Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Адамкус скрытыкаваў Нямеччыну за палітыку адносна афіцыйнага Менску


Алена Струвэ, Менск У часе свайго візыту ў Бэрлін літоўскі прэзыдэнт Валдас Адамкус, фактычна, справакаваў канфлікт з экс-бундэсканцлерам Герхардам Шродэрам, паведамляюць сёньняшнія нямецкія газэты. Свае рэзкія прэтэнзіі на адрас бэрлінскага кіраўніцтва Адамкус выказаў як падчас асабістай сустрэчы са Шродэрам ў Бэрліне, так і ў размове зь нямецкімі журналістамі.

Мова ідзе пра нямецка-расейскае пагадненьне аб будаўніцтве трубапровада і нямецкую палітыку адносна афіцыйнага Менску. У перадачы “за круглым сталом” радыё “Deutsche Welle” Адамкус, у прыватнасьці, заявіў, што заклапочаны сытуацыяй ў суседняй Беларусі, якая мае агульныя межы зь Літвой. “Калі ты прачынаесься раніцай у Вільні, ты ніколі ня ведаеш, што адбылося ў суседнім Менску”, сказаў Адамкус у перадачы бонскага радыё. Паводле ягоных словаў, і Нямеччына, і Эўропа мусілі больш выразна прадэманстраваць сваё стаўленьне да афіцыйнага Менску, а таксама даць зразумець, што яны не пакінуць без падтрымкі ні беларускі народ, ні беларускую апазыцыю.

Як паведамляюць нямецкія мэдыі, экс-канцлер Шродэр застаўся незадаволеным, што размова паміж ім і Адамкусам адбылася больш чым шчырая і адкрытая, і ніяк не пракамэнтаваў заявы літоўскага лідэра.
XS
SM
MD
LG