Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цуд пад Бабруйскам


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускай незалежнай прэсы за 26 кастрычніка

У паселішчы Кісялевічы пад Бабруйскам здарыўся сапраўдны цуд у часе ўсталяваньня крыжа й скляпеньня на Сьвятаіверскі храм, паведамляе “Вечерний Бобруйск”. Распавядае журналістка Ганна Мішчыхіна.

(Мішчыхіна:) “У часе гэтага ўрачыстай падзеі вернікі, жыхары Кісялевічаў ладзілі малебныя сьпевы. І літаральна, як царкоўнікі кажуць, “пан Бог дараваў нам усім дзівосны знак”: спачатку ў чыстым небе зьявілася нібыта лёгкая дымка, потым сярод нябёснага блакіту над храмам зьявілася вясёлка, дажджу ў той дзень у горадзе не было. А потым зьявілася нейкае падабенства іскрыстага арэолу. Тыя, хто яго назіралі, казалі, што гэта нібыта другое сонца ўзьнікла”.

А ў Сьветлагорску на мінулым тыдні адбылося перазахаваньне парэшткаў протаярэя Яна Сеўбы, былога настаяцеля царквы Сьвяціцеля Мікалая. Гэтую пасаду айцец Ян займаў у першай траціне мінулага стагодзьдзя. Потым ён быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі ды адбыў зьняволеньне ў лягеры. На радзіму ён вярнуўся ў 1942 годзе й неўзабаве памёр. Яго паводле царкоўных канонаў пахавалі пад алтаром храма. Вернікі доўгі час наведвалі месца пахаваньня айца Яна, ажно пакуль улады не зруйнавалі храм і не пабудавалі на ягоным месцы клюб. Зусім нядаўна парэшткі сьвятара знайшлі ў часе рамонту гэтага клюбу. Цяпер іх перазахавалі на тэрыторыі Сьвятапрэабражэнскага сабору ў Сьветлагорску.

Менская пракуратура аднавіла расьсьледаваньне крымінальнай справы Віктара Ганчара – там адкрыліся новыя абставіны. Падрабязнасьці можна прачытаць у сёньняшняй “Народнай волі”. Таксама на старонках газэты палітоляг Валер Карбалевіч разважае пра тое, ці магчымы ў Беларусі “пераможны сцэнарый”. Ён аналізуе расстаноўку палітычных сілаў у краіне напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

“Камсамолка” сёньня піша пра новыя правілы здачы выпускных экзамэнаў для школьнікаў. Як вядома, цяпер выпускнікі здаюць тэст па мове й матэматыку (пісьмова). А трэці экзамэн можна выбіраць. У наступным годзе выбар гэтага выпрабаваньня стане вельмі шырокім – здаваць можна будзе нават фізкультуру. Апрача таго, у газэце можна знайсьці артыкул пра тое, як не захварэць на грып ды якія ўвогуле вірусныя інфэкцыі пагражаюць нам восеньню й зімой.
XS
SM
MD
LG