Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: тэлевежа мусіць стаць візытоўкай Беларусі


Ігар Карней, Менск Цягам двух апошніх дзён А.Лукашэнка займаўся галоўнымі будаўнічымі праектамі, ініцыяванымі ці падтрыманымі ім самім. Учора прэзыдэнт наведаў менскі мікрараён Уручча, дзе неўзабаве пачнецца ўзьвядзеньне Парку высокіх тэхналёгіяў, і праінспэктаваў Нацыянальную бібліятэку, раскрытыкаваўшы будаўнікоў за марудную і няякасную працу. Сёньня пад кіраўніцтвам Лукашэнкі адбылася адмысловая нарада ў справе мэтазгоднасьці ўзьвядзеньня ў Менску адной з самых высокіх у сьвеце тэлевежаў.

Сёньняшнюю нараду Аляксандар Лукашэнка пачаў з крытыкі — маўляў, няма каму даверыць будаўніцтва сапраўднага помніка мастацтва. Беларускія будаўнікі, паводле Лукашэнкі, навучыліся хіба толькі заліваць падмуркі.

(Лукашэнка: ) “Я ўчора лішні раз пераканаўся, што ў нас вельмі мала талковых будаўнікоў, якія на сучасным узроўні здольныя ўзводзіць пэўныя аб’екты. Так, заліць падмурак, некалькі тысяч тонаў выдаць жалезабэтону — гэта мы навучыліся. А вось тонкае аздабленьне зрабіць, прыгожа зрабіць, каб памятнік мастацтва быў — гэтага ня ўмеем. І што больш за ўсё насьцярожвае — у нас няма кіраўнікоў у гэтых галінах”.

На нарадзе ўпершыню паказалі выяву тэлевежы працы менскага архітэктара Віктара Крамарэнкі — аўтара чыгуначнага вакзалу і Нацыянальнай бібліятэкі. Стылістычна тэлевежа нечым нагадвае Астанкінскую. Дый спэцыялісты зьвяртаюць увагу на тое, што ўсе працы, у выпадку станоўчага рашэньня, будуць ажыцьцяўляцца ў кантакце з расейскім бокам.

Нагадаю, што ў 1998 годзе Міністэрства сувязі абвясьціла тэндэр, і экспэртная камісія, ацаніўшы заяўкі праектных калектываў зь дзесяці краінаў, аддала перавагу працы Крамарэнкі пад назвай “Папараць-кветка”. Сродкаў на такі дарагі праект тады не знайшлося, аднак, як кажа Віктар Крамарэнка, летась прадстаўнічая беларуская дэлегацыя езьдзіла ў Маскву. Як мяркуе архітэктар, калі лёс тэлевежы вырашыцца, яе ўзьвядзеньне пачнецца ў 2007 годзе.

(Крамарэнка: ) “Год таму мы езьдзілі з прадстаўнікамі Міністэрства сувязі ў Маскву, у Дзяржаўны спэцыялізаваны праектны інстытут сродкаў сувязі. Там правялі перамовы і дамовіліся пра далейшыя дзеяньні ў сумесным праектаваньні. Я не ўпаўнаважаны казаць пра тэрміны (гэта не мая кампэтэнцыя, а ўраду), але цяпер чакаем, калі надыдзе 2007 год — як было сказана, гэта той год, калі нібыта зьявяцца сродкі. Мы, у сваю чаргу, чакаем”.

Зь сёньняшняга выступу Аляксандра Лукашэнкі вынікае, што будаўніцтва можа пачацца яшчэ раней, адразу пасьля таго, як у наступным годзе будзе рэалізаваны яшчэ адзін праект архітэктара Крамарэнкі, Нацыянальная бібліятэка.

Аляксандар Лукашэнка сёньня некалькі разоў падкрэсьліў: вежа можа стаць сапраўднай візытоўкай Беларусі. Гэтаксама кіраўнік краіны шмат спасылаўся на досьвед Кітаю. Маўляў, там вялікая колькасьць падобных аб’ектаў, і каб яны былі неактуальнымі, ніхто б іх не будаваў. Цікава, што “Папараць-кветка” паводле вышыні можа заняць другое месца ў Эўропе і чацьвёртае ў сьвеце — якраз за шанхайскай “Усходняй пэрлінай”.

Адметна, што нядаўна Савет міністраў прыйшоў да высновы, што чарговы фінансаваёмісты праект неактуальны як з тэхнічнага гледзішча (тэлеіндустрыя разьвіваецца ў кірунку лічбавага і спадарожнікавага вяшчаньня), так і функцыянальнага (заяўлялася, што вежа будзе культурна-забаўляльным цэнтрам). Аднак на просьбу самага пасьлядоўнага прыхільніка рэалізацыі гэтай ідэі, міністра сувязі Ўладзімера Ганчарэнкі, да вырашэньня лёсу тэлевежы падключыўся Аляксандар Лукашэнка. І апошняе слова, як лічаць спэцыялісты, таксама будзе за ім.

Раней Аляксандар Лукашэнка даручыў Савету міністраў, Дзяржаўнаму сакратарыяту Савету бясьпекі, Нацыянальнай Акадэміі навук і Менгавыканкаму выказаць сваё стаўленьне да плянаў будаўніцтва тэлевежы. У выніку працоўная група з 15 зацікаўленых органаў дзяржаўнага кіраваньня прыняла рашэньне падтрымаць гэты праект.
XS
SM
MD
LG