Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Птушыны грып: эўрапейцам рэкамэндуюць ня есьці сырых яек


Юрась Бушлякоў, Прага Жыхаром Эўразьвязу варта ўстрымацца ад спажываньня сырых яек і належна гатаваць перад ядою курынае мяса – з такімі рэкамэндацыямі выступіла Эўрапейскае бюро кантролю за якасьцю прадуктаў харчаваньня. Названыя меры перасьцярогі, паводле бюро, дазволяць скараціць рызыку заражэньня людзей птушыным грыпам.

Заклік да перасьцярогі зьявіўся ў момант, калі эўрапейская птушкагадоўчая галіна спрабуе стрымаць рэзкі спад аб’ёмаў продажу курынага мяса. Да прыкладу, у Італіі спажываньне кураціны упала ў кастрычніку на 40 працэнтаў – напярэдадні італьянскія фэрмэры правялі нават дэманстрацыі, заяўляючы пра абсалютную бясьпеку спажываньня курынага мяса і спрабуючы тым самым супакоіць грамадзтва, застрашанае спэкуляцыямі на тэму птушынага грыпу.

Разьмешчанае ў італьянскай Парме Эўрапейскае бюро кантролю за якасьцю прадуктаў харчаваньня падкрэсьлівае, што належнае гатаваньне мяса дазволіць прадухіліць пашырэньне віруса птушынага грыпу ў сетцы грамадзкага харчаваньня. Пры гэтым, аднак, бюро прызнае, што сучасныя навуковыя зьвесткі недастатковыя для таго, каб цалкам выключыць магчымасьць перадачы людзям сьмяротнага віруса празь ежу.

Першая хваля пашырэньня птушынага грыпу прыйшлася ў 2003 годзе на Азію. Пасьля таго, як вірус птушынага грыпу быў выяўлены ў Турэччыне, апошні месяц хвароба паступова пашыраецца і ў Эўропе.

Напярэдадні Эўразьвяз увёў забарону на імпарт экзатычных птушак. Падазрэньні, што вірус можа распаўсюджвацца праз свойскіх экзатычных птушак, узмацніліся пасьля таго, як у брытанскім карантыне памёр папугай з паўдёваамэрыканскага Сурынаму. Спэцыялісты схіліліся да думкі, што папугай загінуў ад самага небясьпечнага тыпу птушынага грыпу – штама H5N1. Менавіта гэтая разнавіднасьць хваробы забрала ў 2003-м больш як 60 людзкіх жыцьцяў у азіяцкіх краінах.

На сёньняшні дзень птушыны грып штама H5N1 зафіксаваны ўжо ў шасьці краінах – Расеі, Румыніі, Турэччыне, Харватыі, Грэцыі й Тайляндзе.
XS
SM
MD
LG