Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” даходзіць да чытача нягледзячы на прэсінг міліцыянтаў


Ганна Соусь, Менск Распаўсюднікі незалежнай газэты “Народная Воля” ўсё часьцей сутыкаюцца з супрацьдзеяньнем з боку супрацоўнікаў міліцыі. Ім перашкаджаюць раздаваць газэты, у некаторых выпадках затрымліваюць і канфіскуюць асобнікі “Народнай Волі”. Сёньня наша карэспандэнтка Ганна Соусь прысутнічала пры тым, як актывісты аб’яднаньня “Моладзь БНФ” распаўсюджвалі “Народную Волю”.

(Карэспандэнтка: ) “У падземным пераходзе мэтро “Плошча Якуба Коласа” я назіраю за тым, як актывісты аб’яднаньня “Моладзь БНФ” бясплатна раздаюць людзям “Народную Волю”.

(Спадар: ) “Можна яшчэ адну?”

(Распаўсюднік: ) “Бясплатна”.

(Спадарыня: ) “Казалі, што яе забаранілі распаўсюджваць”.

(Актывіст: ) “Таму мы і распаўсюджваем”.

(Спадарыня: ) “Пакараюць вас”.

(Ауктывіст: ) “А чаму нас павінны караць за распаўсюд дазволенай газэты?”

(Карэспандэнтка: ) “Я зьвяртаюся да Алеся Каліты з пытаньнем — як ідзе распаўсюд газэты?”

(Каліта: ) “Бачыце, людзі падыходзяць: “Дайце, дайце, калі ласка”. Файнае стаўленьне. Некаторыя ўжо прызвычаіліся, што тут ідзе распаўсюд газэт”.

Раздачу “Народнай Волі” некалькі разоў спрабавалі спыніць міліцыянты.

(Міліцыянт: ) “Таму што вы раздаяце…”

(Карэспандэнтка: ) “Добры дзень! А якія прэтэнзіі да гэтых людзей?”

(Міліцыянт: ) “Гэта газэта апісвае што? Дрэнна ці добра пра Лукашэнку?”

(Каліта: ) “Сёньняшні вынік — мы літаральна за гадзіну распаўсюдзілі 2 тысячы асобнікаў “Народнай Волі”, нягледзячы на тое, што супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе некарэктна, пхалі ў сьпіну, крычалі “Выходзьце адсюль”. Але дзякуючы прысутнасьці журналіста атрымалася спыніць супрацьпраўныя дзеяньні. Як толькі яны заўважылі журналіста, адразу ўцяклі”.

Учора падчас распаўсюду “Народнай Волі” супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага райаддзелу затрымалі актывістаў “Моладзі БНФ” Алеся Мазаніка і Паўла Батуева. Як распавёў Радыё Свабода Алесь Мазанік, яму ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, пратрымалі дзьве гадзіны ў міліцыі, зьнялі яго на відэакамэру, а таксама забралі ўсе асобнікі “Народнай Волі”, спаслаўшыся на тое, што будуць вывучаць, ці не парнаграфічнага яна зьместу.

Паводле юрыста праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, у такой сытуацыі распаўсюднікам неабходна зьвяртацца ў суд і патрабаваць, каб дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі прызналі незаконнымі, паколькі яны ня мелі права затрымліваць за распаўсюд афіцыйна зарэгістраванай у Беларусі газэты. Алесь Мазанік сёньня якраз зьбіраецца напісаць адпаведную заяву ў суд.

Шэф-рэдактар “Народнай Волі” Сьвятлана Калінкіна таксама лічыць затрыманьні распаўсюднікаў абсалютна незаконнымі.

(Калінкіна: ) “...Таму што газэта легальна выходзіць. Гэта ня нейкае падпольнае выданьне. Газэту не прадаюць, мы адмыслова робім на ёй адзнаку, што яна распаўсюджваецца ў рэклямных мэтах. Я мяркую, што супрацоўнікамі міліцыі рухае нейкае стандартнае ўспрыманьне рэчаіснасьці. Калі нешта раздаецца на вуліцы, то гэта трэба спыніць, чалавека затрымаць, усё адабраць, і гэтак далей”.

Я зьвярнулася таксама па тлумачэньні да кіраўніцы прававой управы Міністэрства інфармацыі Ліліі Богдан.

(Богдан: ) “Міністэрства інфармацыі неправамоцна камэнтаваць ці неяк ацэньваць дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Адзінае, што я магу сказаць, што распаўсюджаньне СМІ ў краіне ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з 25-м артыкулам Закону аб друку”.

У 25 артыкуле Закону аб друку гаворыцца, што “распаўсюд прадукцыі СМІ ажыцьцяўляецца рэдакцыяй непасрэдна ці на дамоўных ці іншых законных падставах дзяржаўнымі прадпрыемствамі сувязі, каапэратыўнымі арганізацыямі, грамадзкімі аб’яднаньнямі, а таксама грамадзянамі”.

Ад 1 кастрычніка з “Народнай Воляй” скасавалі дамовы на друкаваньне і распаўсюд друкарня “Чырвоная Зорка” і ўсе падразьдзяленьні “Белсаюздруку”. Газэта цяпер друкуецца ў Смаленску.

16 тысяч асобнікаў “Народнай Волі” атрымліваюць падпісчыкі газэты, а яшчэ 11 тысяч накладу бясплатна распаўсюджваюць актывісты палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і проста грамадзяне.
XS
SM
MD
LG