Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму палякі вучаць беларускую мову?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы, у адрозьненьне, скажам, ад Расеі, катэдры беларускай філялёгіі ёсьць у двух унівэрсытэтах – Варшаўскім і Беластоцкім; яшчэ ў некалькіх унівэрсытэтах праводзяцца факультатыўныя заняткі па беларускай мове – сотні студэнтаў, выкладчыкаў, дасьледчыкаў ведаюць беларускую мову з прафэсійных патрэбаў. На беларускай мове цалкам ці па-беларуску і па-польску адначасова выходзіць шэраг пэрыядычных выданьняў – газэта “Ніва”, беластоцкі “Часопіс” і кніжкі на Беласточчыне. Але беларускую мову ў Польшчы ведаюць і палякі, не зьвязаныя зь ёй прафэсійна. Ёсьць тыя, хто вывучыў беларускую мову таму, што яна ім проста падабаецца.

З Марцінам Зяневічам і Ігарам Зныкам я пазнаёміўся, наведваючы беларускія імпрэзы, якіх апошнім часам ладзіцца ў Варшаве даволі шмат. Абодва яны карэнныя жыхары польскай сталіцы, якія раней ня мелі ніякага дачыненьня да беларушчыны, зацікавіліся вывучэньнем беларускай мовы адносна нядаўна і вучаць мову самастойна.

Ігару Зныку 35 гадоў, ён бізнэсовец. Беларускую мову вывучае 10 месяцаў. Вось першыя вынікі.

(Знык: ) “Большасьць маіх знаёмых – гэта альбо беларускія палякі, альбо польскія беларусы, што жывуць у Варшаве, так што нічога дзіўнага ў гэтым няма”.

Марцін Зяневіч амаль на 10 гадоў маладзейшы, нядаўна скончыў унівэрсытэт і цяпер шукае працу. Беларускай мовай цікавіцца ўжо каля чатырох гадоў. Акцэнт амаль незаўважны:

(Зяневіч: ) “Ведаеце, гэта ня так, як у школе, што, прыкладам, вывучаеш два гады. Можна сказаць, што ў мяне кантакт зь беларускай мовай ёсьць ужо пяты год”.

Цікава, што на пытаньне пра месца нараджэньня абодва мае суразмоўцы адказваюць аднолькава:

(Знык: ) “Я нарадзіўся тут... у Варшаве”.

(Зяневіч: ) “Я нарадзіўся тут... у Варшаве”.

Што сьведчыць аб веданьні імі ня толькі беларускай мовы, але й сучаснай беларускай музыкі.

Але як здарылася, што мае суразмоўцы вырашылі навучыцца гаварыць па-беларуску?

(Зяневіч: ) “Я ўсё гэта рабіў саматугам, і нельга сказаць, што разьлічваў на нейкую фінансавую карысьць. Сьпярша была цікавасьць да беларускай гісторыі, потым прыйшло ўсьведамленьне падабенства паміж польскім і беларускім народамі. Падумаў, што варта было б паказаць пашану нашым суседзям-беларусам і вывучыць іхную мову, а як калі-небудзь гэта прынясе нейкія фінансавыя плюсы, дык таксама будзе някепска”.

Жаданьне Ігара Зныка ведаць беларускую мову мае сямейныя прычыны – ягоная жонка зь Беларусі, – а таксама выкліканае цікавасьцю да беларускай музыкі, прычым ня толькі ў якасьці слухача – спадар Знык ужо арганізаваў шэраг канцэртаў вядучых беларускіх выканаўцаў у Польшчы.

(Знык: ) “Я пачаў займацца арганізацыяй беларускіх канцэртаў, і сорамна было б, напрыклад, запрашаць Лявона Вольскага і размаўляць зь ім па-расейску, таму пачаў вучыцца. Вучуся на тэкстах “NRM”, “Народнага альбому”, іншых беларускамоўных гуртоў. У інтэрнэце таксама чытаю, напрыклад, “Жывы журнал”, там мова сапраўды жывая, ня кніжная. Ніякіх беларускіх каранёў у мяне няма, толькі ёсьць жонка зь Беларусі, але яна расейскамоўная”.

І спадар Знык, і спадар Зяневіч, як мы ўжо чулі, вывучаюць беларускую мову самастойна, без падручнікаў – пераважна праз размовы зь беларусамі, беларускую музыку і літаратуру. Я папытаўся, якія складанасьці ў іх як палякаў узьнікалі ці ўзьнікаюць у гэтым працэсе, ці ёсьць нешта ў беларускай мове, што паляку цяжка зразумець, цяжка засвоіць?

(Зяневіч: ) “Цяжкасьці, вядома, былі. Калі пачынаў вывучаць беларускую мову, дык бачу: адно беларускае слова мае такое самае значэньне, як і аналягічнае польскае, другое таксама. Дык думаеш, што й трэцяе ў беларускай будзе мець такое самае значэньне, як і ў польскай, але аказваецца, што не! Гэтае падабенства, бывае, перашкаджае ў вывучэньні беларускай мовы, бо думаеш, што ўсё падобнае, а бывае зусім наадварот: супрацьлеглы сэнс мае нейкае слова”.

А Ігар Знык, пачаўшы вывучаць беларускую мову, стаў гаварыць па-расейску зь беларускім акцэнтам.

(Знык: ) “Я ведаю расейскую мову. З аднаго боку, гэта добра, бо калі ведаеш польскую і расейскую, то беларускую мову добра разумееш. З другога боку, гэта прывяло да таго, што я напачатку гаварыў не па-беларуску, а на трасянцы. Праблемаў асаблівых не было. Цяпер я больш часу размаўляю па-беларуску, і мае партнэры па бізнэсе кажуць: слухай, ты раней выдатна гаварыў па-расейску, а цяпер на нейкай трасянцы гаворыш. І гэта праўда: мне цяжка перайсьці зь беларускай на расейскую, але гэта таму, што я яшчэ ня вельмі добра ведаю беларускую мову”.

Тут на хвіліну пакінем нашых суразмоўцаў. Іншы прыклад: польскі рок-гурт “Triquetra” пераклаў амаль цалкам свой альбом на беларускую мову. Музыкі выступілі зь беларускамоўнай праграмай на “Басовішчы” і атрымалі адну з узнагародаў. На пытаньне да лідэра гурту Падоля, чаму яны абралі беларускую мову, той адказвае коратка: “А чаму не!?”

Спадар Знык нярэдка наведвае Беларусь зь сямейных патрэбаў. Цікава, як успрымаюць ягоную беларускую мову асабліва тыя беларусы, якія самі па-беларуску не гавораць?

(Знык: ) “Напрыклад, бацькі маёй жонкі кожны дзень па-беларуску не размаўляюць, але калі я прыеду, дык стараюцца. Сябры маёй жонкі зь Беларусі, калі зь імі гаворыш па-беларуску, дык таксама кажуць, што сорамна ім, што паляк гаворыць па-беларуску, а яны – не. З другога боку, у Беларусі, калі прыйдзеш у краму, напрыклад, і зьвернесься па-беларуску, дык па-беларуску табе й адкажуць. Беларусы самі вінаватыя, што не гавораць па-беларуску. Усе па-беларуску разумеюць, так што можна было б размаўляць”.

Быў у Беларусі й Марцін Зяневіч:

(Зяневіч: ) “У Менску я сеў на лаўку, пачаў гутарыць зь нейкай дзяўчынай, дык такое зьдзіўленьне было. Пачалі пытацца, ці вы не з Канады, потым, ці ня зь вёскі, а нехта, ня ведаю чаму, запытаўся, ці вы не з Украіны, бо думаў, што я гавару па-ўкраінску. Розныя выпадкі былі: і станоўчыя, і адмоўныя. Ёсьць тут таксама нейкая адукацыйная місія – у тым сэнсе, што калі ў Беларусі гаворыш па-беларуску, дык гэта паказвае, што беларуская мова прыгожая, нават замежнікі яе вывучаюць. Тады беларусам становіцца прыкра, што яны ня ведаюць мовы, а замежнік ведае. Можа, гэта будзе які штуршок, каб зьмяніць стаўленьне беларусаў да роднай мовы...”

Спадар Зяневіч любіць таксама беларускую літаратуру – прачытаў апошнім часам “Каласы пад сярпом тваім” Караткевіча і “Доўгую дарогу дадому” Васіля Быкава. Ігар Знык цікавіцца беларускімі літаратурнымі форумамі. Абодва слухаюць шмат беларускай музыкі. На пытаньне, чаму не француская ці нямецкая мова, літаратура ці музыка, яны са зьдзіўленьнем адказваюць: “А чаму не беларуская?!”

Пра тых палякаў, што вывучаюць беларускую мову прафэсійна, мы раскажам у наступнай перадачы.
XS
SM
MD
LG