Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска Возера ля возера Возера (фота)


Віталь Сямашка, Возера, Узьдзенскі раён (эфір 24 кастрычніка) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.



Мая задыякальная стыхія — вада. Мабыць, таму сярод чарговай нізкі адрасоў магчымых вандровак без ваганьняў абраў Узьдзеншчыну і ў ёй — Возера. Упершыню сутыкнуўся з гэткім тапанімічным парадоксам: у вёсцы Возера з амаль васьмю сотнямі насельнікаў ёсьць прыгожае аднайменнае Возера. А як усё гэта атрымалася гістарычна, расказала мясцовая краязнаўца, бібліятэкарка ды карэнная жыхарка Ірына Самовіч.



(Самовіч: ) “А легенда такая. Была царква, стаяла ў нізкім месцы, дзе шмат крыніцаў. За грахі людзкія крыніцы білі болей-болей, царква пайшла пад зямлю, утварылася возера. А сяліліся дзе здавён? На берагах рэк-азёр. Утварылася вёска, галаву ламаць не трэба было, як назваць — значыць, і вёска Возера. І цяпер крыніцы б’юць. Увойдзеш — добра чуваць, дзе халодная вада. А на маёй памяці пасярод былі відаць галінкі кустоў вербалозу, чаму і казалі — царква апусьцілася. Старыя бабкі дзецям наказвалі, каб далёка не заплывалі, бо зачэпяцца за крыж”.

А вось што дадала мне азяранка Тамара Барэйша:

(Барэйша: ) “Карась, платва ёсьць, рак сустракаецца — паказчык чысьціні”.

А калі ўлічыць, што да кальцавой дарогі вакол Менску адсюль кілямэтраў трыццаць, становіцца зразумелым, чаму ў Возеры няма звыклых для беларускай вёскі кінутых хат. Больш за тое, іх купляюць, як кажуць, наўзахваткі за цану ад 10 да 20 тысяч даляраў. Старшыня Вазёрскага сельсавету Віктар Пятровіч Батылёў мне з ахвотай адрапартаваў:

(Батылёў: ) “Былі звалкі дваццаць пяць гадоў — будаўнічае, бытавое сьмецьце. Якраз дзякуючы падаткам з дачнікаў закупаем кантэйнэры дадатковыя. Працуюць крамы, зрабілі амбуляторыю”.

Але згаданая Тамара мне тут жа наракае:

(Барэйша: ) “Каб быў гаспадар — зрабіў бы, акультурыў пляжы, зоны адпачынку”.

І вось чарговы парадокс — большасьць тутэйшых у Возеры жыве, але не працуе. Гэты чалавек жыве на вуліцы Маладзёжнай.

(Спадар: ) “Моладзі няма — на фірмах, у Менск аўтобусы праз гадзіну. У нас вуліца Маладзёжная — два кіроўцы толькі ў калгасе, а на вуліцы 24 хаты, усе паразыходзіліся”.

А вось вэрсія старшыні сельсавету Батылёва.

(Батылёў: ) “Самы асноўны біч — каналізацыя. Дамы будуюцца, а адвод сьцёкавых вод ня зроблены. Ёсьць, канечне, адстойнікі — трактар адкатвае, але ў гаспадарцы не заўжды, калі ўборка, могуць дапамагчы”.

У чаканьні старшыні гутарыў з сакратаркай сельсавету спадарыняй Манькоўскай. Безь пярэчаньняў даўшы дэмаграфічную статыстыку, нечакана для мяне тая раптам узарвалася, калі загаварылі пра мясцовыя праблемы.



(Манькоўская: ) “Выключайце, не прыставайце да мяне, а то будзе канцэрт!”

Хутка, аднак, таемнае стала яўным. Як высьветлілася, пра галоўны, паводле ягоных жа словаў, “біч”, старшыня Батылёў прамаўчаў. Даведаўшыся, адкуль я, мясцовыя на вуліцы самі адвялі мяне на ўскраіну вёскі, дзе стаяць пяць двухпавярховых катэджаў. У адным зь іх адваліліся бальконы. Жывуць жа дзьве сям’і — адпаведна па чатыры ды пяць чалавек. Дом пабудаваны дванаццаць гадоў таму. Пра тое ж, што адбылося ў 2000-м, распавядае жыхарка зь першага паверху Натальля Грыб:

(Грыб: ) “Трэснулі сьцены, нахіліліся, і ў два ночы ўпалі бальконы, разьбілася акно, і заляцелі сюды такія плыты! Дзеці хоць у спальні спалі. Ніхто нічога ня даў — падагналі цялежку, мы выцягвалі сваімі рукамі, ламамі разьбівалі. І мы ня можам дабіцца, я ўжо не патрабую, каб балькон вярнулі, хоць цэглай выклалі б, бо дождж пачынаецца, усё залівае, рамонту зрабіць ня можам. Калі вецер — падымаецца дах, зьляцела некалькі лістоў. Дом саўгасны, непрыватызаваны, мусяць рамантаваць — бачыце, нічога ня робяць. У суседкі па люстры цячэ вада, як дождж — гэта ж замыканьне, токам пазабівае. Мы, калі рухнула, пасьля апранутыя спалі — ня дай божа, упадзе. Мне дзяцей шкада, малыя, у школу ходзяць. Дык што нам рабіць?!”



Але гэты крык не дасягнуў вушэй ні кіраўніка ўзьдзенскай вэртыкалі Пожуха, ані тутэйшага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Дубовіка, цьвердзіць спадарыня Грыб.

(Грыб: ) “Дубовік прыяжджаў, я кажу: вы ж за сябе просіце галасаваць, я ў вас не кавалак хлеба прашу — дапамажыце! Не магу ж за мізэрны гэты заробак купляць будматэрыялы і дабудоўваць саўгасны дом! Яны пазначылі ў сшытак: як сьнег сыдзе, нешта будзем рабіць. Дык ён сыходзіць пяць гадоў! Без тэрарыстаў рушыцца хата!”

Возера зьяўляецца цэнтрам вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства — экспэрымэнтальнай базы імя Катоўскага. Гаспадарка лічыцца адной зь лепшых у раёне паводле ўраджайнасьці зерневых ды бульбы. Фінансавыя сродкі сканцэнтраваныя ў руках кіраўніка Іосіфа Ліцьвінкі. Апошні з журналістамі на памянёныя тэмы без дазволу зьверху не гаворыць. Паводле ж свайго абыходжаньня з падначаленымі тыя параўноўваюць Ліцьвінку з казачным Карабасам-Барабасам. Толькі зьдзек церпяць ня лялькі, а жывыя людзі. І зьневажальнае “быдла”са сваіх вуснаў на адрас тых, пра каго б мусіў клапаціцца, гэты чалавек падмацоўвае стварэньнем для іх адпаведных умоваў працы і жыцьця. У гэтым пераканаўся ў часе размовы з маладымі даяркамі Тамарай Сінякевіч ды Сьвятланай Руткоўскай. Дзяўчаты жывуць у адным з двух інтэрнатаў гаспадаркі, дзе мы й сустрэліся.

(Сінякевіч: ) “Прыбіральня забітая і не працуе, на кухні электрапліткі ў нас дзьве толькі. Зімой наагул без ацяпленьня. Я трэці год жыву — бывае моцны мароз, вада замярзае ў трубах, ходзім у калодзежы. Абмыцца — у вядры нагрэем і кубкам апалоскваемся”.

(Руткоўская: ) “Калі што, папракаюць жыльлём — і з гэтага выжывуць. Нават мяне, я адна з двума дзецьмі, дырэктар папракаў”.

(Сінякевіч: ) “Пяць кілямэтраў да фэрмы, раніцай завязуць, а адтуль: маладыя, пройдзецеся — у 12 ночы пехатой!”

(Руткоўская: ) “Кажа: не падабаецца, звальняйся. А бывала, што абзываў даярак быдлам, былі дурныя і застаняцеся”.

Як ні дзіўна, даволі камфортна пачуваюць сябе ў Возеры старыя, фэрмэры ды прадпрымальнікі. Да прыкладу, нягледзячы на тое, што зь мінулага году зачынены шпіталь на 25 ложкаў, адчынілася амбуляторыя ды бальніца сястрынскага догляду, дзе стала жывуць нямоглыя ды адзінокія старыя. Галоўны лекар амбуляторыі Алена Рэмез — адна зь першых у краіне сямейных доктарак. Пра перавагі сваёй новай спэцыялізацыі гаворыць упэўнена, у яе дванаццаць гадоў стажу.

(Рэмез: ) “Раней за любым дробным пытаньнем даводзілася накіроўваць чалавека ў раён. У залежнасьці ад кілямэтражу было цяжка даехаць. А цяпер сямейны лекар можа зашыць рану, паглядзець цяжарную, аказаць нэўралягічную дапамогу, бальнічны ліст можам даць, і акуліст — я гляджу дзяцей на месцы”.



Я ў пакоях бальніцы сястрынскага догляду, дзе мяне суправаджае загадчыца Тамара Морская. Знаёмлюся з вазёрскімі даўгавечніцамі — Надзеяй Лук’янаўнай Філязаповіч, якой на Пакравы стукнула 90, 80-гадовай Леанідай Канстанцінаўнай Шымановіч ды аднагодкай апошняй Лідзіяй Рыгораўнай Бабко, што нядаўна перанесла інсульт.

(Карэспандэнт: ) “Дык што, цётка Надзея, шампанскага на 90-годзьдзе вып’яце?”

(Філязаповіч, сьмяецца: ) “Можа… Сяброўкі ёсьць — вось жа сядзяць… Глядзяць: і таблеткі даюць, і есьці — я і не зьядаю”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы патрапілі?”

(Бабко: ) “Я спачатку ляжала паўтара году ў інфэкцыйнай бальніцы, тут ужо хутка год…”

((Шымановіч: ) “Адзінокая, як колас у полі — 80 год. Ногі не ідуць, і ўсё. Я ня ведаю, куды б мне падзецца, але, думаю, адгэтуль ніхто ня выганіць ужо…”



У 56-гадовага Міхаіла Барэйшы ды 51-гадовай ягонай жонкі Тамары юбілей — 10 гадоў у фэрмэрскай справе. Спадарыня Тамара яшчэ і старшыня савету Беларускага грамадзкага аб’яднаньня фэрмэраў. Кажуць, што ёсьць чым ганарыцца, пачыналі з 4 гектараў зямлі, цяпер гаспадараць на 61 гектары, маюць чатыры трактары, два грузавікі і два “мэрсэдэсы”, на якіх развозяць гэтымі днямі звыш за тысячу тон бульбы, 20 тысяч саджанцаў яблынь, па 3 тысячы кустоў парэчак, агрэсту, трускавак. Наймаюць штогоду 15 рабочых. Пры гэтым працоўныя абавязкі міжсобку даўно разьмеркаваныя — за мужам вытворчасьць, за жонкай — маркетынг ды збыт. Дзесяць гадоў таму фэрмэраў у Возеры было трое, былі пляны стварэньня супольнага каапэратыву, але на ногі сталі толькі Барэйшы. Кажа спадар Міхаіл:

(Міхаіл: ) “Калі выйшаў з калгасу, ня варта новага ствараць. Кожны цягнуў на сябе. Каб аб’ядноўвацца, трэба штосьці мець. Хоць, канечне, заходнія калегі бяруць удзел у двух-трох каапэратывах. У нас фэрмэрства ў дзіцячым стане”.

Знаёмлюся з трактарыстам Віктарам Казловым — ён у Барэйшаў другі год на сталай працы.



(Карэспандэнт: ) “У калгас не вярнуліся б?”

(Казлоў: ) “У калгас — не! У калгасе шмат начальства і ніхто ні за што не адказвае. Зломіцца тэхніка — ходзіш паўдня, нікога ня знойдзеш. Узімку 30—50 тысяч атрымліваюць. У фэрмэра кожны дзень з 8 да 16 працоўны дзень, узімку і ўлетку пастаянная праца і заробак пастаянны — колькі, ваенная тайна! (Сьмяецца.) 550 тысяч без аніякіх затрымак”.

Пытаньне з пытаньняў сёньня — негалосная забарона на закуп фэрмэрскай прадукцыі дзяржаўнымі арганізацыямі, кажа Тамара:

(Тамара: ) “Прывезьлі, кажуць — у нас загад мясцовых чыноўнікаў браць ад гэтага калгасу бульбу, капусту. А за якасьць там ніхто не адказвае, тры нормы гербіцыдаў увалье. А ў нас захоўваецца тэхналёгія”.

(Карэспандэнт: ) “А як выкручваецеся з сытуацыі?”

(Міхаіл: ) “Калі чалавек прывязе якасную прадукцыю — знаходзяць. Мы знаходзім прыватных прадпрымальнікаў у гарадах, якіясьці базы, крамы, якім патрэбныя дробныя партыі. Усё залежыць, урэшце, ад нас. У нас павялічваецца рэнтабэльнасьць і многія гаспадаркі ня так проста заваліць ужо…”



Легенда Возера — Анатоль Сташэўскі. Яму за пяцьдзясят. Галоўнае слова ў ягонай біяграфіі — “першы”. Першы ў раёне 15 гадоў таму распусьціў партарганізацыю і стаў прадпрымальнікам. Стаў першым сельскім брокерам краіны і правёў першы аўкцыён, у выніку якога выкупіў Дом быту, дзе сёньня месьцяцца ягоныя крама ды кафэ-бар. У 1995-м першы адкрыў прыватную пякарню, што абслугоўвала сорак вёсак. Стаў дэпутатам райсавету. Са спадаром Сташэўскім гутарым пра страты ды набыткі, як ён кажа, крылатых часоў.

(Сташэўскі: ) “З тае сотні прадпрымальнікаў, што першыя былі зарэгістраваныя, застаўся адзін я. Хто банкрутам стаў, хто зьнямогся. Пякарню маю закрылі лістом аблвыканкаму і напісалі гэтак, што прыйшлося самому зачыніць — у мяне, маўляў, адсутнічае сыстэма ўласных крамаў у кожнай вёсцы. А людзі ў мяне бралі лепш, чым у раёне, таму што смакам лепшы і цаной меншы. Улада над кожным чалавекам цісьне. Я ня бачу татальных дурняў сярод упраўленцаў. Але страх такі, што не жадае з табой разважаць на ўсе тэмы. Сам разумею, як дэпутат, што, калі будзеш спрачацца, абавязкова будзе ўдар па галаве — ня страх, а бессэнсоўна галавой аб сьценку біцца…”

(Карэспандэнт: ) “Прадпрымальніцтва на каленях?”

(Сташэўскі: ) “Думаю, што самі яны не здадуцца! У мяне асартымэнт тавараў ня менш за сотні тры — кілбасаў 25 найменьняў, малака — 15, цукеркі, пячэньне — ня менш за 50. А ў дзяржаўнай прадаюць віно, крупы, соль, цукар. У бары адзінае за 100 кілямэтраў піва ахалоджанае…”

А яшчэ чым ганарацца ў Возеры, дык сваёй сярэдняй школай. У гэтым годзе 100% вучняў паступілі ў розныя навучальныя ўстановы. Сем выпускнікоў працуюць настаўнікамі ў роднай школе. Усе адданыя прыхільнікі беларушчыны, любоў да якой прышчапляюць і дзецям. Гэта ўжо кажа завуч ды настаўнік беларускай мовы і літаратуры Галіна Колас. Настаўнікі, як і мясцовыя прадпрымальнікі, кажуць, што яны дзеці 1991-га, калі ў асобна ўзятым Возеры дзесяцігодзьдзе дыхалі паветрам свабоды, кажа Галіна.

(Галіна: ) “Я дзецям гавару: творы Васіля Быкава перакладзены больш чым на пяцьдзясят моваў і гэта гаворыць само за сабе. Калі пра Янку Купалу, ягоны верш “А хто там ідзе” перакладзены больш як на восемдзесят моваў. Прыношу ім кнігу і паказваю на ўсіх-усіх мовах гэты пераклад. І ім становіцца ня проста прыемна, а гонар узьнікае, што мы, беларусы, значныя ў сьвеце…”

(Карэспандэнт: ) “А як вы тлумачыце адсутнасьць бел-чырвона-белага сьцягу, Пагоні?”

(Галіна: ) “Балюча, што сымбалі беларускасьці зьнікаюць. І калі цяпер узнавіліся піянэрская арганізацыя, БРСМ, недавер узьнікае і ў бацькоў, і ў вучняў — палітычны недавер. І атрымліваецца, што мы працуем насуперак сыстэме, бо прапагандуем сваё, беларускае. А ў праграмах школьных на беларускую мову, асноўную, усе менш і менш гадзінаў адводзіцца. І пакуль ёсьць такія апантаныя людзі, настаўнікі, якія любяць свой народ, ганарацца, наша Возера было, ёсьць, будзе…”
XS
SM
MD
LG