Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Сурыкаў можа стаць расейскім амбасадарам у Беларусі


Алесь Дашчынскі, Менск Былы губэрнатар Алтайскага краю і цяперашні памочнік паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта Расеі ў Сібірскай фэдэральнай акрузе Аляксандар Сурыкаў можа стаць новым расейскім амбасадарам у Беларусі. Паводле расейскіх мэдыяў, ягоная кандыдатура канчаткова вызначана расейскімі ўладамі і нават узгоднена з Аляксандрам Лукашэнкам.

Паводле намесьніка дырэктара дэпартамэнту інфармацыі МЗС Расеі Аляксея Сазонава, прозьвішча расейскага амбасадара ў Беларусі пакуль невядомае. Адпаведнага ўказу прэзыдэнта аб прызначэньні Сурыкава пакуль няма.

(Сазонаў: ) “Хто ўважліва сочыць за публікацыямі расейскай прэсы, той ведае, што кандыдатура, прозьвішча Аляксандра Сурыкава — прынамсі дзясятае ў гэтым сьпісе, які называўся цягам апошняга месяца. Я магу нагадаць, што называліся і Кірыенка, белгародзкі губэрнатар, і многія іншыя. Так і будзем камэнтаваць: як адна з кандыдатураў, названых у сродках масавай інфармацыі, якая дагэтуль пакуль не зацьверджана нейкім указам прэзыдэнта”.

Пасада расейскага амбасадара ў Беларусі застаецца вакантнай ужо некалькі месяцаў. Прызначаны на гэтую пасаду былы губэрнатар Дзьмітры Аяцкаў да Менску так і не даехаў. Афіцыйны Менск быў не задаволены камэнтарамі, якія дазволіў сабе спадар Аяцкаў на адрас А.Лукашэнкі. 19 ліпеня ён заявіў у Саратаве: “Цяжка зламаць рэжым Лукашэнкі, вельмі цяжка, ён вельмі моцна стаіць на нагах”. Паводле Аяцкава, А.Лукашэнка ні ў якім выпадку не павінен надзімаць шчокі, што “ён там даўно працуе і нехта павінен быць у яго на пасылках”. Афіцыйны Менск заявіў, што такія рэплікі не адпавядаюць цёплым і сяброўскім адносінам паміж Расеяй і Беларусьсю. Пасьля гэтага прыбыцьцё Аяцкава ў Менск было адкладзена на няпэўны тэрмін і Аяцкаву паступова пачалі шукаць замену. Неафіцыйна названа кандыдатура 65-гадовага Аляксандра Сурыкава. Расейскі палітоляг Сяргей Маркаў вось што сказаў пра Аляксандра Сурыкава:

(Маркаў: ) “Зусім малавядомы ў палітычнай тусоўцы чалавек. І ўжо дакладна ня будзе выступаць з такімі заявамі, як Аяцкаў. Гэта чалавек, які будзе простым шрубком у дыпляматычнай бюракратычнай машыне”.

Аляксандра Сурыкава называлі “чырвоным губэрнатарам”. У 2004 годзе ён балятаваўся на трэці губэрнатарскі тэрмін у Алтайскім краі і прайграў тады артысту Міхаілу Еўдакімаву. У офісе Сурыкава сказалі, што ён знаходзіцца цяпер у Маскве ў службовай паездцы. Каб стаць амбасадарам, яму яшчэ неабходна прайсьці адмысловую працэдуру.

У беларускім МЗС пакуль устрымліваюцца ад камэнтароў. Начальнік аддзелу прэсавай службы Марыя Ваньшына заявіла:

(Ваньшына: ) “Існуе пэўная працэдура. І неабходны запыт на агрэман. МЗС Беларусі пакуль не атрымоўваў запыту на агрэман”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG