, але я так не лічу”.

Відавочна, спадар Копыл, гэта ня дробязь. І зьмены ў дзяржаве стануць немінучымі і незваротнымі толькі тады, калі гэтак жа, як вы, хацець і дамагацца гэтых зьменаў пачне большасьць беларускага грамадзтва.

Што да камуністаў пад кіраўніцтвам Сяргея Калякіна. Іхнае далучэньне да дэмакратычнай кааліцыі стала магчымым толькі таму, што і паводле сваёй праграмы, і зыходзячы з досьведу апошніх гадоў, гэтая партыя дэманструе сваю блізкасьць да сацыял-дэмакратычных ідэалаў. Пра гэта гавораць многія лідэры дэмакратычных партыяў. Яны ж станоўча ацэньваюць дзелавыя і арганізатарскія здольнасьці Сяргея Калякіна, які, як вядома, узначаліў перадвыбарчы штаб Аляксандра Мілінкевіча. А тыя камуністы, якія падтрымліваюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі, наўрад ці засталіся побач зь Сяргеем Калякіным. У іх ёсьць свая камуністычная партыя.

Наш слухач з Рыгі Міхаіл Леках даслаў вялікі расповед пра лёс Элеаноры Альшванг-Ратманавай, якая падчас вайны, жывучы ў Менску, зьведала жахі галакосту і выжыла толькі дзякуючы дапамозе многіх беларусаў.

“Мінулым летам я быў у Менску, сустракаўся і гутарыў з амбасадарам Ізраілю ў Беларусі Зэевам Бен-Ар’е. Мая праца выклікала ў яго вялікую цікавасьць, і ён казаў пра магчымасьць і неабходнасьць прысваеньня званьня “Праведніка народаў сьвету” героям расказанай мной гісторыі. Але для гэтага трэба адшукаць гэтых людзей ці іхных нашчадкаў. У 1970-я гады я сустракаўся з адной з тых, хто дапамагаў Элеаноры ўратавацца, хаваў яе ў сваёй сям’і — гэта Алена Міхайлаўна Базыленка (тады яна жыла ў Менску на вуліцы Шаўчэнкі). Але мінула трыццаць год, і сёньня нікога з тых людзей у Менску мне знайсьці не ўдалося. Не дапамаглі і абвесткі ў менскіх газэтах”.

У сваім падрабязным аповедзе Міхаіл Леках называе прозьвішчы многіх жыхароў Менску, якія дапамагалі выжыць габрэйскай дзяўчыне Элеаноры Альшванг-Ратманавай, — гэта Людміла Каробань, Марыя Кузьміцкая, Маргарыта Цэлеш, Тацяна Замоціна, Анэля Манькоўская, Яўгенія Фёдарава, прафэсар Прылуцкі. Міхаіл Леках спадзяецца, што хоць хто-небудзь зь іх ці іхных нашчадкаў знойдзецца.

“Як мне ўдалося высьветліць, нашы суграмадзяне маюць магчымасьць атрымаць ня толькі званьне “Праведніка народаў сьвету”, але і пэўныя грошы, — піша слухач. — Лічу, што гэтая гісторыя ўнікальная і характарызуе беларускі народ з найлепшага боку. Бо на такое здольны толькі вялікі народ”.

Гэта, сапраўды, адметная старонка ў гісторыі суіснаваньня на беларускай зямлі розных нацыяў. Тысячы людзей у Беларусі, рызыкуючы ўласным жыцьцём, давалі прытулак сваім суседзям, знаёмым, сябрам, якіх вынішчалі фашысты. У мэмарыяльным музэі ахвяраў і герояў катастрофы габрэйскага народу “Яд Вашэм” у Ерусаліме ўвекавечаны імёны больш як 500 беларускіх грамадзянаў, якія ратавалі габрэяў. Але насамрэч такіх людзей было значна больш. Будзем спадзявацца, спадар Леках, што хтосьці з названых вамі асобаў, якія дапамаглі выжыць габрэйскай дзяўчыне Элеаноры Альшванг-Ратманавай, знойдзецца і адгукнецца.

Наш слухач Уладзімер Гайдукевіч з Бабруйску пра сябе паведамляе, што мае 59 гадоў, шмат чаго на гэтым сьвеце пабачыў, але ня думаў, што гэтак цяжка даводзіцца ў Беларусі чалавеку, які апынуўся ў бядзе. Усё пачалося з таго, што спадар Гайдукевіч трапіў у аўтамабільную аварыю:

“У шпіталі людзей лячылі, як быдла. Калі прыехаў у гіпсе дамоў, то на працягу пяці месяцаў, пакуль не напісаў скаргу, ніводзін доктар мяне не праверыў і не дапамог. Пасьля стала яшчэ горш. Дактары абыякавыя, лячыць ня ўмеюць і ня хочуць. А паколькі я на іх скардзіўся, дык яны да мяне сталі ставіцца яшчэ больш нахабна. Скаргі я пісаў у тым ліку Лукашэнку. Але ён іх не чытаў — напэўна, няма калі яму за справамі. Ды і ягоныя памагатыя таксама ня надта цікавяцца нашымі бедамі — перасылаюць іх тым, на каго гэтая скарга напісана. Ну, а тыя ўжо лютуюць. Напрыклад, хварэў ты год, а даведку табе дадуць заднім чыслом за паўгоду”.

Упэўніўшыся, у тым, што скарга ў любым выпадку трапіць да таго, на каго скардзісься, Уладзімер Гайдукевіч вынайшаў уласны сродак, як дапячы крыўдзіцелю. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“На іхны зьдзек я адказаў сваім зьдзекам. Ведаючы, што маю скаргу будзе чытаць той, на каго скарджуся, я стаў пісаць усё, што аб ім думаю. Паганымі словамі, праўда, ня лаяў, але добрай народнай мовай распавядаў аб усім — і аб разумовых здольнасьцях, і аб прафэсійнай каштоўнасьці. І, напэўна, трохі дапёк яго ды ягоных хаўрусьнікаў. Сабралі мае скаргі аж з Магілёва і падгаварылі падаць на мяне ў суд за зьнявагу. 11 кастрычніка суд адбыўся. І мяне фактычна за тое, што дамагаўся праўды, асудзілі да выплаты пакрыўджанаму пэўнай сумы грошай.

Можа, прэзыдэнт Лукашэнка даведаецца пра гэта і зразумее, што тыя кнігі скаргаў, якія ён прымусіў усіх увесьці, пасьля майго расповеду будуць пуставаць. Бо калі пра злодзея і прайдзісьвета напішаш, што ён злодзей і прайдзісьвет, дык назаўта ён пацягне цябе ў суд. І судзьдзя будзе на ягоным баку, бо ён пры пасадзе, а ты — ніхто”.

Вашы пачуцьці, спадар Гайдукевіч, няцяжка зразумець: сутыкаючыся зь несправядлівасьцю і крыўдай, цяжка ўстрымацца ад эмоцыяў і самых вострых выказваньняў. Але, калі хочаце перамагчы ў сур’ёзных спрэчках, давядзецца навучыцца гаварыць і пісаць на мове фактаў, а не суб’ектыўных ацэнак і эмоцыяў. Калі б вы у сваіх скаргах проста апісалі ўсе пакуты, празь якія давялося прайсьці, зь пералікам канкрэтных падзеяў і асобаў, ня робячы ўласных высноваў пра разумовыя здольнасьці дактароў, зь якімі сутыкаліся, то, напэўна, і ў судзе разьбіральніцтва магло скласьціся зусім па-іншаму, зь іншымі для вас судовымі рашэньнямі ды пастановамі.

На заканчэньне кароткі ліст ад нашага слухача Барыса Япішкі зь вёскі Залядыньне Іванаўскага раёну:

“Амаль кожны дзень вечарам і ранкам я слухаю вашы радыёперадачы. Для мяне яны цікавыя разнастайнасьцю тэмаў і думак. Чуў успаміны многіх вядомых асобаў — Васіля Быкава, Станіслава Шушкевіча, Мечаслава Грыба, Івонкі Сурвіллы, іншых… Можна сказаць, што, слухаючы Беларускую Свабоду, я вучуся чыстай беларускай мове. Вельмі радуюся, што ёсьць моладзь, якая па-сапраўднаму любіць усё беларускае. Мова, слова — гэта дар Божы, дадзены чалавеку для выказваньня сваіх думак. І добра, калі гэта думкі добрыя, сьветлыя, праўдзівыя, які клічуць да добрых справаў. А ўвогуле, нягледзячы ні на што, ня трэба губляць аптымізму. Калі будзеш трымаць сябе ў руках, дык сум зьнікне, а радасьць будзе камандаваць ім, як камандзір салдатамі”.

Дзякуй вам, спадар Япішка, за добрыя словы і за шматгадовае сяброўства з нашым радыё. Будзем спадзявацца, што падставаў для радасьці і аптымізму з часам будзе станавіцца болей. У тым ліку і датычна сытуацыі зь беларускай мовай, якая хвалюе ня толькі вас, але і сотні тысячаў іншых людзей, якія ўжо больш за дзесяць год назіраюць заняпад і дыскрымінацыю роднай мовы.

Цягам мінулых дзён нам таксама напісалі Алесь Астапенка з Кіева, Васіль Валошка з Радашковічаў Маладэчанскага раёну, Павал Юшкевіч зь Віцебску, Рыгор Зільбер і Вольга Кучынская зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG