Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі за хабар службоўцаў з ФПБ


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух чыноўнікаў з Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі — дырэктара спартова-аздараўленчага комплексу і кіраўніка дырэкцыі кіраваньня ўласнасьцю ФПБ. Паводле сьледчых, першы падбухторваў дырэктара ўнітарнага прадпрыемства “Стрымтайм” даць хабар 125 тысяч даляраў службовым асобам Фэдэрацыі прафсаюзаў. Другі атрымаў 12 тысяч даляраў хабару.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі дырэктара спартовага комплексу спадара Кудаку ў службовым кабінэце ў той момант, калі яму перадавалі хабар. Спартова-аздараўленчы комплекс імя Марата Казея знаходзіцца ў пасёлку Ждановічы, што ў прыгарадзе сталіцы. Дырэктар комплексу абяцаў дапамагчы ў заключэньні дамовы набыцьця зямельных участкаў, якія зьяўляюцца ўласнасьцю прафсаюзаў.

Яшчэ аднаго чыноўніка, кіраўніка дырэкцыі ўпраўленьня ўласнасьцю прафсаюзаў спадара Сьцепука міліцыянты затрымалі ў момант атрыманьня хабару 12 тысяч даляраў.

Сустаршыня незалежнага прафсаюзу Аляксандар Бухвостаў упэўнены, што хабарніцтва сярод чыноўнікаў ФПБ — распаўсюджаная зьява.

(Бухвостаў: ) “Я мяркую, што гэтая стыкоўка Фэдэрацыі прафсаюзаў і ўлады ёсьць гняздом карупцыі, якая разьвіваецца ўнутры сучаснай палітычнай сыстэмы Беларусі. Тое, што цяпер адбываецца, гэта дзікунства для прафсаюзаў, бо яны не павінны валодаць значнай уласнасьцю. Прафсаюзы змагаюцца за правы працоўных і маюць тую ўласнасьць, якую сфармавалі за кошт прафсаюзных унёскаў. ФПБ на чале з Козікам — па сутнасьці напаўдзяржаўная структура. Яна займаецца разьвіцьцём бізнэсу. А там, дзе такі левы бізнэс, там і карупцыя. Я лічу, што трэба яшчэ больш капануць, чым займаюцца вярхі ФПБ. Дзяржаўныя прафсаюзы ня могуць рабіць інакш. Яны арганізоўваюць прадпрыемствы, займаюцца разьвіцьцём сваёй уласнасьці. Ну, а дзе такі бізнэс — там і хабарніцтва. Так што гэта вынік таго, што стала з прафсаюзамі”.

Пакуль не прынята рашэньне аб тым, якая пракуратура будзе весьці крымінальную справу за хабарніцтва чыноўнікаў ФПБ. Калі цягам сутак затрыманым чыноўнікам прад’явяць абвінавачаньні, то ім можа пагражаць пазбаўленьне волі ад 5 да 10 гадоў.
XS
SM
MD
LG