Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень нараджэньня Скрабцу не далі сустрэцца з роднымі (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Сваякам вядомага апазыцыйнага палітыка, кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргея Скрабца, якія спадзяваліся павіншаваць яго сёньня з 42-м днём народзінаў, адмовілі ў сустрэчы. Таму блізкія вязьня, якога па-ранейшаму трымаюць за кратамі Валадаркі, вымушаныя былі абмежавацца харчовай пасылкай.

Малодшы брат былога парлямэнтара Аляксандар гаворыць, што ў гэты дзень жадае Сяргею мужнасьці. У братоў заўсёды былі вельмі блізкія адносіны:

(А.Скрабец: ) “Маё стаўленьне ён ведае. Таму і дадаць асабліва няма чаго. Мы абодва скупаватыя на словы. Магу сказаць, што ў нас былі выпадкі, калі мы адзін аднаго з днём народзінаў наагул не віншавалі. Мы зь ім настолькі духоўна блізкія, што для нас такія рэчы, як павіншваў ці не павіншаваў, наагул ня маюць значэньня. Я магу ўвечары згадаць, а можа, і на наступны дзень сказаць Сяргею: “Слухай, я ўчора з табою двойчы размаўляў, а ў цябе ж быў дзень народзінаў”. Гэта, наагул, ня мае значэньня. Мы пасьмяемся — і ўсё”.

Паплечнік Сяргея Скрабца па дэпутацкай групе “Рэспубліка” Ўладзімер Парфяновіч жадае свайму сябру, перадусім, здароўя:

(Парфяновіч: ) “Гэта, насамрэч, сумнае сьвята для майго сябра, які верыў у тое, што ў Беларусі будзе дэмакратыя. Але пакуль вось не атрымліваецца. І многія нашы сябры сёньня знаходзяцца за кратамі. Жадаю, каб ён верыў, што недарма трымаў галадоўку, каб даказаць, што зусім не вінаваты. А ён сапраўды не вінаваты. Я ведаю гэтую справу. І ведаю тых людзей, якія ў 2001 годзе сказалі, што ён будзе сядзець, бо ня зьняў сваёй кандыдатуры з прэзыдэнцкіх выбараў. Таму вось такая справа і адбываецца”.

Жонка Сяргея Скрабца Аляксандра гаворыць, што ў сьвяточны дзень згатавала для мужа тое, што яму найбольш падабаецца: піражкі, смажаную рыбу, пірог зь яблыкаамі... І ўсяго гэтага яна нагатавала як мага болей, каб хапіла і тым тром вязьням, якія знаходзяцца ў адной камэры з былым дэпутатам. Аляксандры Скрабец, зь якой мы размаўлялі ўчора ўвечары, вельмі шкада, што ёй не давядзецца сустрэцца з мужам:

(А.Скрабец: ) “Хацелася б пабачыцца... Хацелася, каб было так, як заўжды. Сёньня — мой дзень народзінаў. І таму ў нас заўжды пачыналася сьвяткаваньне яго дня народзінаў з майго. І вось упершыню за дваццаць гадоў мы на дні народзінаў ня разам”.

* * * Сяргея Скрабца абвінавачваюць у выманьваньні крэдытаў у дзяржавы, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, падрыхтоўцы да дачы хабару. Ён быў арыштаваны сёлета 15 траўня і спачатку знаходзіўся ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары, дзе на знак пратэсту супраць незаконнага, на ягоную думку, арышту правёў галадоўку, якая цягнулася амаль сорак дзён. Суд над былым парлямэнтаром пачнецца, праўдападобна, у лістападзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG