Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з памочнікаў Леха Качыньскага заявіў, што палітыка новага прэзыдэнта Польшчы адносна Беларусі будзе “больш актыўнаю”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Склад адміністрацыі новага прэзыдэнта Польшчы пакуль невядомы, таму не вядома і хто будзе адказваць за замежную палітыку ў яго адміністрацыі. Аднак адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў спадара Качыньскага, віцэ-сьпікер Сэйму мінулага скліканьня і адзін з аўтараў канцэпцыі замежнай палітыкі партыі “Закон і справядлівасьць” Казімеж Уяздоўскі заявіў нашаму Радыё, што палітыка новага прэзыдэнта адносна Беларусі напэўна будзе “больш актыўнай”.

(Уяздоўскі: ) “Я спадзяюся, што замежная палітыка, якую будзе весьці прэзыдэнт Лех Качыньскі, будзе палітыкай перадусім больш актыўнай, чым палітыка цяперашяга польскага кіраўніцтва. Гэта будзе палітыка, якая будзе сыстэматычна падтрымліваць імкненьне беларусаў да свабоды”

Мы задалі спадару Ўяздоўскаму яшчэ адно пытаньне. У часе перадвыбарчай кампаніі Лех Качыньскі казаў, што гатовы пайсьці “на больш радыкальныя крокі, чым толькі забарона на ўезд на польскую тэрыторыю удзельнікам ваўкавыскага зьезду Саюзу палякаў Беларусі. Ці не маглі б Вы падрабязьней расказаць нашым слухачам пра гэтыя “больш радыкальныя крокі”?

(Уяздоўскі: ) “Гэта пытаньні да спадара прэзыдэнта Качыньскага. Я глыбока перакананы, што замежная палітыка сапраўды глыбока, грунтоўна зьменіцца, у тым ліку, безумоўна, і ў той яе часты, якая тычыцца Беларусі. Але больш падрабязна на гэтую тэму можа выказацца толькі прафэсар Качыньскі – я не магу гаварыць ад ягонага імя”.

Сказаў у інтэрвію нашаму Радыё адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў новага прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага, віцэ-сьпікер Сэйму мінулага скліканьня і адзін з аўтараў канцэпцыі замежнай палітыкі партыі “Закон і справядлівасьць” Казімеж Уяздоўскі. Партыю “Закон і справядлівасьць” разам з братам Яраславам стварыў Лех Качыньскі і ад яе ён балятаваўся на пасаду прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG