Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое прэмія імя Барыса Кіта?


Валер Каліноўскі, Менск Арганізацыя Беларуска-нямецкія сустрэчы на сваім чарговым паседжаньні ў Менску сёньня ўганаравала прэміяй імя Барыса Кіта беларускага паэта і грамадзкага дзеяча Сяргея Законьнікава. Імпрэза праходзіла ў памяшканьні Мэдычнага музэю ў Менску, на ёй прысутнічалі вядомыя літаратары, мастакі, навукоўцы, людзі, якія спрычыніліся да наладжваньня беларуска-нямецкага дыялёгу, а таксама асабістыя сябры Барыса Кіта. Пра ляўрэата, прэмію і чалавека, чыё імя яна носіць, паведамляе наш карэспандэнт.

Прэмія заснаваная ў 2001 годзе грамадзкай арганізацыяй Беларуска-нямецкія сустрэчы. Як прызнаў сёньня нямецкі амбасадар Марцін Хэкер, гэтая арганізацыя пад кіраўніцтвам прафэсара Вольнага ўнівэрсытэта Бэрліна Ёганэса Шлётца вельмі шмат робіць для наладжваньня сувязяў паміж беларускімі і нямецкімі навукоўцамі, студэнтамі і творчымі людзьмі, дзеля справы яднаньня двух народаў.

Менавіта гэтае аб’яднаньне правяло прэзэнтацыю ў Беларусі нядаўна знойдзенай нямецкім славістам Норбэртам Рандаў Бібліі Францыска Скарыны. А цяпер кіраўнік арганізацыі Ёганэс Шлётц шукае якасныя віялянчэль і скрыпку для двух таленавітых маладых беларускіх музыкаў, якія нядаўна выступалі ў Нямеччыне...

Прэмія Беларуска-нямецкіх сустрэчаў носіць імя Барыса Кіта. Гэта рэдкі выпадак, калі прэмія названая імем жывога чалавека, але справа ў тым, што Барыс Кіт сам спрычыніўся да яе заснаваньня, у тым ліку і матэрыяльна.

Апошнія дзесяцігодзьдзі гэты слынны беларус жыве ў нямецкім Франкфурце-на-Майне і бярэ актыўны ўдзел у дзейнасьці гэтай арганізацыі. Выкладчык і дырэктар даваенных Віленскай і Наваградзкай беларускіх гімназіяў Барыс Кіт па вайне эміграваў у ЗША, дзе ён зьдзейсьніўся як навуковец, удзельнік касьмічных праграм Злучаных Штатаў, адзін з вынаходнікаў формулы ракетнага паліва. Сёлета Барыс Кіт адзначыў 95-годзьдзе.

Гаворыць дасьледчыца жыцьця і дзейнасьці Барыса Кіта пісьменьніца Лідзія Савік:

(Савік: ) “І сёньня, на 96-м годзе ў яго такі сьветлы розум, такая сьветлая памяць, ён распавядае столькі цікавага, што я іншы раз кажу, што пра вас можна пісаць не адну кнігу.”

Пра Барыса Кіта ўжо напісана некалькі кніг. Васіль Быкаў, які пазнаёміўся з Барысам Кітом у апошні пэрыяд свайго жыцьця, калі быў у Франкфурце, таксама захапіўся ягонымі аповедамі, запісаў іх ды падрыхтаваў кнігу.

Упершыню гэтая кніжка ўспамінаў выйшла ў часопісе “Полымя”, якім тады кіраваў сёньняшні ляўрэат Сяргей Законьнікаў, зусім незадоўга да ягонага звальненьня. У тым “Полымі” Васіль Быкаў упершыню публікаваў усе свае творы. Зараз, пасьля звальненьня Сяргея Законьнікава, як з сумам канстатаваў пісьменьнік Уладзімер Арлоў, ніхто зь лепшых літаратараў Беларусі ў “Полымі” не друкуецца…

Сяргей Законьнікаў назваў шчасьцем тое, што яму асабіста ўдалося пазнаёміцца з Барысам Кітом, які ў неспрыяльных умовах зьбярог павагу і любоў да Беларусі:

(Законьнікаў: ) “Тры гады назад мы з ім у Франкфурце-на-Майне танцавалі Лявоніху на тратуары, і нямецкія фрау аглядаліся на гэтых двух дзівакоў, але глядзелі так прыязна”.

Ёганэс Шлётц, кіраўнік Беларуска-нямецкіх сустрэчаў паведаміў, што цяпер ён актыўна абмяркоўвае з Барысам Кітом пляны супрацоўніцтва на наступныя 10 гадоў, гэта значыць, пасьля 100-гадовага юбілею, і што спадар Кіт зь вялікай цікавасьцю вядзе гэтыя перамовы.
XS
SM
MD
LG