Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жонка А.Мілінкевіча: “У Беларусі ідзе ўнутраная вайна”


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня – Міжнародны дзень барацьбы жанчынаў за мір. Ён адзначаецца ад 1980 году паводле рашэньня Міжнароднай дэмакратычнай фэдэрацыі жанчынаў. Пра тое, як беларускія жанчыны змагаюцца за мір – наш рэпартаж.

Дэмакратычныя жаночыя арганізацыі нашай краіны падтрымліваюць сяброўскія сувязі зь міжнародным жаночым рухам перадусім праз Праграму разьвіцьця Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Беларусі. Паводле сябра гэтага праекту Марыі Аліевай, кантакты апошнім часам слабеюць з-за таго, што ў Беларусі нават жаночыя арганізацыя патрапляюць пад юрыдычную дыскрымінацыю.

(Аліева: ) “У 32 гарадох былі офісы, былі юрыдычныя адрасы на кватэрах. Зараз гэтага няма. Нам давялося ліквідаваць структурныя падразьдзяленьні.”.

Марыя Аліева гаворыць таксама пра мэханізм выцісканьня жаночага руху з палітычнага поля ў Беларусі.

(Аліева: ) “У выбарах удзельнічаеце? Будзьце добрыя! У мабілізацыйных кампаніях, у зборы подпісаў – усё! На табе паставяць крыж. Калі адну арганізацыю ліквідуюць, то другая маўчыць. Але ж прыйдзе час – раней ці пазьней – усё роўна зьнішчаць іншую арганізацыю. Асабліва якая будзе хоць трошачкі зьвязаная з палітычным накірункам”.

Сказала Марыя Аліева. Старшыня Нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых арганізацый Сьвятлана Кароль паведамляе, што ў Беларусі зараз больш як 30 тысяч дзяцей сірот. 14 тысяч жанчынаў знаходзяцца на наркалягічным уліку. Амаль 5 тысяч маці ізаляваныя ад грамадзтва ў турмах і ЛТП.

(Кароль: ) “У нас што ні сфэра дзейнасьці, то ўсё барацьба. Хаця, вядома, нас таксама непакоіць усё, што адбываецца ў Расеі. Паказьнік – тэракт, які быў у Бэслане. Вельмі хваляваліся. Усё, што адбываецца ў Расеі, ня вельмі далёка ад нас. А ўсё астатняе – у Афрыцы ці Іраку, я мяркую, далёка.

Паводле спадарыні Кароль, беларускі пакуль ня вельмі актыўныя інтэрнацыяналісткі, бо ва ўласнай краіне ім становіцца цяжка выжываць. Больш радыкальна ацэньвае сытуацыю Ірына Кулей, жонка Аляксандра Мілінкевіча, які вылучаны адзіным кандыдатам у прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў.

(Кулей: ) “Мне падаецца, што, безумоўна, ёсьць унутраная вайна. Таму што ня вырашанае пытаньне нармалёвага існаваньня жанчыны ў грамадзтве, ні яе пэрспэктываў на будучыню, ні будучыні дзяцей”.

Пра дэкляраваны клопат кіраўніка краіны аб падвышэньні ролі жанчыны праз павелічэньне жаночага прадстаўніцтва ва ўладных структурах і парлямэнце спадарыня Іна Кулей сказала настунае.

(Кулей: ) “Я мяркую, што гэта проста спэцыяльная паказуха. Насамрэч вырашэньне пытаньняў, натуральных пытаньняў, якія хвалююць сёньня грамадзтва і жынчын у першую чаргу, яны не залежаць ад гэтага жаноцкага складу ні ў выканкамах, ні ў парлямэнце. Таму што ў нас кіраваньне ідзе ад адной асобы. І на месцы мала хто можа сваю думку, сваё меркаваньне выкласьці так, каб яны былі пачутыя”.

Да спадарыні Кулей была скіраваная таксама просьба назваць асноўныя сацыяльныя праблемы, вырашэньне якіх дазволіць палепшыць жаночую долю беларусак.

(Кулей: ) “Падвышэньне статусу сям’і. Падтрыманьне крэдытаваньнем, мажліва, спэцыяльнымі праграмамі. Другое – здароўе. Яно хвалюе кожную жанчыну. Гэта ня могуць быць такія выпадковыя рэйды па аздараўленьні, альбо, як кажуць, сьвяты. Трэцяе пытаньне – жанчына прыносіць, плянуе і дбае пра будучыню нацыі. І таму мне падаецца, што ня толькі стан фізычнага здароўя, але маральны і духоўны стан жанчыны павінен быць у цэнтры ўвагі грамадзтва”.
XS
SM
MD
LG