Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў Менску пабудаваная тэлевежа?


Ігар Карней, Менск Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка наведаў стратэгічныя будаўнічыя пляцоўкі – Нацыянальную бібліятэку, дзе вядуцца ўнутраныя працы, і закансэрваваны яшчэ ад савецкіх часоў “Акадэмгарадок” у сталічным мікрараёне Ўручча – тут неўзабаве будзе прапісаны Парк высокіх тэхналёгій. Сёньня Лукашэнка мусіць вырашыць яшчэ адну важную дзяржаўную задачу: ці мэтазгоднае ў Беларусі ўзьвядзеньне тэлевежы?

Савет Міністраў Беларусі двойчы ставіў пад сумнеў будаўніцтва ля менскага комплексу “БелЭкспа глябальнага аб’екту – тэлевежы. Аднак міністар сувязі Ўладзімер Ганчарэнка кожны раз пасьля гэтага зьвяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі, каб той тэрмінова ўмяшаўся і асабістым распараджэньнем ухваліў праект. Як насамрэч вырашыць гэтую дылему кіраўнік краіны, прадбачыць немагчыма. Аднак з крыніцаў у міністэрстве вядома: Лукашэнка вельмі прыхільна ставіцца да ідэі, на што сьведчаць і раней ухваленыя ім праекты. У грамадзтве, дарэчы, дагэтуль ўспрымаюцца неадназначна і гмах Нацыянальнай бібліятэкі, і шматлікія хакейныя палацы, і прыняты да рэалізацыі (насуперак меркаваньню таго ж ураду) праект Парку высокіх тэхналёгій...

Нагадаю, што ў 1998 годзе Міністэрства сувязі абвясьціла тэндэр на праект тэлевежы. Свае працы даслалі праектныя калектывы з 10 краінаў, але экспэртная камісія аддала перавагу беларускаму архітэктару Віктару Крамарэнку, аўтару стэлы “Горад-герой Мінск”, менскага чыгуначнага вакзалу, а таксама Нацыянальнай бібліятэкі. Праўда, тады было абвешчана – грошай на фінансаваньня няма. Гэтым разам спадар Крамарэнка спадзяецца: сродкі ўсё ж знойдуцца.

(Крамарэнка: ) “Вынікам тэндэра мусіць быць прысуджэньне першага месца з правам распрацоўкі дакумэнтацыі і будаўніцтва. Але ў адпаведнасьці з тым, што тады не вырашаліся праблемы фінансавыя, журы тэндэру і кіраўніцтва Міністэрства сувязі не магло падсумаваць вынікі, бо, зноў жа, не было сродкаў. Разам з тым, быў экспэртнай камісіяй вызначаны беларускі праект пад назвай “Папараць-кветка” і пасьля ўжо, падчас шэрагу ўрадавых разглядаў, было прынятае рашэньне – пытаньні, зьвязаныя з далейшай хадой па тэлевежы, адкласьці на 2007 год”.

Мэтазгоднасьць тэлевежы ў сучасным сьвеце практычна не абмяркоўваецца. Інфармацыйныя тэхналёгіі разьвіваюцца так, што падача сыгналю з максымальнай вышыні не патрабуецца. Спадарожнікавае тэлебачаньне, кабэльнае, інтэрнэт-індустрыя – усё гэта мае на ўвазе іншыя спосабы дастаўкі сыгналю. Кандыдат фізыка-матэматычных навук Ігар Сташкевіч перакананы: у дадзеным выпадку гаворка выключна пра чарговы, так бы мовіць, помнік, які прыжыцьцёва хоча паставіць сабе Лукашэнка.

(Сташкевіч: ) “Гэта толькі архітэктурны помнік, ня больш за тое. Як мне падаецца, грошы можна было б накіраваць у першую чаргу на тое, каб даваць датацыі тым, хто купляе спадарожнікавыя талеркі. І гэта было б куды больш карысна”.

Якраз напярэдадні Аляксандар Лукашэнка наладзіў інспэкцыю аб’ектаў, якія лічацца стратэгічнымі. Перадусім, госьця “занесла” на пляцоўку Нацыянальнай бібліятэкі. Лукашэнка раскрытыкаваў будаўнікоў за марудныя тэмпы і нізкую якасьць працаў. Ёсьць зьвесткі, што справы на аб’екце ўвогуле прыпыненыя, паколькі будынак дае моцную ўсадку, у зьвязку з чым з шыбаў вылятае шкло. Дарэчы, з улікам структуры глебы адмыслоўцы яшчэ раней папярэджвалі пра непажаданыя наступствы будаўніцтва на тарфяніку. Акадэмік, геоляг Радзім Гарэцкі кажа, што нават ў цэнтры Менску “хістаюцца” некаторыя дамы. Ня кажучы ўжо пра такі гмах.

(Гарэцкі: ) “Я ведаю, што нават у цэнтры Менску быў дом, які трохі “хістаўся” з-за праблемаў з так званай гідрагеалёгіяй. Запатрабаваліся нашыя кансультацыі з гэтай прычыны. Штосьці было прапанавана і хістаньні спыніліся, толькі нейкі час ён нібыта “зьвінеў” яшчэ. Такое насамрэч было. Таму такія рэчы цалкам магчымыя”.

Усе глябальныя будовы, ініцыяваныя ці падтрыманыя Лукашэнкам, надзвычай фінансаваёмістыя. Выдаткі на Нацыянальную бібліятэку ўжо склалі больш за 200 мільёнаў даляраў. Сабекошт Парку высокіх тэхналёгій – мільярд даляраў. Тэлевежа стартуе ад 100 мільёнаў. Каля 30 мільёнаў даляраў будзе ўкладзена ў спадарожнік “БелКА”. Толькі напачатку году здадзены ў эксплюатацыю гарналыжны комплекс “Сілічы”, а ўжо заяўлена пра пачатак будаўніцтва шэрагу іншых спартовых аб’ектаў: велатрэк, хакейных арэнаў у раённых цэнтрах, забаўляльнага комплексу з хакейным ухілам на 15 тысяч гледачоў у Менску, а таксама рэканструкцыя стадыёну “Трактар”. Аднак скарыць вышыню, на якую замахнуўся Крамарэнка, наўрад ці каму ўдасца. Калі Лукашэнка сёньня прыме станоўчае рашэньне, тэлевежа будзе саступаць толькі аналягічным збудаваньням у Таронта, Маскве і Шанхаі: супраць 460 мэтраў шанхайскай “Усходняй перліны” заплянаваныя 430 мэтраў у Менску. Астатнія атрыбуты будуць адпавядаць агульным стандартам: аглядныя пляцоўкі, панарамныя ліфты, рэстарацыі са шклянымі сьценамі і г.д.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG