Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры беларускай апазыцыі сустракаюцца з кіраўніцтвам Эўразьвязу


Валер Каліноўскі, Менск Кіраўнік Нацыянальнага выканаўчага камітэту аб’яднанай апазыцыі Анатоль Лябедзька і намесьнік кіраўніка перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата Вінцук Вячорка на запрашэньне дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту знаходзяцца з рабочым візытам у Страсбуры, дзе сустракаюцца з прадстаўнікамі Рады Эўропы і Эўразьвязу.

Спачатку Анатоль Лябедзька і Вінцук Вячорка правялі перамовы з прадстаўнікамі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Як паведаміў “Свабодзе” Анатоль Лябедзька, абмяркоўвалася магчымасьць ініцыяваньня разгляду пытаньня наконт законнасьці трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэцыянскай камісіі Рады Эўропы, аўтарытэтным юрыдычным органе, які ў 1996 годзе разглядаў зьмены ў Канстытуцыю Беларусі, прапанаваныя А.Лукашэнкам.

Цяпер Палітычная рада апазыцыйнай кааліцыі хоча, каб найлепшыя эўрапейскія юрысты ацанілі легітымнасьць трэцяга тэрміну А.Лукашэнкі. Ініцыяваць разгляд гэтага пытаньня ў Вэнэцыянскай камісіі можа старшыня ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн, і Анатоль Лябедзька мяркуе, што пасьля іх перамоваў у Страсбуры верагоднасьць гэтага зьявілася.

Пасьля сустрэчаў у Эўрапарлямэнце спадар Лябедзька паведаміў аб падрыхтоўцы да падпісаньня мэмарандуму аб супрацоўніцтве паміж фракцыяў лібэралаў і дэмакратычнай кааліцыяй Беларусі і аб прасоўваньні іншай ідэі:

(Лябедзька: ) “І ў Эўрапарлямэнце, і ў Радзе Эўропы выступаюць за тое, каб вярнуцца да фармату парлямэнцкай “тройкі”, якая магла б прыехаць у Беларусь, зрабіць маніторынг сытуацыі, вызначыць тыя крытэры, якія неабходна выканаць, каб выбары ў Беларусі былі прызнаныя дэмакратычнымі”.

У канцы 1990-х гадоў супольная дэлегацыя прадстаўнікоў парлямэнцкіх асамблеяў АБСЭ і Рады Эўропы ды Эўрапарлямэнту неаднаразова наведвала Беларусь і рабіла свае рэкамэндацыі, аднак яны афіцыйным Менскам выкананыя не былі.

Апрача перамоваў у Радзе Эўропы і Эўрапарлямэнце, у плянах А.Лябедзькі і В.Вячоркі ўдзел у брыфінгу для парлямэнтароў, аналітыкаў і журналістаў наконт сытуацыі ў Беларусі і сустрэча з камісарам Эўразьвязу ў міжнародных справах Бэнітай Фэрэра-Вальднэр. Вось як ацаніў мэты гэтай сустрэчы Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Наша галоўная задача — паінфармаваць аб падзеях у Беларусі, натуральна, аб Кангрэсе, ягоных выніках і рэсурсах, ягоным патэнцыяле. І другое — мы маем палітычную волю скарэктаваць міжнародную палітыку, эўрапейскую палітыку ў адносінах да Беларусі. Нам падаецца, што Фэрэра-Вальднэр магла б узяць на сябе функцыі каардынатара намаганьняў розных міжнародных арганізацыяў па Беларусі ў выпрацоўцы адзінай стратэгіі”.

Акрамя таго, спадар Лябедзька кажа, што паспрабуе закрануць тэму карэктаваньня міжнароднай дапамогі Беларусі, каб яна ў першую чаргу была скіраваная на вяртаньне яе да дэмакратыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG