Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці трапіць Беларусь у шэраг “касьмічных дзяржаваў”?


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Аб’яднаным інстытуце праблемаў інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук пачынае працу ІІ Беларускі касьмічны кангрэс. Цягам трох дзён навукоўцы зь Беларусі, Украіны, Расеі і Азэрбайджану будуць вызначаць прыярытэтныя кірункі ў разьвіцьці касьмічнай галіны. Паказальна, што на папярэднім кангрэсе два гады таму галоўнай задачай быў акрэсьлены вывад на арбіту спадарожніка “БелКА”. Аднак ужо вядома: з задачай навукоўцы ня справіліся – замест 5 сьнежня запуск аднесены на травень 2006 году.

Як і іншыя глябальныя праекты, беларускі космас знаходзіцца пад асабістым кантролем кіраўніка краіны. Некалькі апошніх гадоў Аляксандар Лукашэнка не стамляецца паўтараць: вывад на арбіту беларускага спадарожніка паставіць Беларусь у адзін шэраг з касьмічнымі дзяржавамі сьвету. Сёлета ў ліпені ён наведаў расейскую ракетна-касьмічную карпарацыю “Энэргія” імя Каралёва. У размове з супрацоўнікамі карпарацыі Лукашэнка прызнаўся: рашэньне аб стварэньні спадарожніка “нарадзіў” сам, але выношваў яго вельмі доўга. Вагі на карысьць апарату вырашыла ня толькі імкненьне захаваць беларускую школу, якая працавала на ўвесь савецкі космас, але ўзьняць яе яшчэ на адну прыступку.

А вось адзін зь беларускіх навукоўцаў, які браў удзел на пачатковай стадыі распрацоўкі спадарожніка, лічыць: навукоўцы, пра якіх дзяржава ўзгадвае досыць рэдка, скарыстаўшы момант, не забываюцца і пра мэркантыльныя інтарэсы. Мой суразмоўца сказаў, што, паводле каштарысу карпарацыі “Энэргія”, на праект “БелКА” з бюджэту Беларусі выдаткавана 30 мільёнаў даляраў. Аднак сродкі, на яго думку, паводле мэты пойдуць далёка ня ўсе.

(Навуковец: ) “Начыньне – так, яно будзе; безь яго ім жа нічога не “абломіцца”. Яны на гэтым якраз і спадзяюцца “пагрэць рукі”. Тоё-сёе можна ў гэтым сэнсе выкарыстаць. У нас у галіне оптыкі рэспубліка колісь лічылася прагрэсіўнай. Таму начыніць спадарожнік ёсьць чым. Атрымліваецца, з аднаго боку, яны выступілі зь ініцыятывай, знайшлі гэтых падрадчыкаў у Маскве, якія “зарадзілі” за працу 30 мільёнаў даляраў”.

Галоўнай мэтай Першага касьмічнага кангрэсу два гады таму была збольшага “інвэнтарызацыя працаў”, якія праводзяцца ў Беларусі па касьмічнай тэматыцы. Цяпер навукоўцы абмяркуюць праблемы выкарыстаньня касьмічнай інфармацыі ў сельскай, лясной, воднай гаспадарцы, вядзеньне экалягічнага маніторынгаў і г.д. І зноў жа, калі раней арганізатарам кангрэсу былі НАН і Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі, дык зараз у якасьці самастойнай адзінкі да іх далучыўся Нацыянальны савет космасу пры Саўміне, створаны ў жніўні 2003 году. Кіруе ім старшыня НАН Міхаіл Мясьніковіч.

Такім чынам, асноўныя фігуры на беларускім касьмічным небасхіле – уласна Аляксандар Лукашэнка і Міхаіл Мясьніковіч, які фармальна ёсьць куратарам беларускага космасу. Аднак калі зьяўленьне прэзыдэнта на сёньняшняй імпрэзе не анансавалася, спадар Мясьніковіч мае на кангрэс прыехаць. Гэтак жа, як і прадстаўнікі Расеі, Украіны, Азэрбайджану. Аднак што да прозьвішчаў, то да апошняга моманту пэрсанальны склад ня могуць дакладна назваць нават арганізатары. Гаворыць выканаўчы дырэктар праграмаў “Космас Саюзнай дзяржавы” ад Беларусі Аркадзь Краўцоў.

(Краўцоў: ) “Ня ведаю нават. Мы вось запрасілі, а ўжо прыедуць-не прыедуць – будзе залежыць, як іх справы дазволяць, якая ў іх асабістая занятасьць. Але мы Пятра Клімука запрасілі, таксама з “Роскосмасу” прадстаўнікі абяцалі прыехаць. У любым выпадку 25 кастрычніка а 10-й раніцы адбудзецца адкрыцьцё. А аб 11-й спэцыяльна для акрэдытаваных журналістаў будзе прэсавая канфэрэнцыя”.

Пакуль што самым значным беларускім унёскам у асваеньне касьмічнай прасторы зьяўляюцца людзі – гэта касманаўты Пётар Клімук і Ўладзімер Кавалёнак. Праўда, датуюцца камандзіроўкі на арбіту яшчэ савецкім часам і да Беларусі як пэрспэктыўнага сябра касьмічнага клюбу маюць толькі ўмоўнае дачыненьне. Пэўныя замовы, зноў жа для савецкай касьмічнай галіны, выконвалі і беларускія прадпрыемствы, аднак пасьля развалу Саюзу іх удзел у касьмічных праграмах быў мінімальны. І толькі нядаўна, пасьля доўгіх гадоў зацішша, НАН распрацавала канцэпцыю Беларускай касьмічнай сыстэмы дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі, накіраванай на патрэбы як наземнага, так і касьмічнага сэгмэнтаў. Перадусім, гэта прыём, захоўваньне і апрацоўка спадарожнікавай інфармацыі. Праўда, прымаць і апрацоўваць яшчэ няма чаго – запуск спадарожніка, нагадаю, ад сёлетняга сьнежня аднесены на травень наступнага году.
XS
SM
MD
LG