Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты ў Кіргізстане інсьпіраваныя мафіяй?


Сьвятлана Курс, Прага У Кіргізстане прадстаўнікі мітынгоўцаў, парлямэнт і прэм’ер абмяркоўваюць, як пазьбегчы крызысу ў краіне. На мінулым тыдні пачаўся бунт у калёніі Малдаванаўка, які прывёў да забойства парлямэнтарыя пры таямнічых абставінах. Інцыдэнт выклікаў масавыя пратэсты ў Бішкеку й Ошы, дэманстранты заклікалі да адстаўкі прэм’ера краіны, якога яны лічаць адказным за забойства.

У Бішкеку сотні дэманстрантаў мітынгуюць чацьвёрты дзень, дамагаючыся адстаўкі прэм’ера Кіргізстану Фэлікса Кулава. Непадалёк сотні прыхільнікаў Кулава мітынгуюцьь у ягоную падтрымку. Паміж гэтымі групамі ў будынку парлямэнту дэпутаты працуюць над тым, каб выйсьці з крызысу, які распачаўся з-за таямнічага забойства дэпутата Тынычбэка Акматбаева ў збунтаванай калёгіі Малдаванаўка. Прызначаная камісія зь сямі чалавек, каб расьсьледаваць абставіны забойства.

Незразумелым чынам зьняволеныя атрымалі доступ да зброі ў дзень наведваньня Акматбаева, і яго застрэлілі. Прэм’ер Кулаў сам пайшоў да бунтаўнікоў і пераканаў іх аддаць цела дэпутата, але Рыспэк Акматбаеў, брат забітага і арганізатар акцыяў пратэсту, перакананы ў тым, што прэм’ер і некаторыя чальцы ўраду дачынныя да сьмерці ягонага брата.

(Акматбаеў: ) "Фэлікс Кулаў быў супраць таго, каб брат кіраваў камісіяй па бясьпецы. Ён папрасіў Тынычбэка сысьці з пасады. Брат мне пра гэта не казаў, але цяпер распавялі ягоныя памочнікі. Апрача Кулава ёсьць і некаторыя іншыя, адказныя за сьмерць Тынычбэка – сьпікер парлямэнту Амурбэк Тэкебаеў і намесьнік міністра ўнутраных справаў Алімбай Султанаў”.

Дэманстранты ў Бішкеку й Ошы ўсталявалі намёты, рыхтуючыся да працяглай акцыі супраць Фэлікса Кулава. Сьпікер Тэкебаеў у панядзелак прасіў іх разысьціся, абяцаючы аб’ектыўнае расьсьледаваньне сьмерці Акматбаева. Таксама ўчора Кулаў адправіў у адстаўку міністра ўнутраных справаў Султанава.

Парлямэнт не разглядае пытаньня адстаўкі прэм’ера – гэта, паводле сьпікера Тэкебаева, не ў ягонай кампэтэнцыі. Прэзыдэнт Кіргізстану Курманбэк Бакіеў пакуль не адрэагаваў на патрабаваньні аб адстаўцы Кулава, але прэм’ер заявіў, што падначаліўся б ягонай волі. Сакратар Рады Бясьпекі Кіргізстану Міраслаў Ніязаў папярэдзіў мітынгоўцаў, што ў выпадку патрэбы будуць прмяняцца “адэкватныя меры”.

Назіральнікі лічаць, што хаос у краіне выкліканы супрацьдзеяньнем паміж новым кіргізскім кіраўніцтвам і моцнымі злачыннымі групоўкамі, якія параўнальна беспакарана гаспадарылі пры Аскару Акаеве. З часоў сакавіцкай Цюльпанавай рэвалюцыі забітыя тры прадстаўнікі новых уладаў. Расьсьледаваньне паказала на магчымыя сувязі паміж урадам і злачынным сьветам. Пасьля забойства дэпутата Баямана Эркінбаева ў верасьні прэзыдэнт Бакіеў заявіў, зьвяртаючыся да парлямэнта:

(Бакіеў: ) "Тое, што злачынныя элемэнты зьліліся з праваахоўнымі органамі – ні для кога не навіна. Вы гэта таксама цудоўна ведаеце. Сярод тых, хто вось тут сядзіць, ёсьць людзі, якія добра ведаюць пра тое, што адбылося, ведаюць, хто з гэтым зьвязаны і якім чынам”.

Ёсьць зьвесткі, што брат забітага дэпутата, Рыспэк Акматбаеў, мае сувязі са злачынным сьветам. Некаторыя лічаць, што пратэст арганізаваны буйнымі злачыннымі групоўкамі, каб падзяліць уладу з новымі лідэрамі краіны. Прэзыдэнт Бакіеў, падтрыманы прэм’ерам Кулавым, заявіў, што барацьба супраць карупцыі – адзін зь ягоных прыярытэтаў. Апошнія падзеі паказваюць, што барацьба гэта будзе складанай і доўгай.
XS
SM
MD
LG