Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У вёсцы Бершты, дзе знаходзіцца дом Аляксандра Мілінкевіча, ходзяць міліцыянты з дубінкамі


Міхал Карневіч, Горадня; Алег Грузьдзіловіч, Менск На мінулым тыдні прэсавая служба адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што ў вёсцы Бершты Шчучынскага раёну спэцслужбы ўсталёўваюць назіральны пункт, каб сачыць за ягоным домам. А на гэтым тыдні ў Берштах органы міліцыі праводзілі апэрацыю “Нелегал”

Вёска Бершты знаходзіцца ў памежнай зоне — заехаць сюды можна толькі з адпаведнымі дакумэнтамі. Прапускны рэжым кантралююць памежнікі, але гэта адбываецца ня кожны дзень. Апошнім часам кантроль узмацніўся. І гэтымі днямі на ўезьдзе і выезьдзе зь Берштаў дзяжураць міліцыянты, яны спраўджваюць дакумэнты ва ўсіх, хто ўваходзіць, уяжджае або выяжджае зь вёскі. Па вуліцах таксама ходзяць патрульныя з дубінкамі. А ў самой вёсцы цішыня, яе жыхары заняты паўсядзённай працай. Праўда, некаторыя зь іх ужо адчулі на сабе ўзмацненьне памежнага рэжыму. Адна кабета распавядала мне, што яе дачку аштрафавалі і не пусьцілі ў вёску, калі тая ехала ў адведкі да бацькоў:

(Спадарыня: ) “У яе скончылася даведка на праезд у памежную зону, дык памежнікі далі ёй 10 мінімалак штрафу”.

Вяскоўцы наагул зьдзіўленыя такім кантролем, асабліва калі пабачылі, што па вёсцы ходзяць міліцыянты з дубінкамі. Такога ў іх раней не было. Яны падазраюць, што нешта здарылася, але ніхто зь іх ня ведае — што.

(Спадарыня: ) “Гэта цяпер нешта здарылася, такога не было раней”.

На ўезьдзе ў Бершты міліцыянты затрымалі Мікалая Ількевіча і ягоную сястру, якія прыехалі наведаць магілы родных. Ількевіч цяпер жыве ў Смаленску, мае расейскае грамадзянства. Ён адстаўны афіцэр, нарадзіўся ў Берштах. Ягоная сястра прыехала з Магілёва. Пасьля таго, як два афіцэры спраўдзілі іх дакумэнты, адразу па рацыі перадалі, што затрымалі грамадзяніна Расеі. Празь некалькі хвілінаў да іх пад’ехала машына. Выйшлі яшчэ двое афіцэраў і пачалі распытваць, дзеля чаго яны сюды прыехалі. Ількевіч патлумачыў, што едзе на могілкі. Празь некаторы час з машыны выйшаў чалавек у цывільным. Высьветлілася, што ён мясцовы жыхар, нехта Паўлюкевіч. Ён пачаў распытваць пра родных Ількевіча. Пасьля нядоўгай размовы сказаў, што ведае такіх людзей. Праз хвілінаў дваццаць высьвятленьня абставінаў міліцыянты ўсё ж дазволілі Ількевічу на паўгадзіны адведаць могілкі. А вось што сказаў пасьля гэтага нашаму радыё Мікалай Ількевіч:

(Ількевіч: ) “Сапсавалі ўсе ўражаньні і чаканьні ад наведваньня могілак маіх дзеда і бабулі. А гэты вясковец, які выйшаў з машыны міліцыянта і дапытваўся ў мяне, хто я такі... Усё гэта нагадвае час вайны, калі беларусы здраджвалі адзін аднаму: працавалі то на партызанаў, то на паліцыянтаў. Цяпер я думаю, што ўсё гэта зьвязана з тым, што ў маёй роднай вёсцы ёсьць кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусі Аляксандар Мілінкевіч. Калі я ўбачыў, што па вёсцы ходзіць міліцэйскі патруль, то адразу здагадаўся, што гэта не зьвязана ні з якой апэрацыяй “Нелегал”, а таму, што тут знаходзіцца дом Мілінкевіча”.

***

А што думае cам Аляксандр Мілінкевіч пра новыя парадкі на ягонай малой Радзіме? Па камэнтар да адзінага кандыдата зьвярнуўся наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч.

(Мілінкевіч: ) “З пункту гледжаньня сэнсу гэта абсалютна безнадзейная рэч, бо я жыву ў Менску, у Берштах амаль не бываю. Шкада, што людзі не злачынцаў ловяць, а ходзяць па вёсцы з дубінкамі. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлада ня ведае, што рабіць з такімі дысыдэнтамі, як Мілінкевіч. А больш за ўсё мне шкада берштоўцаў: гэтыя людзі ні ў чым не вінаватыя. Цяпер прыеду ў вёску, а мне скажуць, што ты вось пайшоў у палітыку, а нам тут перашкаджаюць жыць нармальна”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, былі хуліганы, злодзеі, нелегалы ў вашай вёсцы раней?”

(Мілінкевіч: ) “Абсалютна ня ведаю такіх выпадкаў, іх проста не было — каб якіясьці, прыкладам, нелегалы там перасякалі мяжу. Гэта вельмі прыгожае месца, цэнтар Берштаўскай пушчы, старадаўнія лясы, вялікае возера, рэчка. Людзі з Горадні туды прыяжджаюць адпачываць. І проста шкада, што гэтым людзям будуць замінаць улады і міліцыя. Там і без таго зрабілі недарэчна памежную зону, якіх няма ні ў адной нармальнай краіне Эўропы”.

(Карэспандэнт: ) “Вось жанчына распавяла, што яе дачку аштрафавалі ажно на 10 мінімальных заробкаў. Такое здаралася раней?”

(Мілінкевіч: ) “Не, такога раней і блізка не было. Памежнікі паводзілі сябе прыстойна, яны звычайна папярэджвалі, што гэта памежная зона, што вы можаце ўехаць сюды на некалькі гадзінаў, а такіх выпадкаў абсалютна не было”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вас асабіста былі падобныя размовы з памежнікамі?”

(Мілінкевіч: ) “У мяне не было, бо я прапісаны ў гэтым доме ў Берштах і таму маю права знаходзіцца ў памежнай зоне колькі заўгодна”.
XS
SM
MD
LG