Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

25 кастрычніка 1934 году прыйшоў на сьвет літаратар і перакладчык Карлас Шэрман


RFL/RL 25 кастрычніка ў гісторыі Беларусі і сьвету

25 кастрычніка ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Марцін. “Марцін сьвяты – губіцель гагаты”, -- казалі нашыя продкі. Этнограф Уладзімер Васілевіч тлумачыць, што пад “гагатой” трэба разумець патлусьцелых за лета гусей, якіх у гэты дзень смажылі або везьлі на продаж.

25 кастрычніка ў розныя гады прыйшлі на сьвет два сусьветна вядомыя кампазытары – аўстрыец Ёган Штраўс, стваральнік клясычнага венскага вальсу, і француз Жорж Бізэ, аўтар славутай опэры “Кармэн”. Таксама 25 кастрычніка пачаўся жыцьцёвы шлях знакамітага мастака Пабла Пікаса.

25 кастрычніка 1868 году ў Пецярбургу нарадзіўся Карл Грыгаровіч, вядомы беларускі скрыпач і пэдагог. Ягоныя бацькі паходзілі зь Беларусі, таму ён шматкроць тут гастраляваў. Ад 1883 году ён штогод прыяжджаў з канцэртамі ў Віцебск, а ў 1918 годзе пераехаў у горад над Дзьвіною назаўжды. Тут, у Віцебску ён быў прафэсарам народнае кансэрваторыі, часта выступаў разам зь віцебскім сымфанічным аркестрам, рэгулярна ўдзельнічаў у штотыднёвых вечарынах камэрнае музыкі, знаёмячы беларускую публіку з найноўшымі здабыткамі заходняе музычнае культуры. Карл Грыгаровіч быў слынным скрыпачом-віртуозам, тонкім ітэрпрэтатарам скрыпічнае й квартэтнае клясыкі. Памёр у 1921 годзе ў Віцебску.

25 кастрычніка 1884 году ў вёсцы Наройкі на Падляшшы нарадзіўся Сяргей Дубінскі, беларускі археоляг і гісторык. Перад першай сусьветнай вайною ён пасьпеў скончыць Пецярбурскі ўнівэрсітэт. А з 1924 году працаваў у Менску, быў сябрам гісторыка-археалягічнае камісіі, ад 1928 году працаваў у Інбелкульце, пазьней – у Акадэміі Навук Беларусі. Дасьледаваў помнікі жылезнага веку й эпохі сярэднявечча. Але працу дасьледніка спынілі сталінскія рэпрэсіі. Ягонае імя сёньня ёсьць на памятным крыжы ў Курапатах, пастаўленым у гонар расстраляных тут у 1937-м годзе беларускіх археолягаў.

25 кастрычніка 1934 году прыйшоў на сьвет літаратар і перакладчык Карлас Шэрман. Ён нарадзіўся ў Мантэвідэо ва Ўругваі ў сям''і выхадца з Заходняй Беларусі. Вучыўся ў Аргентыне, пасьля пераехаў у Беларусь. У 1989 годзе Карлас Шэрман стаў адным з заснавальнікаў і віцэ-прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру. Перакладаў на беларускую творы гішпанамоўных пісьменьнікаў, а ягоныя творы па-беларуску перастваралі Рыгор Барадулін і Васіль Сёмуха. Карлас Шэрман памёр сёлета ў сакавіку.
XS
SM
MD
LG