Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Статкевіча не пускаюць у адпачынак (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Адміністрацыя Баранавіцкай спэцкамэндатуры адмаўляе Міколу Статкевічу ў кароткачасовым адпачынку. Апазыцыйны палітык цягам трох месяцаў адбывае пакараньне на так званай “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, які адбыўся ў кастрычніку 2004 году.

Мікола Статкевіч лічыць, што мясцовыя міліцыянты выконваюць загад зьверху, не пускаючы яго ў адпачынак.

Паводле заканадаўства, калі асуджаны не парушаў правілы ўнутранага распарадку і не мае заўваг, то яго мусяць адпусьціць на трохдзённы адпачынак празь месяц зь пачатку адбыцьця пакараньня.

Першы раз адміністрацыя спэцкамэндатуры паведаміла Міколу Статкевічу, што зь Менску прыйшоў ліст ад кіраўніка міліцыі Першамайскага раёну аб тым, што візыт Статкевіча ў Менск можа дэстабілізаваць сытуацыю ў горадзе. Другі раз апазыцыйны палітык атрымаў аналягічны адказ.

Мікола Статкевіч паведаміў Радыё Свабода, што намесьнік кіраўніка спэцкамэндатуры запэўніў яго, што яму будзе забаронены выезд у Менск да сканчэньня тэрміну адбыцьця пакараньня. Тады Мікола Статкевіч падаў заяву, каб яго адпусьцілі ў межах Баранавічаў. Сёньня міліцыянты мусілі даць адказ, але патлумачылі, што пытаньне яшчэ вырашаецца і агучаць яго пазьней.

Супрацоўнік камэндатуры капітан Аляксандр Баркоўскі паведаміў Радыё Свабода:

(Баркоўскі: ) “Варта ці ня варта – гэта ня мы вырашаем. Тэрытарыяльныя органы вырашаюць. Будзе станоўча, то й праблемаў ня будзе”.

Мікола Статкевіч лічыць, што баранавіцкія міліцыянты дзейнічаюць згодна з загадам зьверху.

(Статкевіч: ) “На гэтае пытаньне, магчыма, адказаў мой зямляк са Слуцку Анатоль Балакіраў. Паводле яго, Лукашэнка баіцца Статкевіча нават на “хіміі”. Гэта адзінае магчымае тлумачэньне таго, што адбываецца вакол мяне – штодзённыя нагляды, эскорты на абед, неафіцыйны кантроль людзей у цывільным і штодзённы двухразовы афіцыйны кантроль на працы. На “хіміі” знаходзяцца 200 чалавек. Уяўляеце, што было б, і колькі б спатрэбілася міліцыянтаў, каб кожнага кантралявалі па два разы на дзень? Страх, вялікі страх”.

Участковы міліцыянт мусіць даць пісьмовы адказ, ці варта дазволіць Міколу Статкевічу правесьці выходныя дні ў свайго бацькі. Апазыцыйны палітык наведаў міліцыянта. Ён са сьмехам згадаў тую сустрэчу:

(Статкевіч: ) “Казаў: "ну, нешта вас тут просяць адпусьціць, а раптам вы пачнеце піць, дэбашырыць, украдзеце нешта. Я падумаю". Я ў яго спытаўся, ці чытаў ён маю справу. Калі ён адказаў: “Не”, я параіў яму пачытаць. Калі я праз 15 хвілінаў прыйшоў да яго, то гэта ўжо быў іншы чалавек, зь іншай інтанацыяй. Я спытаўся: “Вы пераканаліся, што я ня буду піць і рабаваць?” Ён адказаў: каб вы пілі, не было б ніякіх праблемаў.”

Паводле Міколы Статкевіча, яго амаль штодня наведваюць то паплечнікі, то замежныя журналісты, то дыпляматы. На ягоную думку, гэта таксама ўплывае на рашэньне ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG