Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымы расейскі праект беларускай апазыцыі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 20 кастрычніка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітоляг Віталь Сіліцкі і галоўны рэдактар часопісу “ARCHE” Валер Булгакаў.

(Валер Карбалевіч: ) “Некаторыя расейскія СМІ назвалі Аляксандра Мілінкевіча, выбранага Кангрэсам дэмакратычных сілаў адзіным кандыдатам ад апазыцыі, антырасейскім палітыкам. І ўвогуле, аб’яднаньне апазыцыі дзеля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах у Маскве разглядаюць як заходні праект, што аўтаматычна разумеецца як антырасейскі.

Апошні час у незалежных СМІ разгарнулася дыскусія наконт таго, ці існуе ў апазыцыі пазытыўная расейская палітыка. Генэрал Фралоў у “Народнай Волі” абвінаваціў апазыцыю ў тым, што яе палітыка адносна Расеі нэгатыўная, а патрэбны пазытыў.

Палітоляг Суздальцаў на сайце “Наше мнение” таксама адзначыў, што праект апазыцыі — з адным крылом, заходнім, таму пацерпіць паразу. Ён абвінаваціў апазыцыю ў тым, што яна ня здолела працаваць з Расеяй, поўнасьцю аддаўшы гэты кірунак Лукашэнку.

Магчыма, што такія папрокі не зусім справядлівыя. Колькі гадоў таму АГП разам з расейскім Саюзам правых сілаў распрацавалі і падпісалі сваю альтэрнатыўную праграму беларуска-расейскіх дачыненьняў, у якой акцэнт зроблены на эканамічную інтэграцыю. Але гэтая праграма не зацікавіла расейскую эліту. І ў асяродзьдзі беларускай апазыцыі яна выклікала нэгатыўную рэакцыю. Можна нагадаць, што 2002 годзе, калі ў Менск прыляцела дэлегацыя СПС, Барыса Немцова дэпартавалі беларускія ўлады, а тых, хто даехаў, “Малады фронт” закідваў яйкамі. Дык чаму ў апазыцыі няма расейскага праекту?”

(Віталь Сіліцкі: ) “Апазыцыя ў Беларусі вельмі неаднародная, хтосьці імкнуўся гуляць на расейскім полі, хтосьці – не. Калі казаць пра тую падзею, якую вы згадалі, то трэба ўспомніць кантэкст 2004 году. Тады Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі абласьцямі. А Нямцоў казаў: згаджайцеся, гэта ў вашых інтарэсах. Дык чаму іх было яйкамі не закідаць?

Фундамэнтальная праблема дачыненьняў беларускай апазыцыі з Расеяй не ў самой апазыцыі і яе (нібыта) антырасейскасьці. Праблема ў тым, што ў Расеі нават на ўзроўні “лібэральных адшчапенцаў”, кшталту Нямцова, не існуе ўспрыманьня Беларусі як незалежнай дзяржавы”.

(Валер Булгакаў: ) “Найперш, хачу сказаць, што ў беларускай апазыцыі няма і “ўкраінскага” альбо “польскага” праекту. У аб’яднанай апазыцыі ў форме “дзясяткі” няма аднастайнага супольнага “заходняга” праекту. Па-другое, сам “расейскі” праект, асабліва так, як ён цяпер навязваецца прадузятымі палітолягамі накшталт Суздальцава, можа быць успрыняты вельмі неадназначна.

Калякрамлёўскія эліты даюць знаць, што Лукашэнка, як палітычны кліент крамлёўскай адміністрацыі, іх не задавальняе, і ім патрэбен больш пакладзісты чалавек, які будзе больш гарманізаваць з інтарэсамі Расеі. Вельмі цяжка ўявіць, якім жа чынам трэба разгарнуцца ў бок Расеі, каб быць больш пакладзістым, чымсьці цяперашні беларускі кіраўнік.

Усё ж у апазыцыйным лягеры існуе адносны кансэнсус у дачыненьні да незалежнасьці, важнасьці нацыянальных і культурных сымбаляў.

У мяне складваецца ўражаньне, што ўсе гэтыя размовы супрацоўнікаў Глеба Паўлоўскага і іншых расейскіх паліттэхнолягаў робяцца дзеля таго, каб напусьціць тут дымавую завесу пад маючыя адбыцца прэзыдэнцкія выбары. І расейскі праект у падачы тых дзеячаў, якіх вы згадалі, абсалютна ўтапічны. І з тымі палітычнымі акторамі, якія цяпер гуляюць на беларускім полі, ён абсалютна невыканальны”.

(Карбалевіч: ) “А які праект задаволіў бы Расею? Вось Суздальцаў у згаданым артыкуле прапанаваў асноўныя тэзы: Беларусь не павінна ўступаць у НАТО і іншыя блёкі, мець саюзьніцкія дачыненьні з Расеяй, дапусьціць у эканоміку расейскі капітал. Але ці задаволіць гэта Расею?”

(Сіліцкі: ) “Я ня бачу з боку Расеі абсалютна ніякага ўспрыманьня Беларусі як дзяржавы. Прычым, з боку любых сэгмэнтаў расейскай эліты. І пакуль такое ўспрыманьне застаецца, то ў любых адносінах на ўзроўні афіцыйным, узроўні грамадзкіх супольнасьцяў, узроўні стасункаў Крамля і беларускай апазыцыі будзе нейкая падазронасьць. Заўжды беларускі дзеяч будзе падазраваць расейцаў у імкненьні да анэксіі. А расейцы будуць падазраваць беларусаў у жаданьні зьбегчы на Захад. Гэта псыхалягічная, культурная, мэнтальная праблема. І пакуль яна існуе, ніякія праекты немагчымыя.

Глеб Паўлоўскі актыўна цяпер працуе, каб стварыць сваю кліентуру ў Беларусі. Але зноў згадваецца 2002 год, калі так ці інакш у падтрымку Пуціна тут выступілі толькі Сініцын і Ярашук. Дык іх амаль што затапталі”.

(Булгакаў: ) “Тое што прапаноўвае Суздальцаў, гэта няпраўда. Бо ён абыходзіць вельмі сур’ёзныя пытаньні, напрыклад, пытаньні інфармацыйнай, культурнай, канфэсійнай палітыкі. Няўжо Расея будзе ўспрымаць нармальна на пасадзе прэзыдэнта як свайго чалавека такога палітыка, які дапусьціць існаваньне аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Беларусі?

Я б не пагадзіўся з спадаром Сіліцкім, што Расея вельмі хоча падарваць, увогуле ня верыць у існаваньне беларускай дзяржавы. Я думаю, што раней ці пазьней, і часткова ўжо цяпер расейскія эліты зьмірацца з фактам існаваньня сувэрэннай Беларусі.

Але праблема тут глыбейшая.

Прызнаючы існаваньне беларускай дзяржавы, расейскія эліты ні ў якой меры ня хочуць прызнаваць існаваньня беларускай нацыі. Гэта стаўленьне як да малодшага брата, як да амаль асыміляванага ў расейскую мову і культуру атожылка на захадзе ад Масквы. Такое стаўленьне да Беларусі мае яўнае культурнае прачытаньне.

Акурат у гэтым можа быць разгадка гэтай загадкі, што ж такое прарасейская палітыка, і які кандыдат адпавядае ўяўленьням цяперашняй расейскай адміністрацыі. Фармальна такі чалавек можа ня мець нічога супраць беларускай дзяржаўнасьці, але будзе ўсялякім чынам гамаваць нацыянальнае разьвіцьцё беларусаў.

Бо, як паказвае эўрапейскі досьвед, толькі трыюмф нацыянальнага праекту, авалодваньне масамі нацыянальнай ідэнтычнасьцю стварае перадумовы для выхаду той ці іншай нацыі ў эўрапейскую цывілізацыйную прастору.

Што Расея цяпер зробіць стаўку на чалавека з апазыцыі, якой бы яна ні была, каб ён разламаў цяперашні рэжым на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах, — гэта, мне здаецца, поўны абсурд.

Я быў у Маскве, бачыў, чым займаецца Паўлоўскі і пераканаўся: гэта працуе на ўтрыманьне статус-кво”.

(Карбалевіч: ) “Мае суразмоўцы выказалі меркаваньне, што наўрад ці магчыма ў прынцыпе распрацаваць і прыняць супольны апазыцыйны праект, які задаволіў бы Расею. Вось спадар Булгакаў сказаў, Масква хоча захаваць на беларускім кірунку статус-кво. Але ўсе публічныя выказваньні расейскіх афіцыйных і неафіцыйных асобаў, экспэртаў кажуць пра тое, што якраз статус-кво Маскву і не задавальняе. Яна хоча большага, імкнецца, як яны кажуць, да “сапраўднай інтэграцыі”, то бок аб’яднаньня, то бок далучэньня Беларусі.

Дык ці магчыма зьяўленьне ў апазыцыйным асяродзьдзі такой праграмы, якая б абяцала Маскве больш, чым сёньня дае Лукашэнка? Вось Фралоў у сваім артыкуле лічыць магчымым увесьці адзіную валюту, на што не пагаджаецца дзейны кіраўнік Беларусі. Але Фралоў — палітык-адзіночка. У Беларусі няма апазыцыі, якая б выступала за большую інтэграцыю з Расеяй, чым Лукашэнка, няма панславістаў, як арганізаванай сілы.

Калі ў 2002 годзе Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі абласьцямі, яго падтрымаў толькі беларускі палітык-адзіночка Сініцын і, часткова, Ярашук. Дык ці магчымы ў прынцыпе апазыцыйны праект, які задаволіў бы Расею?”

(Сіліцкі: ) “Вы сказалі, што Расея хоча нашмат больш. І гэта дзесьці адпавядае маёй тэзе аб успрыманьні Расеяй Беларусі. Калі Расея зьменіць сваё ўспрыманьне Беларусі, то тады іншая справа, зьявіцца нейкі давер. Я таксама пагаджуся з спадаром Булгакавым: пытаньне ня толькі аб дзяржаве, але і аб нацыі, аб супольнасьці грамадзянаў. А цяпер пры камунікацыях на ўзроўні грамадзянскай супольнасьці нават яшчэ большае непаразуменьне, чым на ўзроўні элітаў, у газавых і іншых канфліктах”.

(Булгакаў: ) “Можа быць, праект, распрацаваны нейкай кліенцкай арганізацыяй, якая будзе мімікрыраваць пад прарасейскую апазыцыю. Тэарэтычна гэта магчыма. Але наколькі такі праект будзе жыцьцяздольным? Наколькі ён будзе адпавядаць глыбінным спадзяваньням беларускіх масаў?

Зь іншага боку, лукашэнкаўскі рэжым вельмі раўніва ставіцца да падобных ініцыятываў, бо ён спрабуе ўзурпаваць эксклюзіўныя адносіны з Расеяй. Гэты рэжым нездарма дванаццаць гадоў займаўся ўсёй гэтай мітусьнёй і рыторыкай пра інтэграцыю, каб проста так выпусьціць такую вельмі важную казырную карту ў гульні зь беларускім электаратам. Таму гэты праект будзе жорстка прэсінгавацца рэжымам”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, лёгіка міжнародных працэсаў вакол “беларускага пытаньня”, калі Захад падтрымлівае апазыцыю, а Расея падтрымлівае Лукашэнку, аб’ектыўна перашкаджаў распрацоўцы апазыцыяй сваёй праграмы на расейскім кірунку. Але праблема палягае ня толькі ў магчымым слабым разуменьні апазыцыяй расейскага чыньніку. Галоўная праблема ў пазыцыі расейскай эліты. Пакуль Масква будзе бачыць сваю галоўную задачу ў тым, каб далучыць Беларусь да сябе, апазыцыя наўрад ці можна разьлічваць на разуменьне Крамля. Іншы варыянт: калі апазыцыя прадэманструе сілу, тады Расея будзе вымушаная лічыцца, як гэта адбылося ва Ўкраіне”.
XS
SM
MD
LG