Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршаецца фармаваньне штабной вэртыкалі адзінага кандыдата


Валер Каліноўскі, Менск На сёньня прызначаныя кіраўнікі ўсіх абласных штабоў адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі (акрамя гарадзенскага), а таксама значнай колькасьці гарадзкіх і раённых штабоў. Паводле кіраўніка цэнтральнага перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі Сяргея Калякіна, асноўнымі прынцыпамі дзейнасьці гэтых структураў маюць стаць дысцыпліна і адказнасьць.

Як паведаміў кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін, кіраўніком берасьцейскага штабу прызначаны старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Юрась Губарэвіч, віцебскі абласны штаб узначаліў старшыня аддзяленьня Фонду імя Лява Сапегі Хрыстафор Жаляпаў, магілёўскі — прадстаўнік АГП Уладзімер Шанцаў, гомельскі — Уладзімер Кацора, які таксама прадстаўляе АГП. Менскім штабам будзе кіраваць Валянціна Палевікова. Бліжэйшым часам будзе прызначаны кіраўнік гарадзенскага штабу — ягоная кандыдатура пакуль узгадняецца. Сяргей Калякін зазначыў, што ўсе гэтыя людзі маюць патрэбны досьвед ды арганізатарскія здольнасьці, іх кандыдатуры падтрымаў актыў на месцах.

(Калякін: ) “Падыход быў такі, каб з гэтым чалавекам магла працаваць як мага большая колькасьць актывістаў на месцах... Кіраваньне кампаніямі будзе ісьці вэртыкальна, з цэнтру ўніз”.

Сяргей Калякін паведаміў, што цягам бліжэйшага тыдня будзе завершанае фармаваньне абласных штабоў і будуць вызначаныя кіраўнікі гарадзкіх і раённых штабоў.

Юрась Губарэвіч паведаміў, што днямі быў сфармаваны баранавіцкі раённы штаб, цяпер арганізацыйная праца на Берасьцейшчыне практычна завяршаецца. Спадар Губарэвіч перакананы, што ў ягонай вобласьці дастаткова сілаў і рэсурсаў для пасьпяховай працы ў часе перадвыбарчай кампаніі.

(Губарэвіч: ) “Галоўны прынцып пабудовы штабоў, за які і я выступаў: людзі павінны прымацца не паводле прыналежнасьці да нейкіх структураў, а ў адпаведнасьці з прынцыпам функцыянальных абавязкаў, калі кожны чалавек ў штабе ведае, за што ён адказвае. У той жа час яго за гэта можна спытаць. Таму я лічу, што гэтая мадэль павінна працаваць”.

Кіраўнік віцебскага абласнога штабу Хрыстафор Жаляпаў паведаміў, што ў яго будуць працаваць 4—5 чалавек, якіх вылучаць прадстаўнікі кааліцыйнай дзесяткі ў Віцебску. Хутчэй за ўсё, гэта будуць лідэры мясцовых партыйных суполак:

(Жаляпаў:) “Цяпер я вяду размовы зь лідэрамі партыйных арганізацыяў, хто чым хоча займацца. Галоўнае, каб на асноўных кірунках дзейнасьці былі прызначаны адказныя людзі”.

Хрыстафор Жаляпаў перакананы, што ў большасьці раёнаў і гарадоў вобласьці будуць сфармаваныя паўнавартасныя перадвыбарчыя штабы. А калі ў нейкай мясцовасьці зрабіць гэтага ня ўдасца, то туды будуць прызначаныя каардынатары.
XS
SM
MD
LG