Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму ў Страсбур не паехаў сам Аляксандар Мілінкевіч?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Страсбуры адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя старшыні Нацыянальнага камітэту дэмакратычных сілаў Анатоля Лябедзькі і намесьніка кіраўніка выбарчага штабу адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году Вінцука Вячоркі. Яны знаходзяцца ў Страсбуры з рабочым візытам.

Спадар Мілінкевіч сказаў, што ў яго не было запрашэньня, і ён ня мусіць усюды езьдзіць сам. Але ён паабяцаў, што такія візыты абавязкова будуць, да прыкладу, разам з кіраўніком перадвыбарчага штабу Сяргеем Калякіным. А напрыканцы году плянуецца візыт Аляксандра Мілінкевіча ў Страсбур.

(Мілінкевіч: ) “Вельмі хацелася б, каб сёньня такіх паездак у замежжа было менш. А як мага больш працы тут, у краіне. Я буду спрабаваць гэта рабіць, абмяжую паездкі, нават, калі будуць вельмі важныя запрашэньні, трэба іх адкласьці на крыху пазьнейшы час. Зараз трэба папрацаваць у краіне, каб умацаваць кааліцыю ня толькі ў Менску, але і ў абласных і раённых гарадах. Створым добры штаб, будзе добрая праца”.

У якасьці адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Мілінкевіч зрабіў свой першы візыт у Прагу, дзе браў удзел у міжнароднай канфэрэнцыі “Форум-2000”. У яе межах прайшоў круглы стол, прысьвечаны ролі міжнароднай супольнасьці ў дэмакратызацыі Беларусі. У дыскусіі, акрамя Аляксандра Мілінкевіча, бралі таксама ўдзел вядомыя палітыкі. Чаму так атрымалася, што першы візыт адзінага адбыўся ў Чэхію?

(Мілінкевіч: ) “Запрашэньне прыйшло яшчэ ў траўні, калі я яшчэ ня быў адзіным кандыдатам, і запрашэньне ад самога Вацлава Гаўла, якога я лічу ідэалам палітыка. Прыпала гэтая паездка якраз пасьля кангрэсу. Я з задавальненьнем выкарыстаў такую магчымасьць”.

Міхаіл Саакашвілі запрасіў Аляксандра Мілінкевіча ў Тбілісі на сьвяткаваньне другой гадавіны грузінскай Рэвалюцыі ружаў. Там таксама плянуецца міжнародны форум з удзелам уплывовых эўрапейскіх палітыкаў. Прэзыдэнт Грузіі прапанаваў Аляксандру Мілінкевічу выступіць на форуме з дакладам.

Спадар Мілінкевіч падзякаваў прэзыдэнту Грузіі і паабяцаў, калі ня сам асабіста прыедзе ў Тбілісі, то нехта з кіраўнікоў кааліцыі там абавязкова будзе. Дарэчы, прадстаўнікі беларускай апазыцыі нядаўна ўжо пабывалі ў Кіеве. Аляксандар Мілінкевіч таксама плянуе абавязкова наведаць Расею.

(Мілінкевіч: ) “Я лічу, што ў Маскве надзвычай важна разбураць той міф, які стварыў Лукашэнка аб тым, што, калі ня ён, то адразу прыйдуць да ўлады суцэльныя ворагі Расеі. Ворагі не прыйдуць, таму што Расея – гэта партнэр, зь якім трэба гандляваць, зь якім трэба супрацоўнічаць – гэта наш стратэгічны партнэр і наш сусед. Таму такі візыт абавязкова будзе”.

У Страсбуры адбудуцца сустрэчы з дэпутатамі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту. Беларускія апазыцыянэры распавядуць пра цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі. Учора Анатоль Лябедзька сустрэўся з лідэрам фракцыі лібэралаў-дэмакратаў Эўрапарлямэнту. Ён прапанаваў падпісаць сумесны мэмарандум паміж беларускай кааліцыяй і кіраўнікамі фракцый Эўрапарлямэнту. Яшчэ накіравана просьба да кіраўніцтва Эўрапарлямэнту, каб адзін з профільных камітэтаў даў юрыдычнае заключэньне, ці можа Аляксандар Лукашэнка балятавацца падчас маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў. Сёньня самая галоўная сустрэча плянаваная з камісарам у зьнешніх зносінах Эўразьвязу Бэнітай Фэрэра-Вальднэр. Са Страсбура Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Мы хочам паінфармаваць пра апошнія падзеі, яны даволі важкія ў Беларусі. Гэта кангрэс, гэта абраньне адзінага кандыдата, стварэньне структур, якія дзейнічаюць пасьля кангрэсу. Ну і калі атрымаецца, мы ня супраць зрабіць карэкцыю той міжнароднай палітыкі і міжнароднай дапамогі, якая ажыцьцяўляецца адносна Беларусі”.

Анатоль Лябедзька лічыць міжнародную дапамогу эфэктыўнай, калі яна даходзіць не да нейкай асобы, палітыка, арганізацыі ці структуры. А калі яна даходзіць да сярэднестатыстычнага грамадзяніна краіны. Найперш гэта тычыцца распаўсюду альтэрнатыўнай інфармацыі і абароны людзей, якія трапляюць пад палітычныя рэпрэсіі. Пра значэньне міжнародных кантактаў кааліцыі разважае адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары Аляксандар Мілінкевіч.

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што сустрэчы вельмі важныя, асабліва цяпер, таму што ўсё ж палітычная сытуацыя ў Беларусі зьмянілася. Многія і тут у краіне, і ў замежжы не чакалі, што апазыцыя сапраўды аб’яднаецца, што сапраўды будзе адзінай. І як бы расказаць пра тую сытуацыю, што сёньня, вельмі важна. Я заўсёды кажу, што перамога залежыць выключна ад нас. І вырашальнымі могуць быць толькі нашы дзеяньні. Але стаўленьне міжнароднай супольнасьці надзвычай важны. Ніколі не было такой увагі да Беларусі, як сёньня, і мы мусім з гэтага скарыстаць. Гэта фактары спрыяльныя, але вырашальная ўсё ж такі нашая праца”.
XS
SM
MD
LG