Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінаіда Ганчар: “Гэта няпраўда, якую ўлады паўтараюць ужо шмат гадоў”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Няпраўдай назвала Зінаіда Ганчар зьвесткі пра тое, што крымінальная справа аб зьнікненьні яе мужа Віктара Ганчара нібыта зноў адноўленая “ў сувязі з новымі абставінамі”. Паводле Зінаіды Ганчар, беларускія ўлады спрабуюць скампрамэтаваць мэмарандум эўрапейскага дэпутата Хрыстаса Пургурыдэса пра палітычныя зьнікненьні ў Беларусі.

Зінаіда Ганчар абвергла зьвесткі пра тое, што нібыта справа аб зьнікненьні яе мужа нядаўна была адноўленая ў сувязі са “зьяўленьнем новых абставінаў”. Зінаіда Ганчар спаслалася на сьледчага гарадзкой пракуратуры Сяргея Кухаронка, які пацьвердзіў ёй, што справа Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага з 2003 году не прыпынялася, а рэгулярна аднаўляецца.

Нагадаем, 24 кастрычніка пра аднаўленьне расьсьледаваньня справы Ганчара і Красоўскага ў беларускім парлямэнце заявіў дэпутат Анатоль Салаўёў. Паводле яго, пра гэта ж ён паведаміў у Жэнэве ўдзельнікам асамблеі Міжпарлямэнцкага саюзу, а ўдзельнікі асамблеі нібыта “палічылі памылковым“ выкарыстаньне вядомага мэмарандуму Хрыстаса Пургурыдэса адносна справаў зьніклых палітыкаў у Беларусі.

Ці хлусіў дэпутат Анатоль Салаўёў, калі заяўляў пра аднаўленьне расьсьледаваньня справы Ганчара—Красоўскага?

Прэсавы сакратар гарадзкой пракуратуры Алег Агафонаў не выключае, што дэпутат Салаўёў проста памыліўся. Як сказаў Алег Агафонаў для Радыё Свабода, справа нядаўна сапраўды была працягнутая, і гэта дэпутат Анатоль Салаўёў мог палічыць за аднаўленьне сьледзтва.

Між тым, беларускія журналісты, якія бралі інтэрвію ў Анатоля Салаўёва 24 кастрычніка, кажуць, што той спасылаўся на службовую таямніцу, калі адмовіўся паведаміць пра “новыя абставіны”, якія нібыта спрычыніліся да аднаўленьня расьсьледаваньня. Адкуль Анатоль Салаўёў даведаўся пра “новыя абставіны”, у пракуратуры ня ведаюць.

Датэлефанавацца да самога дэпутата Салаўёва, каб даведацца пра гэта, не ўдалося — ягоны службовы тэлефон сёньня не адказваў. Сакратарка казала, што дэпутат на вучобе.

А вось Зінаіда Ганчар лічыць, што Анатоль Салаўёў у Жэнэве невыпадкова заявіў пра тое, быццам расьсьледаваньне справы Віктара Ганчара набыло новы штуршок:

(Ганчар:) “Гэтую асамблею Міжпарлямэнцкага саюзу нашае тэлебачаньне анансавала як вялікі прарыў на Захад. Вось і трэба было нешта сказаць. І гэтая няпраўдна цягнецца з году ў год. Гэта пусканьне пылу ў вочы на такім высокім узроўні”.

Зінаіда Ганчар сказала, што ня першы раз чуе размовы пра “нейкія новыя абставіны ў справе мужа”, але ўсе яны заканчваюцца нічым.

Абаронца Зінаіды Ганчар Гары Паганяйла лічыць, што беларускія ўлады распачалі кампанію кампрамэтацыі мэмарандуму дэпутата Эўрапарлямэнту Хрыстаса Пургурыдэса, які наўпрост абвінавачвае вышэйшых кіраўнікоў Беларусі ў замаруджваньні сьледзтва ў справах зьніклых апазыцыянэраў.

(Паганяйла: ) “Гэта спроба замаскаваць сапраўдную занепакоенасьць міжнароднай супольнасьці палітычна матываванымі зьнікненьнямі ў Беларусі, нежаданьнем уладаў іх расьсьледаваць”.
XS
SM
MD
LG