Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч – за рэфэрэндум супраць перайменаваньняў праспэктаў


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня на паседжаньні палітычнай рады дэмакратычных сілаў была зацьверджана стратэгія кампаніі адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча. Таксама на сёньняшняй палітрадзе ўхвалена рашэньне падаць у Менскі гарвыканкам сьпісы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў правядзеньні рэфэрэндуму ў справе перайменаваньня менскіх праспэктаў.

З дакладам па стратэгіі на палітрадзе выступіў намесьнік старшыні АГП і сябра цэнтральнага штабу адзінага кандыдата Аляксандар Дабравольскі. Ён зважае на асноўныя рысы стратэгіі.

(Дабравольскі: ) “Мы зыходзілі з таго, што ў Беларусі, на жаль, палітычныя пытаньні, якія тычацца ўлады, вырашаюцца не на выбарах. У Беларусі даўно ўжо не было свабодных і справядлівых выбараў. І таму, для таго, каб адбыліся нармальныя выбары ў Беларусі, патрэбен грамадзянскі ціск, каб патрабаваць гэтага.

Каб арганізаваць гэты грамадзянскі ціск, трэба зрабіць розныя дзеяньні. Павінны ў гэты час быць і масавыя дзеяньні. Грамадзтву павінна быць прад''яўлена паўнавартасная альтэрнатыва. Вось гэта пасьлядоўнасьць дзеяньняў выклікае яшчэ тры кампаніі – агітацыйную, другую, гэта кампанію грамадзкай мабілізацыі і трэцюю – гэта кампанію тлумачэньня людзям наступстваў, калі перамены не адбудуцца”.

Таксама сёньня на паседжаньні палітрады дэмсілаў была зацьверджана структура Нацыянальнага камітэту. Паводле Анатоля Лябедзькі, яна даволі простая, але эфэктыўная і дзеяздольная. Гэтая структура прадугледжвае ўтварэньне прэзыдыюму Нацыянальнага камітэту. Яго колькасны і пэрсанальны склад будзе залежыць ад вызначаных накірункаў дзейнасьці.

Сябра прэзыдыюму будзе курыраваць адзін з накірункаў. Прадугледжваецца таксама стварэньне працоўных групаў. Нацыянальны камітэт будзе мець таксама сваю групу дарадцаў. Праз тыдзень мяркуецца вызначыць пэрсанальны склад Нацыянальнага камітэту. Тлумачыць яго старшыня Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Мы прапанавалі пашырыць плятформу, якая была прынятая кангрэсам. У ёй пакуль няма адказу на шэраг такіх надзённых пытаньняў, якія цікавяць людзей. Сёньня прапанаваны адзін з варыянтаў, распрацаваны Багданкевічам. Усе пагадзіліся, што гэта слушная ідэя, што трэба дапрацаваць плятформу канкрэтыкай. Па-другое, мы падрыхтавалі праект звароту ў Вэнэцыянскую камісію, каб была зроблена юрыдычная, правая экспэртыза – ці можа грамадзянін Лукашэнка балятавацца падчас прэзыдэнцкай кампаніі? Я думаю, што пад гэтым дакумэнтам будуць стаяць подпісы вядомых юрыстаў, экспэртаў. Мы за тое, каб скіраваць гэты дакумэнт выключна ў прававую, юрыдычную плоскасьць".

На сёньняшняй палітрадзе ўхвалена таксама рашэньне падаць у Менскі гарвыканкам сьпісы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў правядзеньні рэфэрэндуму ў справе перайменаваньня праспэктаў Скарыны і Машэрава.
XS
SM
MD
LG