Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьменяцца беларуска-польскія дачыненьні з новым прэзыдэнтам?


Як зьменяцца беларуска-польскія дачыненьні з новым прэзыдэнтам? Паводле вынікаў другога туру выбараў 23 кастрычніка, новым прэзыдэнтам Польшчы стаў Лех Качыньскі. Партыя правых кансэрватараў, да якой належыць новаабраны кіраўнік краіны, вылучаецца жорсткім стаўленьнем да антыдэмакратычных уладаў шэрагу краінаў былога Савецкага Саюзу. Як зьменяцца адносіны паміж Польшчай і Беларусьсю пасьля абраньня прэзыдэнтам Леха Качыньскага? Гэтае пытаньне на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Юнак: ) “Я думаю, што адносіны паміж Беларусьсю і Польшчай на гэты час вельмі добрымі ня будуць з тае прычыны, што адносіны новага прэзыдэнта да Беларусі, Расеі і ўвогуле краінаў сацлягеру ня вельмі добрыя”.

(Спадар: ) “Качыньскі – лібэрал. Праўда, у яго была цікавая думка — нібыта чамусьці нас павучыць. Польшча нашая суседка, да якой мы вельмі паважліва ставімся. Хацелася б, каб і Польшча да нас з павагаю ставілася”.

(Спадар: ) “Ад гэтага прэзыдэнта ні нам, ні Расеі нічога добрага ня сьвеціць. Бо ён прэтэндуе на нашыя ўсходнія землі”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці памяняюцца беларуска-польскія міждзяржаўныя адносіны пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы?”

(Спадарыня: ) “Не павінны, мы ж суседзі. У кожным разе, я ня думаю, што мы станем ворагамі, хутчэй — сябрамі. І якая розьніца — які прэзыдэнт?”

(Юнак: ) “Увогуле, адносіны, можа, і палепшацца. Бо суседзі ўсё ж такі. Той скандал паступова забудзецца, і будзем жыць, як і жылі”.

(Спадарыня: ) “Я вельмі рада, што ён прыйшоў да ўлады, бо ў яго ня толькі сымпатычнае аблічча, але і думкі. Думаю, што дачыненьні зь Беларусьсю ня будуць у горшы бок, бо адна рэч Расея ці Нямеччына, а іншая — Беларусь. Тым больш, калі я не памыляюся, калісьці тут у Менску да рэвалюцыі Качыньскія жылі”.

(Спадар: ) “Нашыя народы вельмі шмат зьвязвае — так гістарычна склалася. Я думаю, што ўсё гэта перамелецца, мы застанемся добрымі суседзямі”.

(Юнак: ) “Па праўдзе кажучы, адносіны і так былі кепскія, і ў горшы бок мяняць няма ўжо куды — мы ўсё ж такі ня ў стане вайны. І ў лепшы бок мяняць таксама нельга, бо наш цяперашні рэжым таксама Польшчы недаспадобы. І калі ў нас нічога ня зьменіцца, то на бліжэйшыя пяць гадоў яны па-ранейшаму застануцца нацягнутымі”.

Гл. таксама • Што чакаюць беларусы Польшчы ад новага прэзыдэнта? • Як у Беларусі камэнтуюць перамогу Леха Качыньскага? • Афіцыйны Менск разьлічвае на супрацоўніцтва з новымі ўладамі Польшчы • Афіцыйныя вынікі ЦВК: прэзыдэнтам Польшчы стаў Лех Качыньскі • "Лех Качыньскі яшчэ на пасадзе мэра Варшавы пачаў ствараць Беларускі дом..." • “Качыньскі будзе больш жорстка адстойваць інтарэсы Польшчы ў Эўразьвязе”
XS
SM
MD
LG