Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і нашто прапануе аднавіць у Менску паганскае капішча?


Вячаслаў Кулік, Менск Навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук лічаць магчымым аднавіць старажытнае менскае капішча. Паводле спэцыялістаў, валун “Дзед”, якому пакланяліся паганцы, трэба вярнуць на ранейшае месца як цікавы турыстычны аб’ект.

У Менску, дзе амаль два мільёны насельніцтва, толькі некалькі чалавек ведаюць месца захоўваньня валуна пад назвай “Дзед”. Між тым, гэты камень існуе ў Менску стагодзьдзі, яшчэ з паганскіх часоў. Паводле словаў археоляга Алега Трусава, нават у ХХ стагодзьдзі на менскім капішчы зьбіраліся язычнікі.

(Трусаў: ) “Ёсьць пісьмовыя крыніцы пачатку ХХ стагодзьдзя. Гэта перапіска праваслаўных сьвятароў з жандарамі. Жандары разганялі “паганцаў” – тых людзей, якія маліліся гэтаму каменю. А камень ляжаў на беразе Сьвіслачы. Да яго прыносілі розныя ахвяры: ежу, каляровыя стужкі і гэтак далей. Лічылася, што гэты камень дапамагае, калі дзяцей няма”.

Паводле загадчыка аддзелу акадэміі навук Валерыя Вінакурава, менскае капішча разбурылі ў пэрыяд падрыхтоўкі гораду да футбольнага турніру Алімпіяды-80.

(Вінакураў: ) “Ён знаходзіўся на беразе Сьвіслачы ў навакольлі стадыёна “Дынама”, там дзе сёньня рэстаран піўны. І калі будаўнікі там працавалі, яны яго закапалі. І толькі дзякуючы тэлефанаваньню, мы паехалі да будаўнікоў, узьнялі шум. Камень адкапалі, і мы на часовае захоўваньне прывезьлі яго да нас”.

(Карэспандэнт: ) “А камень тут “жывы-здаровы”?

(Вінакураў: ) “Жывы-здаровы”. Мы не паставілі шыльду, таму ніхто яшчэ ня скраў яго”.

Беларускія геолягі аберагаюць валун зь менскага капішча цягам чвэрці стагодзьдзя. “Пры занепакоенасьці цяперашняй ўлады праблемамі турызму, ў волата зьяўляецца шанец зноў атрымаць спакой на векавым месцы”, – кажа навуковец Валеры Вінакураў.

(Вінакураў: ) “Такіх капішчаў у Эўропе амаль што няма. На высьпе Руген у Германіі і ля Кіева. Наша – трэцяе, у цэнтры, у сталіцы! Вазіце! Тут язычніцтва. Тысячагодзьдзі пакланяліся мінчане. Можна вазіць і паказваць, і гэта будзе вялікая дзея”.

Прапанова беларускіх геолягаў цікавіць архітэктараў сталіцы. У прыватнасьці, начальнік аддзелу рэстаўрацыі і рэканструкцыі ўнітарнага прадпрыемства “Менскпраект” Дзьмітрый Бубноўскі лічыць магчымым вярнуць у цэнтар гораду камень, сьведку старажытнай культуры.

(Бубноўскі: ) “Маё меркаваньне, што было б найбольш мэтазгодна ўсё ж такі яго вярнуць на яго спрадвечнае месца, зь якога ён, дарэчы, быў вывезены на пэрыяд будаўнічых работ. Вярнуць і зрабіць адпаведнае добраўпарадкаваньне, якое пэўным чынам нагадвала б пра былое капішча”.

Паводле беларускіх геолягаў, на тэрыторыі краіны выяўлена больш як 200 тысяч ледніковых валуноў. Некалькі дзесяткаў іх аб’яўленыя помнікамі прыроды і ўзятыя пад ахову. Славутасьць менскага капішча гэтую прывілею пакуль не атрымаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG